Палiцыянты паехалi, праводжаныя галасьлiвым брэхам сабак.
IV
Надта-ж высака хадзiла цяпер над Лiтоўцамi летняе сонца. Здавалася, што намагалася зазiрнуць у кожны агарод, што ў засенi прысадаў, абгледзець з усiх бакоў гарбатыя й простыя саламяныя стрэхi, палiчыць колькi на каторай сабачых грыбоў вырасла, на iншых — зялёны мох падсушыць.
Касавiца даўно скончылася. Каласiлася, налiвалася й сьпела жыта. Вясковы каваль Андрэй, смокчучы празь вiшнёвы муштук кручаную папяроску, пацеў пры гарне: аднаму аднавiць-навастрыць серп трэба, iншаму яшчэ што. Пад саламянымi стрэхамi прыцiхла ўжо гамонка пра Бахмачоў i панскiя ўлады, што гэтым разам з прычыны замардаваньня Алены так доўга ўва ўсiх на воку былi. Кожны ад усходу да захаду сонца працаваў цi то ўдома, цi ў вакольных паноў i асаднiкаў. Рупiлiся лiтоўскiя сяляне, каб упару за кажную новую летнюю работу ўзяцца, каб не перасохла, не абсыпалася. А пагода як на замову трымалася. Не агледзелiся, як i жыта дасьпела.
Зажыналi найперш тыя, у каго збожжа на пяскох было. У хвасьце Пракопавай нiвы побач iз Бахмачом стаялi Кацярына й Надзя. Перахрысьцiлiся. Кацярына колькi разоў махнула сярпом. Рэдкiя чэзлыя сьцёблы рассыпалiся мiж спрацаваных жаночых пальцаў.
— Тутака надта ня ўжнеш, — уздыхнуў Пракоп, кiнуўшы вокам на неўрадлiвую пяшчаную нiву, а пасьля на блiзкiя могiлкi. Думкамi быў ён там. Рука, што зажынала кожны год, супачыўшы на грудзёх, нiколi больш не падыме сярпа.
Кацярына згарусьцiла першы снапок, адклала набок. Вечарам стане ён пад абразамi на покуцi Пракопавай хаты. Два пасмы жыта накрыж паклала на йржышчы, а на iх — прынесены з хаты кавалак хлеба й солi.
— Ну й памагай, Божа! — сказалi жняцы.
Сярпы ўзялiся зьбiраць рэдкiя сьцёблы, якiя прагавiта хапалi левыя рукi. Даволi-ткi многа трэба было жаць, каб на сноп сабраць.
— Тутака надта ня ўжнеш, — бурчэў iзноў Бахмач. Прыгадаў усе даўгi, што сплачваць трэба. У ягоным уяўленьнi зноў пустэчаю сьвяцiлася ля Каляд засекi, а ён — iзь мяхом, як i раней, — у пазыкi.
Вечарам таго самага дня сказаў Пракоп Мiколу ў дварэ:
— Ты канчай тут работу, а я зьбегаю ў пуню ахапак мурагу кабыле прынесьцi, а то зямлю цэлы дзень грызець.
Зайшоўшы ў пуню, старанна павыграбаў драбнейшы мурог ля памостаў, узяў з застаронку й натаптаў поўны кош. Павесiў граблi на шуло, ды стаяў у расчыненых варотах, прыглядаючыся, што дзе робiцца ў вёсцы.
Бахмачова пуня стаяла воддаль ад хаты й вышэй за дно лiтоўскай лагчыны, дык адгэтуль добра бачныя былi лiтоўскiя хаты ў далечы. У двары солтыса Паўлоўскага, якога гаспадарка была ад Пракопавай за чатыры хаты, сам «дзiравы шляхцiц» гаварыў зь нейкiм мужчынам. Бойкiм голасам, размахваючы рукамi, нешта даводзiў таму чалавеку, якога Бахмач здалёк ня мог распазнаць. Наставiў вуха, каб ухапiць якое слова, але дарэмна. Шматлiкiмi галасамi перашкаджала вясковая курыная сям'я, на цэлыя свае зяпы расхадзiлiся нечага лекаравы гусi, адзывалiся па дварох каровы да сваiх цялятаў, рыпелi асьверы, гаманiлi многа дзе пагаспадарлiваму людзкiя галасы.
Далёка ляцела рэха гэтага вячаровага жыцьця. Бахмач мяркаваў, што заўтрашнi дзень народзiцца ня менш прыгожым, чым сяньняшнi, што ўжо пагасаў. Пракопаў нос насалоджваўся водарам сьвежага мурагу, зёлак. I тады з пунi да Бахмачовых вушэй прыляцелi зусiм дагэтуль нячутыя гукi: шарахцела сена, быццам нехта поўз-карабкаўся па кладнi. Здавалася, што гэты шорах набiраў сiлы й сьмеласьцi ды наблiжаўся да краю.
Пракоп адвярнуўся, зьдзiўлены несамавiтасьцю яшчэ ня ведаў чаго, як тут пару крокаў ад яго ссунуўся з кладнi Косьцiк Сабакевiч. Бахмачовы вочы шырака расчынiлiся ад зьдзiўленьня й разглядалi гэтага няпрошанага госьця. Даўно ня бачыў яго Пракоп. На лобе спасьцярог шыракаваты шнар, якога, здаецца, раней там не было. Дзяцюк памажнеў, падрос.
— Ты што ў маёй пунi робiш? — спытаў суха Пракоп.
Косьцiк не адразу адказаў. Ён абтрасаў дробнае сена, што панавылазiла ў даўно нястрыжаныя валасы, у падношаную шэрую сьвiтку дый такога-ж колеру порткi. Кашуля была шырока расшпiленая.
