Выбрать главу

Першыя, вядома, праўду казалi. Перад тым, пакуль каму цану за вянец, хрысьцiны, паховiны цi што iншае засьпяваць, Абухаў намагаўся разьведаць пра матар'яльны стан чалавека, а тады ўжо сваё вымагаў. Браў, такiм чынам, не за паслугу, а паводля прынцыпу — колькi ўдасца зьдзерцi. Безумоўна, у яго быў свой мiнiмум, што мусiў узяць незалежна ад таго, цi чалавек меў чым плацiць, цi ў яго дзеткi ў хаце ўпрогаладзь сядзелi.

Калi йшло пра вянцы, дык поўбяды тут было. Людзi маладыя, жэняцца, весяляцца, новае жыцьцё пачынаюць будаваць. Калi й лiшняе ад iх возьмеш, дык яны-ж маладыя, заробяць, нiдзе ня дзенуцца. Найбольш балюча давалiся ўзнакi людзям сьвятаровыя ўзяткi за хрышчэньнi й паховiны. Нараджэньне й сьмерць два асноўныя й непазьбежныя працэсы йснаваньня. Людзi родзяцца i ўмiраюць, наперад не разьведаўшы, цi будзе чым за сьвятарову паслугу заплацiць.

Гэткая жыцьцёвая сьвятарская этыка Абухава выцякала зь ягоных маральна-духовых нормаў. Чалавек лiчыў, што яму, як адданаму «слугу божаму», больш чым каму iншаму розных матар'яльных дабротаў належылася, што ён за свае паслугi й так бярэ надта сьцiпла, што калi ў «мужыка» будзе замнога, дык i так прап'е цi пусьцiць куды ня трэба. Наапошку-ж, ужо хто як хто, а ён — «духоўны пастыр», спажыве рознае дабро якраз шмат разумней за iншых i якраз так, як трэба Богу.

Надта-ж вымоўным быў выпадак, калi Абухаў аддаў сваю старэйшую дачку замуж. Ужо на другую нядзелю пасьля вясельля, калi скончыў Сьвятую Лiтургiю ў царкве, iз крыжам у руках хвалiўся сваiм парахвiянам, што дачцэ ў пасаг дзесяць тысячаў злотых даў. Калi-б сьвятару давялося спажыць адно палову таго, што яму ў гэны час, чуючы пра пасаг, сулiлi ў сваiх думках парахвiяне, пэўна, на вякi вечныя зь пеклам не разьвiтаўся-б.

XIII

Вялiкая лямпа гарэла над шырозным столам, застаўленым рознай емiнай. На самым пачэсным мейсцы стаяла больш чым напалову выпiтая лiтровая пляшка гарэлкi, папулярна званая манаполькай. Праз адчыненыя дзьверы з кухнi чуваць было шыпеньне самавару.

Сядзелi за сталом даўно. Было iх чацьвёра: Абухаў i Пцiчкiн iз сваймi сьвятаршамi. Абухава была таўсьцейшая за госьцю, азызлая ў твары, павольная ў рухах, голасная ў гамонцы. Пцiчкiна была старэйшая за яе, больш гаваркая, часьцей сьмяялася. Лысы, як калена, дробны ў твары, з малой сiвой бародкай, Пцiчкiн часта папраўляў i стрымлiваў у гаворцы жонку.

Дзесьцi з-за сьцяны з другога боку калiдору далятала графонная мэлёдыя й гучныя вясёлыя галасы. Там сьвятаранка забаўляла сваiх наведвальнiкаў.

— Маша! — гукнула Абухава ў кухнi служанку.

— Што, матушка? — пачуўся адтуль нiзкi жаночы голас.

— Ты доўга будзеш там з эцiм самаварам важдацца?

— Сiчас гатоў, матушка!

У гэны час нехта пастукаў у пярэднiя дзьверы.

— Маша, не слышыш? Хто-та ў дзьверы стучыць. Iдзi-ка пасматры, — зноў усхадзiлася Абухава.

Праз пару хвiлiн у дзьвярох сталовага пакою зьявiлася худаватая, старэйшая векам, служанка.

— То да вас, бацюшка, чалавек.

— Скажы яму, штоб абаждаў у этай комнаце, знаеш дзе, — загадаў лянiвым голасам Абухаў, зусiм не таропячыся зь мейсца. — Верна, эты с Лiтоўцаў.

— На пахарон? — спытаў, каб упэўнiцца, Пцiчкiн.

— Так чаму-ж ты ня йдзеш пагаварыць зь нiм? — спанукала Абухава.

— Пусьць мiнут с дзесяток падаждзёт. Ты iм наўстрэчу тарапiсь, так анi падумают, што табой уладзеюць, — адказаў, пазяхаючы, сьвятар.

Ужо колькi хвiлiн сядзеў Пракоп у пакоiку. Здавалася яму, што жыцьцё цяперака спынiлася, усё нутро ягонае ахутала нейкая цямнота. Па тым мосьце, на якiм стаяла ўсё тое, што дагэтуль прыдбаў у жыцьцi, раптам трэснуў пярун. Вада падхапiла й панесла ашчэпкi мосту, а сам ён апынуўся па шыю ў разбушаваных хвалях. Тымчасам нясьведама, адно iнстынктоўна рухаў рукамi й нагамi, каб утрымацца на паверхнi, зусiм не патануць. Хвалi мiналi Пракопа, а ён зусiм не намагаўся, каб выкарыстаць тую плынь. Гэны пярун, што разбурыў Пракопаў мост, быў Бжончыкаў стрэл у лесе. Нешта тады абарвалася ў глыбi Пракопавай iстоты. Згубiўся жыцьцёвы балянс. Хвалi намагалiся праглынуць яго.

