Выбрать главу

— Дык што, нi пусьцiў цябе? — пытаўся яшчэ раз пастуха.

— Нi пусьцiў — пшэк пракляты! — iз крыўдай прызнаўся Янук.

— I грошы нi даў?

— I грошы нi даў.

— Каб яму скула ў бок за гэта! — прыабяцаў Стась.

— Каб яму дзьве, дый у такое мейсца, што сесьцi ня мог! — паправiў Янук.

Памаўчалi. Уладзiк выцягнуў зь кiшэнi папяросу й запалiў.

— А сягоньнiка на вечарыну прыйдзiш? — пытаў Стась.

— А будзiць?

— Пэўна-ж што будзiць.

— У каго?

— Мусiць, цi ня ў Тодара Кмiтавага. Дык што?

— Можа й прыйду.

Надта-ж хацелася Януку на вечарыну. Ведаў, якiя гучныя й забаўныя бываюць купальскiя йгрышчы, ды й дома тыднi iз тры, мусiць, ня быў, хоць дахаты, нават абыходзячы вакол Гараватку, было недалёка. Але што на гэта скажа Лазоўскi?

— Ты яго ня бойся, халеры гэдакай, — як-бы вычытаўшы на йлбе пастуховы думкi, ды абцiраючы тую бурбалку пад носам, сказаў Стась. — Ноч твая, пагуляць можаш.

— Падумаю — можа й прыйду.

Стасевы словы падбадзёрылi яго.

— Глядзi-ж, пастарайся.

— А хто йграць будзiць?

— Сьцяпанаў Тадэўка, хто-ж…

— Добра, пагляджу там.

Хлопцы пайшлi. Янук глядзеў, як накiравалiся праз шырокае пасма лугу, перабралiся праз канаву, мецячы проста на Гараватку.

— Тапсiк! — клiкнуў пастух сабаку. Той паставiў вушы, пiльна гледзячы малому гаспадару ў вочы, стараючыся наперад згадаць, што ён хоча. — Ганi iх дамоў! Там! — паказаў пальцам на статак Янук.

Тапсiк паволi забег каровам з другога боку й памалу пачаў цiснуць iх на папар у кiрунку двара Лазоўскага, што стаяў у самым цэнтры хутару.

Пан Лазоўскi, русавалосы мужчына гадоў пад пяцьдзесят, прытулiўся да паркану на вялiкiм дзядзiнцы, пагладжваючы свой бэбах ды паглядаючы на сваю багатую калёнiю. Вока ягонае любавалася абшарам i ўраджаем. Збажына вунь парасла сёлета, як на лес гледзячы, канюшына тоўстым дываном заслала вялiзную нiву, гароднiна, садовiна — усё, дзякуй Матцы Боскай Чэнстахоўскай, у гэтым годзе спорыла. Лазоўскаму нiколi й у галаву не прыйшло, што ён найбольш сакавiтыя сокi, як ненажэрны паразiт, з добрых працавiтых людзей тутэйшых смактаў. То-ж яны, як наймiты, за безцан апрацоўвалi ягоную вялiзную гаспадарку.

Тое, што яго зь «Велькапольскi» прыслалi сюды, ды, абрэзаўшы малазямельным, далi яму гэты вялiкi кавалак першакляснае зямлi, гэта ўсё належалася за тое, што памагаў адваёўваць i будаваць «Жэчпаспалiтую». Гэта-ж ня дзе ў iншым якiм мейсцы, а якраз тутака, на гэтых «крэсах» кроў пралiваў, бальшавiкоў босых, голых i галодных гонячы. Цяперака ён тут праўны пан i гаспадар. Урад прызнаў ягоныя заслугi, ацанiў «пралiтую кроў» i пасадзiў ваяку мiж бедных малазямельных людзей, каб спажываў плёны iхнае працы.

Сяньня-ж i настрой Лазоўскага выдатна паправiўся, бо ў воласьцi з панам войтам удалося зусiм хлёскi гяшэфцiк наконт падаткаў абцяпаць. Адно вось цяпер, вярнуўшыся дахаты, прыгадаў ён, што ранiцою, будучы ня ў гумары, пакрыўдзiў пастуха.

