Выбрать главу

— Швагрок, будзь добры, памажы ўнесьцi… Яхiмка, ты таксама… — прасiў Пракоп.

На покуцi пад абразамi ў хаце саставiлi дзьве лавы, паклалi сяньнiк i падушку i ўнясьлi нябожчыцу. Росламу, плячыстаму, дабразычлiваму да людзей парабку Лазоўскага Яўхiму ня рупiла ехаць назад. Ён прывязаў ля плоту каня, падкiнуў яму сена, узяўся палiць i гутарыць зь мяйсцовымi.

Кацярына бралася арганiзаваць жанок, каб памыць i апрануць нябожчыцу-сястру. Пракоп раiўся з Алесем, дзе ўзяць дошкаў на дамавiну, каго папрасiць, каб зрабiў яе, хто-б мог выкапаць дол на могiльнiку й iншае. Перад хатай не суцiхаў гоман. Людзi не разыходзiлiся, а яшчэ больш iх прыбывала. Дзялiлiся ўсiмi дробязямi аб трагэдыi ў лесе, прыгадвалi ўсё добрае аб Алене й лiхое аб лясьнiку.

— Калi-б ты, швагрок, — гаварыў Пракоп Алесю, — i твая Кацярына дагледзiлi-б тут усё, дык мне трэба было скочыць да папа, каб заўтра прыйшоў…

— Добра, я тутака буду глядзець, бяжы, — згадзiўся Алесь.

— Ды й Чарнулю трэба было-б падаiць, — прыгадаў Бахмач. Ён убачыў Мiколу, што стаяў ля парогу, мяркуючы, мусiць, дзе цяпер яго мейсца. — Ты падоiш, Мiкола?

Пакуль той здолеў адказаць, выперадзiла яго Кацярынiна дачка Надзя:

— Я, дзядзечка, падаю.

— Добра, дачушка, ты зробiш, — сказала ёй мацi.

Раўнамерны гоман на двары раптам сьцiх. Тыя, што стаялi перад знадворнымi дзьвярмi ў сенцах, выглядалi навонкi.

— Палiцыя прыехала, — пачулася знадворку й перадавалася з адных вуснаў у другiя аж у хату. У галасох чулася трывожная цiкаўнасьць.

— А гэта-ж якi чорт iх прынёс…

Не пасьпеў Алесь даказаць сваё, як у хату, са стрэльбамi на плячох, увайшло двух: адзiн чарнавусы маладжавы Вадзiмскi й другi, пажылы, Мэндлiк.

— Пахвалёны Езус Хрыстос, — сказаў грубым басам Мэндлiк.

Нiхто яму не адказаў. Людзi насьцярожылiся, пiльна сочачы прадстаўнiкоў улады. Пракоп стаяў побач швагры пасярод хаты. Твар ягоны ўсё яшчэ быў ў крывi. Палiцыянты, убачыўшы гэта, зьбянтэжылiся. Глухое маўчаньне нiчога добрага ня весьцiла.

— Пане Бахмач, мы маем да вас пару пытаньняў. Пан Бжончэк замэльдаваў нам у пастарунак палiцыi панствовай, што вы напалi на яго ў лесе й што ён, у вабароне… — пачаў гэтак Мэндлiк гаварыць да Пракопа.

У Бахмача дрыжыкi прабеглi па целе, моцна да болю сьцiснулiся песьцi.

— Вон! — выбухнуў ён голасна, коратка й адрывiста. — Каб вашага сабачага сьледу тут ня было! Жонку забiлi й яшчэ цяпер тутака мне на вочы асьмелiлiся паказацца! Вон!

Здавалася, што прытаiўся ўвесь сьвет, чакаючы далейшага. У гэну хвiлiну Пракоп запраўды быў страшны. Выглядала, што гатовы быў з голымi рукамi кiнуцца на гэтых азброеных нозьбiтаў «владзы панства польскага», душыць iх кляшчамi рук, аж пакуль сьсiнеюць у перадсьмяротных уздрыгах мяккiя панскiя шыi.

Алесь схапiў Пракопа за руку. Бахмач увесь калацiўся.