Ужо раз даў належны iм адпор. Гэта-ж прыйшлi былi ў ягоную хату й хацелi ад яго Бог ведае чаго. Перш замардавалi жонку, а тады, мусiць, цi не прабавалi тлумачыць яму й iншым сялянам, што гэта ён, Пракоп, напаў на Бжончка й што гэны бедны лясьнiк, калi баранiўся, дык забiў Бахмачыху.

Пракоп гэных людзей не спалохаўся й даў iм адбой. У вачох мiгацеў пазалочаны арол — сымбаль чужога ладу. Да таго-ж было ўзбушавала ў грудзёх, што нозьбiтаў нялюбае птушкi вытурыў за дзьверы.

А пасьля… Што-ж пасьля? Усё яно йшло-паўзло, як быццам увосьнi, у густой iмгле. Ледзь-ледзь распазнаваў Пракоп зарысы навакольнае мiтусьнi, што называлася йснаваньнем, ды так брыў некуды наўгад. У гэных зарысах найбольшае й цантральнае мейсца займала мёртвая постаць найбольш любай i дарагой сяброўкi.

I цяпер ён вось тут, у сьвятаровым пакоi. Ведаў, чаго прыйшоў. Сядзеў як зьдзервянелы, чакаў. Там дзесьцi за сьцяной чуваць былi звонкiя галасы й рогат моладзi. Хрыпеў-задыхаўся нейкi голас у сiпатай грамафоннай трубе. Што да iх Пракопу? Яны для яго як-бы не за сьцяной, па суседзтву, а на другiм канцы сьвету былi. Якая-ж цяпер вялiзная продань мiж тым, што адбывалася ў ягоным сэрцы й тым, што навокал. Зь iншага пакою даляталi мужчынскiя й жаночыя галасы, бразгат судздзя. Там ядуць цi што — Пракоп не прабаваў угадваць.

Пракоп быў зусiм абыякавы да таго, што адбывалася навокал. Нават, каб хто прыйшоў, узяў за руку ды сказаў: лезь вунь, Пракоп, праз гэнае вакно, — бяз одуму палез-бы.

Вочы яго ўжо каторы раз затрымлiвалiся на нечым сьветлым, што ляжала на падлозе ля парогу. Цi ня белае гэта што? А мо, яно толькi некалi было белае? Цяперака такое затаптанае, завэдзганае, што цяжка гадаць пра колер. Рызман, мусiць, нейкi. Пракоп пацiкавiўся й пачаў разглядаць пры млявым сьвятле малой лямпы. На гэтай вялiкай шмаце, што служыла дзяружкай пад ногi, пачаў адрозьнiваць нейкiя павышываныя каляровыя ўзоры. Былi яны якраз такiя, якiмi вясковыя жанчыны цi дзеўкi аздабляюць ручнiкi, настольнiкi, кашулi. — «Гэта-ж, мусiць, i будзiць вялiкi ручнiк», — мяркаваў Пракоп.

I тады прыгадаў: людзi цi адзiн раз гаварылi, што Абухаў ручнiкамi й посьцiлкамi падлогi ў хаце засьцiлае. А Божа-ж мой! Можа, каторая парахвiянка прынесла ў царкву, каб на якi абраз павесiў. I ягоная-ж нябожчыца Алена цi раз ручнiкi ўзорамi вышывала ды ў царкву дарыла. Ды цi толькi адны ручнiкi. А гэта вось пад нагамi адзiн мо якраз i быў Аленiн. Божа-ж ты мой! Пракоп аж жахнуўся, разважаючы такую магчымасьць, што вось перад iм ля сьвятаровага парогу, завэдзганы гразёй, вышываны можа рукамi нябожчыцы ручнiк.

Цi-ж не памятае ён, зь якой руплiвасьцю, стараннасьцю й адданасьцю папацела яна, вышываючы, як прыгожа й памастацку пад ейнымi спрактыкаванымi пальцамi расьлi, расьлi й зацьвiталi тыя палатняныя нiтачныя васiлькi? Гэта-ж нi для каго iншага, а для самога Бога рабiла яна. Думала, мусiць, што праца ейная аздабляць будзе вобраз Стваральнiка цi iншага сьвятога дзе на якiм абразе. А тутака, на табе! А колькi-ж такiх ручнiкоў, цi iншага, вытканага працавiтымi мазольнымi рукамi сялянкаў было ў iншых сьвятаровых пакоях пад нагамi? Дык вось як ён шануе працу пабожных парафiянак!

Цяжкiмi крокамi на калiдоры зарыпела падлога, i ў дзьвярох вырасла мажная, аздобленая чорнай барадой, постаць Абухава.

— Ты ка мне? — спытаў сьвятар.

— Га? — ускочыў Пракоп з крэсла iз прашмуляным цыраватым сядзеньнем.

— Я спрашываю: ты ка мне? Што з табой?

Абухаў выглядаў, быццам устаў ад доўгага «чаепiцiя». Нос i твар былi чырвоныя, вочы памутнелыя ад гарэлкi. Цi раз бачыў Пракоп гэтыя вочы ў царкве пры алтары. Тады яны былi йнакшыя — куды прыемнейшыя; можа, таму, што да Бога ў высi падносiлiся. Цяперака-ж як-бы шукалi й не знаходзiлi апоры, быццам ня ведалi, на чым iм затрымацца й цi затрымацца наагул. Бегалi-коўзалi па Бахмачу й нейдзе воддаль ззаду за iм.