— А што, ты думаiш, я тут раблю? — адказаў iз задзёрам i выклiкам дзяцюк. — Спаў во…
Ён цёр вочы, запраўды выглядаў заспаны. Шырака, лянiва пазяхаў, выставiўшы на паказ два роўныя шэрагi рудых зубоў. Бахмача зьдзiвiла ня толькi Косьцiкава «ты», але перадусiм ягонае захаваньне. Быццам ён быў тут гаспадар, а Пракоп нямiлы госьць. Раней-жа, калi малы быў, таксама ветлiвасьцю не грашыў, адылi старэйшым заўсёды даваў «дзядзя».
— Я нi хачу, каб ты ў маей пунi начаваў цi дняваў, от што… Яшчэ, нi дай Божа, палiцыя пранюхаiць. I так ад гадаўя адчапiцца нi магу…
— Аб гэтым-жа й хачу табе сказаць, — падхапiў Сабакевiч, цярэбячы калматыя валасы. — Яны-ж мне нi даюць спакойствiя. Дык мы — ну як гэта сказаць? — цяпер у ваднэй лодцы, прама друзья будзiм. Панiмаiш?
Забурлiла Пракопава нутро. Нахабны панiбрацкi тон, тое непашанотнае «ты», ды гэта «адна лодка», а насамбольш зухвала-зухаватая поза добра-ткi дасалiлi Пракопу.
— Сабаку ты друг, а ня мне! — падняў Пракоп голас. — Выбiрайся з майго гумна, каб тут твайго й смуроду нi было, а то…
— А то што, дзядзька, зробiш? Ну скажы што, га? Пойдзiш у палiцыю? Данясеш тым самым катам, што тваю Алену са сьвета зьвялi?
Пракопа як быццам хто варам аблiў. Ён дрыжэў. Гэты нахабны дзяцюк пекануў у самае кволае. Дый працягваў:
— Iж i дурны ты чалавек, Пракоп. Табе-б з намi цяпер дзiржацца, а ты мне дэфэнзывай грозiш! Цьфу!
Зьедлiвая ўсьмешка на заспаным твары зьдзеквалася з Бахмача, выклiкала на бой. А той плявок дык ужо й мерку перабраў. Бахмач зрабiў крок наперад.
— Ухадзi вон адсюль, сабака ты! Чаго цябе нячыстая на маю галаву прыгнала? Вон кажу! — сыкнуў злосна Пракоп, мерачыся на Косьцiка, каб схапiць яго рукамi загрудкi.
У гэты момант Косьцiк сунуў правую руку ў кiшэню портак i вомiг выцягнуў адтуль вялiкi складанчык. Пстрыкнула ў спрактыкаванай руцэ й выпрасталася зiхатлiвае лязо. Косьцiкавы вочы зрабiлiся цяпер злоснымi. Дзяцюк, як пантэра, гатоў быў скочыць на Пракопа. Бахмач, зьбянтэжаны такiм манэўрам Сабакевiча, застыў на мейсцы, сочачы нож.
— Нi скачы, Бахмач! — грозна сьцiшыўшы голас, цадзiў праз зубы Сабакевiч. — Нi прынуждай мяне нож упатрабiць, бо яй-богу нi шучу.
А тады яшчэ больш пагрозьлiва й шматзначна:
— Ты яшчо паскачаш у мяне як мiленькi, як нашыя прыдуць!
Кроў хлынула ў Пракопаву галаву. Вялiкая злосьць пры фiзычнай немачы зьбянтэжыла яго канчаткова.
— Я пайду, а ты… выбiрайся з пунi, — сказаў больш лагодна, падымаючы лёккi кош iзь сенам на правае плячо.
Не прыгадваў, як вытрас у ясьлi кабыле тое сена. Добра ўжо зьмяркалася, калi наважыўся зазiрнуць да швагры. Той выслухаў яго зь вялiкай увагай i зьдзiўленьнем, ды перапытаў:
— Дык як ён сказаў: нашыя прыдуць?
— Так i сказаў: ты, кажа, паскачыш у мяне, як мiленькi, як нашыя прыдуць!
Мужчыны сядзелi на прызьбе. Збоку стаяла Кацярына. Доўга маўчалi.
— А чорт-жа яго бацьку знаiць. Будзь-жа тут разумным i ўгадвай, што будзiць…
У Бахмачовым голасе наскрозь пульсавала вялiкая трывога.
— Ат, Пракоп, махнi рукой. А чаго-ж яму спадзявацца? Вунь доктарава радзiва ўжо гадамi трубiць. што руку помачы пададуць, што прыдуць… Ды мала што брэшуць…
Ды й у Алесевым голасе чулася няпэўнасьць. Нiколi-ж так раней не разважалi аб вялiкай праўдападобнасьцi таго, аб чым сяньня з пагрозай сказаў Пракопу Сабакевiч.
— Алесь, а што будзiць, калi й праўда возьмуць i прыйдуць, а гэткi бандзiт i злодзей станiць над табой начальнiчаць? Га?
I на гэта пытаньне нiхто не адважыўся адказаць.
Доўга тэй ночы ня мог заснуць Пракоп. На яго жыцьцё лёг новы цень.
V
На двары пачалi ўжо голасна гарлапанiць пеўнi, калi прачнулася Дуня Макатунiшка. Правы бок ныў ад цьвёрдых палаткаў, на якiх шчыльна, покатам адно побач другога, спала цэлая сям'я Макатуноў. Сяньнiк, з пацёртай на дробную мякiну саломай, не памагаў, яго як-бы й не было.