— Паночкi, цi-ж вы ня вiдзiце, што тут у нас? Уважце хаця нябожчыцу, калi вы ў Бога верыце, — плаксiвым голасам прасiла Кацярына.

— Вон з маёй хаты кажу! — ня сунiмаўся Пракоп.

— Чакай, пане, чакай, — адкрыў рот Вадзiмскi.

— Страляйце й мяне, вы душагубы!

Iз такiмi словамi Пракоп вызвалiўся ад Алесявай рукi й зрабiў крокi два наперад. Вiдаць, што дзеяў, пабуджаны высокiм эмацыянальным напружаньнем, гатовы кiнуцца на Палякоў. Вочы яго, здавалася, набеглi чырваньню. Апроч гэтых двох у чорнай вопратцы, ён нiкога цяпер навокал ня бачыў. Янук сачыў бацьку iзь цiмалай трывогай i — сам аб гэтым ня ведаючы — захапленьнем. Гэта быў зусiм новы чалавек. Цэлы век перад iншымi гнуў сьпiну, цяперака яе выпрастаў, iшоў вялiкi й жахлiвы ў сваёй злосьцi, наважаны за глоткi схапiць нозьбiтаў зьненавiджанага чужога ладу.

Казалi пасьля людзi, што, калi-б у той час з боку палiцыi была якая, хоць найменшая, правакацыя, нiхто Пракопа не ўтрымаў-бы Палiцыянты гэта спасьцераглi й вомiг зразумелi. Яны бяз слова перазiрнулiся, мусiць, узялi пад увагу варожасьць сабранага народу й цiшком пацiснулi за дзьверы. Адно Мэндлiк, азiрнуўшыся, кiнуў цераз плячо:

— За пару дзён, пане Бахмач, прыйдзi на пастарунак. Трэба сьледзтва правесьцi…

Бахмач тросься сярод хаты.

— Каб ты па пекле ракам хадзiў, як я да цябе пайду! — кiпеў ён.

XII

У гэны нядзельны вечар настаяцель дубовiцкае парахвii, да якой належала вёска Лiтоўцы, сьвятар Абухаў прыймаў у сваiм доме гасьцей. Ягоны сусед сьвятар Пцiчкiн прыехаў iз сваёй сьвятаршай рана папаўднi, гадзiнаў пару пасьля набажэнства ў сьвятынi. Часта заглядаў да Абухава Пцiчкiн, а гэты да яго. I ў гэты дзень, як заўсёды, рады былi сустрэцца.

Пасядзелi, пагаманiлi, дзелячыся сьвятарскiмi й сямейнымi навiнамi, пад вечар пайшлi ў царкву, дзе супольна адбарабанiлi вячэрню. Ужо пры выхадзе iзь сьвятынi пачуў сьвятар Абухаў найсьвяжэйшую навiну, прынесеную невядома кiм зь Лiтоўцаў у Дубовiчы, — аб тым, што сяньня ў скарбовым лесе лясьнiк Бжончэк забiў лiтоўскую жанчыну.

Цi раз хвалiўся Абухаў, што ён «заботiлся о своей пастве». Таму й цяпер тую парахвiянку, што перадала яму вестку, умела пацягнуў за язык, каб усю драбязу выпытаць. Дзялiўся пасьля гэтай навiной iз сваёй сьвятаршай i з гасьцямi, а сам адно мяркаваў, што рабiць, калi на хаўтуры яго паклiчуць.

Не ўсьмiхалася сьвятару Абухаву падарожжа для гэтай сваеасаблiвай «заботы о пастве» ў Лiтоўцы. Сваеасаблiвай яно, згодна сьвятаровай лёгiкi, мела быць таму, што тут у два бакi глядзець даводзiлася. Трымаўся той жыцьцёва апраўданае бiблiйнае праўды, што трэба аддаць «цэзарава цэзару, а божае Богу». Тутака-ж, здавалася Абухаву, божыя й цэзаравы iнтарэсы былi ў калiзii. I як тады знайсьцi бясьпечную сярэдзiнку, а калi нельга, то як быць?

Папершае, гэты мужык з кабетай хадзiлi ў лес зьбiраць ягады ў нядзелю. Значыцца, ня толькi сьвятар Абухаў, але самы звычайны сьмяротнiк ведаў, што так рабiць мог адно сьвядомы грэшнiк. Каму як каму, а такiм людзям сьвятар Абухаў нiколi не даваў спуску.