Каровы ўваходзiлi ў вялiкi, абгароджаны высокiм частаколам, двор. У самым хвасьце цягнуўся Янук iз сабакам. Асаднiк гукнуў хлопчыка.

— Хочаш схадзiць дамоў? — спытаў ён пабеларуску.

— Хачу, — зiрнуў Янук гаспадару сьмела ў вочы.

Лазоўскi быў пад гальштукам, у прыгожых выглянцаваных боцiках, сiнiх галiфэ-портках, шэрым пiнжаку. Правай рукой палез ён у кiшэню порткаў i выцягнуў адтуль вялiкую жменю манэтаў. Перасыпаў iх з аднэй даланi на другую, любуючыся грашмi, быццам наўмысьля, каб пазводзiць пастушка. Аж пабольшалi Януковы вочы. Так многа грошы нiколi ня бачыў. Былi там i малыя нiклёвыя, i медзякi, былi й срэбныя залатоўкi.

Асаднiк выбраў iз жменi тры найменшыя манэты й выцягнуў калматую руку да пастушка: — Маеш тут дваццаць пяць грошаў i можаш iсьцi.

Янук узяў грошы й забыўся нават падзякаваць.

— Кароў мы самi спарадкуем, — працягваў шурпаты голас Лазоўскага. — Iдзi ў кухню, памыся, паеш i бяжы.

Януку ня трэба было паўтараць. Нахаду памыўся, хапiў нешта ўкусiць i выскачыў з хаты.

— А ўсё-ж абяцаных пяцьдзесят грошы ня даў, пшэк паршывы! — прабурчэў пад носам, клiчучы Тапсiка й кiруючыся на выган.

II

Калi-б iз птушынага лёту кiнуць вокам на ваколiцу, паказаўся-б вам такi краявiд: зь левага боку, гледзячы на захад, як зрокам абняць, зялянелi вялiзныя скарбовыя лясы. Дзесь зь нетраў iх, з паўдзённага ўсходу, выбягаў шырокi гасьцiнец — побач хутару Лазоўскага апярэзваў лес, лагчынай прабягаў уздоўж земляў маёнтку Лiпавiчы, пераскокваў чыгунку i ўжо з паўночнага боку яе сьпяшаўся ў Гацi. Раўнiнны хутар Лазоўскага адасобнены быў ад суседняе вёскi Лiтоўцы, дзе жылi Януковы бацькi, даўгiм сугром, званым Гараваткай. Сама-ж вёска ляжэла быццам у падоўжаных начоўках. Паўночным брыжам начоўкаў была двукаляiнная чыгунка, што з аднаго боку бегла ў Полацак, а з другога — у Маладэчна й на захад. За чыгункай прытулiўся ля дубровы шляхоцкi засьценак Галавачы. Па суседзтву — у зеленi бярозаў, лiпаў, клёнаў, хвояў i садовых дрэваў — прытаiлiся гаспадарскiя й жытловыя будынкi маёнтку Лiпавiчы.

Абкружаная з трох бакоў асаднiцкiмi й шляхоцкiмi землямi, з усходу ўпiралася вёска Лiтоўцы ў балоты. Калi-б якi жартаўлiвец сiлiўся схарактарызаваць мейсцазнаходжаньне Лiтоўцаў, мог-бы трапна сказаць гэтак: загналi лiтоўскiх паны, шляхта й асаднiкi ў казiны ражок. Наўкол найлепшую зямлю й лясы пазабiралi, а ззаду, як на зьдзек, кавалак нiкчэмнага балота прырэзалi.

З балота гэнага запраўды невялiкая пацеха была. Апроч дробных сасонак цi карлаватых бярозак, здатных на хвораст, анi дрэва там людзкага, анi нават ягадаў уволю. На мокрых купiнах улетку ў лапцёх касiлi сяляне рэдкую траву, а сена вывозiлi ўзiмку, як замярзала.

Найбольш характэрным i дамiнуючым мейсцам у цэлай ваколiцы была Гараватка. Як падоўжаны, мейсцамi з упадзiнамi, добра падыйшоўшы бохан хлеба, лягла яна мiж хутарам Лазоўскага й вёскай Лiтоўцы. Калi-б той бохан удаўжкi памерыць, то, пэўна, кiлямэтар з гакам перацягнуў-бы, дый ушыркi мо чвэрць яго. Сугор належаў маёнтку Лiпавiчы, але гэта, казалi, адно пазьнейшым часам. Даўно-даўненька, казалi, Гараватка была лiтоўскай.

Ды й не аб фармальную ўласнасьць iшло. Гараватка жыла ў мяйсцовых казках i лягэндах, глыбака ўрасла ў народную гiсторыю. Зiрнiце, хаця-б, на гэты дуб-гiгант, што так глыбака ўкаранiўся ў Гараватчыны грудзi з усходняга боку. Такiх, як ён, iзь сьвечкаю ўдзень у ваколiцы ня знойдзеш. Старэйшыя цьвердзяць, што яму больш за паўтысячы гадоў. Дай цi ня дай таму веры, а вядома, што ён стары й каштоўны сьведка няпамятных мяйсцовым людзям эпохаў.

Як горда й валадарна ўзвышаецца ягоная крона! Аб магутныя грудзi гэтага волата разьбiвалiся вятры й непагадзi цэлых стагодзьдзяў. Казалi, што памятае Баторага й Iвана Жахлiвага, што сачыў ён за Швэдамi й Напалеонам. Народ празваў яго Архiпам. Тут на Гараватцы ля Архiпа сустракалiся ганцы з паўстанцкiх аддзелаў сялянаў, узьнятых супраць дэспата-цара Калiноўскiм. Iмя Архiпа служыла як пароль беларускiм жаўнерам у часе апошняй i найбольш жахлiвай вайны. Некаторыя цьвердзiлi, што Архiп быў пасаджаны даўным-даўно тым князем, што на гэтым сугры быў замак пабудаваў i самую Гараватку ахрысьцiў.

Як моцна мясцовы народ шанаваў i цанiў Архiпа, сьведчыць адзiн факт, за праўдзiвасьць якога кожны вакольны чалавек, божачыся, мог-бы разьбiць свае грудзi. Гадоў дзясяткi таму iз тры назад задумалi лiпавiцкiя ўладныя вяльможы Архiпа на будаўляны матар'ял сьпiлаваць. Вестка гэтая, мусiць, праз парабкоў i iншых наймiтаў, з маёнтку Лiпавiчы маланкай па ваколiцы разьбеглася. Пачуўся цiхi й зьдзiўлены гоман, пасьля перамешаны з абурэньнем: «Як-то? Няхай толькi асьмеляцца, ну!»

I найбольшая пагроза была ў тым «ну». Гэта-ж як без Архiпа ўявiць Гараватку?! Поўнай хваляй вылiлася з народных грудзей любасьць да старога заслужанага волата. I калi прыйшлi панскiя людзi зь пiламi й сякерамi, абглядаючы, з каторага боку пачаць грызьцi месiва гiстарычнага гiганта, заварушылiся навакольныя палi, загулi сялiбы, як з-пад зямлi пачаў расьцi на Гараватцы натоўп народу. На гэткую незвычайную катавасiю зьявiўся ля Архiпа й сам лiпавiцкi пан. Найстарэйшыя зь Лiтоўцаў, ветлiва пакланiўшыся, прасiлi, каб паслаў сваiх людзей дамоў i не чапаў Архiпа. У галасох гэтых чуў лiпавiцкi пан ня толькi прозьбу, а й пагрозу, а дападлiвае вока ягонае хутка ацанiла патэнцыяльную сiлу народу, што навокал гусьцеў, рос i гудзеў. Адклiкаў лiпавiцкi пан сваiх людзей iзь сякерамi й пiламi, а сяляне навакольныя з удзячнасьцю й пашанай паглядалi на Архiпа, што хаця-нехаця стаўся мабiлiзатарам народнае салiдарнасьцi й сiлы. Гэтак пра Архiпа разпавядалi мяйсцовыя старажылы.