Падругое, тут быў замешаны «цэзар» — значыцца, польская ўлада. Як-нi-як, гэны лясьнiк быў дзяржаўным ураднiкам, сачыў за дзяржаўным майном, выконваў свае абавязкi. Жанчыны, напэўна, дарма не застрэлiў. Мусiць тутака — разважаў далей Абухаў — цi ня сам Бог рукой гэтага лясьнiка пакараў грэшнiка.

Прыйшоўшы да такiх першапачатных, усiм як сонца ясных i незапярэчаных «iсьцiнаў», Абухаў працягваў разважаць далей. Можа, Палякi й нiчога не сказалi-б, калi-б ён, з духоўнага абавязку, паехаў хаваць застрэленую жанчыну. З другога боку — хто iх ведае? Напэўна, касурылiся-б на яго. А таго, каб каму з польскiх ураднiкаў, хаця найменшаму, наступiць на балючы мазоль, сьвятар Абухаў якраз найбольш высьцерагаўся. Ды гэта было прост-напраст жыцьцёва неабходным.

Абухаў ведаў, што парахвiяне яго, як чужнiка, ня любяць. Калi мае сяньня гэтую вялiзарную парахвiю, да якой аж шэсьць вёсак належыць, — такi надта смачны кавалачак на зайздрасьць усiм вакольным сьвятаром — дык гэта, вядома-ж, ня дзякуючы мяйсцовым сялянам. Тутака трэба польскiм уладам у ня меншай меры, чымся царкоўным, дзякаваць за гэта. Дзiва, што гэтым уладам у руку прыяў. Адно апошнi дурак на яго мейсцы йнакш рабiў-бы.

Вазьмiце хаця-б гэны загад мiнiстра асьветы й духовай апекi аб увядзеньнi польскае мовы ў праваслаўных цэрквах i пры навучаньнi рэлiгii ў школах. Iншымi сьвятарамi загад быў зь незадавальненьнем прыняты. Крывiлiся, ацялюгiвалiся, направа й налева аглядалiся, адвалакалi, варожачы, як рабiць, ажно прыйшоў другi, бязь нiякiх недаказаннасьцяў, напамiнак. Але не Абухаў. Ён наперад выскачыў, адразу з «усердзiем» узяўся. I розум меў, як неўзабаве выявiлася. Яго на вока ўзялi, добрым словам прыгадалi, у прыклад iншым паставiлi. Вось што далёказорнасьць i ўслужлiвасьць значыць. Выйдзi ты каму насустрач, дык выбягуць напярэймы й табе. Аб тым, што розныя славянiзмы ў польскiм перафразаваньнi гучэлi брыдка й шурпата для вуха, Абухаў найменш турбаваўся. Бог зразумее, у чым справа.

Аж у пяцi вясковых школах вучыў Абухаў «закон божы». Лiшня гаварыць, што за гэтае навучаньне ў кiшэню ягоную падарожнiчалi не такiя ўжо дробныя манэты. А вазьмi зямлю ягоную: пяцьдзясят гактараў на мяйсцовыя ўмовы, дзе зямлi была вялiкая галадоўка, гэта табе нi хаханькi. Ды якой зямлi! У каго як каго, а на ягоных нiвах азiмiна цi ярына, як мяйсцовыя казалi, «трубой вярнула», бульба як павар'яцеўшы расла, лён — як на глум усiм зайздросьнiкам, сенажаць столькi сена давала, што хоць ты iм завалiся, не гаворачы ўжо аб садзе, за арэнду якога ад Жыда штогод найменш тысячу злотаў браў. Трымаў шмат кароў, сьвiнньяў, авечак, коней зь пяцёра адпасеных i як зьвяроў дужых. Трох парабкаў i тры служанкi меў; на жнiво, сенакос, выбiраньне бульбы й iншае наймiтаў браў. Жылося сьвятару Абухаву добра, што й гаварыць. I не мяйсцовым людзям гэта заўдзячваў. Каб iхная воля была, чаго добрага, падзялiлi-б-расьцягалi ягоную гаспадарку не агледзеўся-б калi.