Выбрать главу

Янук кiнуў вокам на захад. Сонца закулiлася ўжо за зубата-кашлатую карону бору, зьнiзу ярка пазалочваючы пер'е рэдзенька расьцярушаных па небе хмарынак. Ужо шарэла. Марудзiць няма калi. Потная левая рука сьцiскала тры малыя манэты ў кiшэнi даматканых зрэбных портак. Тапсiк, зьеўшы страву й вылiзаўшы старанна чарапок, аблiзваўся й пазiраў на хлопца, трымаючыся напагатове, каб спадарожнiчаць. Пастух зiрнуў на сабаку й наважыўся. «Маючы такога добрага таварыша, — думаў ён, — дык хто там будзе чарцей баяцца, калi яны й ёсьцека».

Калi Янук, выбегшы за вароты двору, рушыў у кiрунку Гараваткi, Тапсiк, як ёмкi мяч, кульнуў раптоўна наперад, апiсаў навокал хлопца вялiкае кола ды, радасна брэшучы, скочыў яму на грудзi, намагаючыся лiзнуць у твар. Сабака, вiдаць, здагадаўся, куды сьпяшаўся ягоны гаспадар. Яму таксама карцiла зьбегаць у родную вёску, старыя куты абшнарыць, iз знаёмымi й даўно нябачанымi сябрамi пацяўкаць цi панюхацца.

Любiў Янук свайго Тапсiка. Шчанюком узяў яго ад маткi, што надта заядлая й крутая была. Тапсiку цяпер пад тры гады было. Разумны й паслужлiвы ўдаўся мала дзе такога знойдзеш. Хлопчык муштраваў яго, часу не шкадаваў, уцеха з таго вялiкая была. Цяперака за тое меў добрага памочнiка вартаваць статак. Зiмою сабака паквапiўся нават зь Януком у школу пайсьцi. Калi аднойчы надакучыў у школе вартаўнiку, а раз падчас заняткаў асьмелiўся нават клясныя дзьверы лапамi скрэбсьцi, каб да свайго гаспадара дабрацца, давялося пакiдаць ягу ўдома.

Крокаў цi не на дзесяць шырокая канава была напалову напоўненая вадой. Янук знайшоў тое мейсца, дзе з аднаго боку на другi перакiнутыя былi дзьве жардзiны, ды асьцярожна, растапырыўшы рукi, каб атрымаць раўнавагу, пераходзiў на другi бок. Тапсiк скочыў праз ваду, i, калi Янук ступiў на бераг, сабака абтрасаўся ўжо й ветлiва вiляў хвастом.

Сьцежка вяла праз густы зарасьнiк. Калi Янук упёрся ў Гараватку, ужо цямнела й на небе паказалiся першыя зоркi. Ведаў хлапец Гараватку як сваю пяцярню. Цi раз iзь сябрамi лазiў тут па старых акопах, заглядаў у часткова засыпаныя ўжо блiндажы, цешыўся, калi знаходзiў пайржавелую амунiцыю, зь якой любiў забаўляцца на пасьце ля вогнiшча. Вандроўкi тыя адбывалiся ўдзень, калi Гараватка не была небясьпечная й зусiм iнакш выглядала, чымся цяпер. У цемры яна камплетна зьмянялася, набiрала нейкай страхотнай таямнiчасьцi. Здавалася, што сваёй шырокай каронай падпiраў Архiп усеяны залатымi зоркамi купал неба. Iнакш, чым удзень, дрыжэла, наводзячы нейкую жуду, лiсьцё асiнаў, а ззамоладу створаныя ўва ўяўленьнi розныя чэрцi, што тутака, быццам, свае гулянкi начамi ладзiлi, цяпер маглi таiцца за кожным кустом цi крушняй каменьняў. Завялiкi ўжо быў Янук, каб у чарцей верыць, але-ж тут, папраўдзе кажучы, цiмала людзей у нетрах Гараваткi ляжала. Хто ведае, цi каторыя зь iх не ўстаюць начамi, каб полем бою палюбавацца.

Янук асьцярожна ступаў знаёмай сьцяжынай. Вушы ягоныя злавiлi водгульле лiтоўскай вечарыны. Хлапец падбадзёрыўся й барзьдзей усьпiнаўся ўверх. Наблiжаючыся да самага небясьпечнага мейсца — побач з тым самым курганам i крыжам — ён спынiўся таму, бо раптам стануў, як укопаны, Тапсiк. Сабака бурчэў. З правага боку былi тут ямы й акопы. У цемрадзi мала што можна было разгледзець.

— Цiха, Тапсiк, цi-i-i-i…, - зашышыкаў ён на сабаку, абшчаперыў яго аберуч ды пачаў прыслухоўвацца. Здалося, што непадалёк направа пачуў галасы. Мо здалося? Ахапiў яго страх. Як не натужваў слых, усё навакол стала таямнiча цiха, адно шпарчэй пачало бiцца пастухова сэрца. Здалёк чуваць быў гул цягнiка, дзесьцi зь вёскi даляталi водгукi йгрышча, зьвяганьне сабак, а ў недалёкiм бары адазвалася позная птушка.

Iзноў наёжыўся, пачаў бурчэць i вырывацца з рук Тапсiк. Янук не на жартачкi спалохаўся, баяўся рушыць зь мейсца, быццам у зямлю ўлiп. Калi яму здалося, што зноў злавiў вухам нейчую гаворку, сабака гвалтоўна йрвануў направа i залiўся гулкiм брэхам. Амаль у наступную хвiлiну з голасным енкам ён адскочыў назад. Янук кiнуўся да Тапсiка, i ў гэны-ж момант убачыў сьвятло ручнога лiхтарыка. Робячы малыя зыгзакi ў паветры, сьвятло наблiжалася да хлопца. Сабака цiха скавытаў i лiзаў нагу.

— Гэта ты, Янук? — загудзеў лагодны бас Лявона Шпунта. Хлапец стаяў, як адубелы, ня могучы паварушыць языком. Намагаўся нешта сказаць, ды ня мог адолець пярэпалаху.

— Што ты тут робiш? — хацеў ведаць Лявон. Янук разгледзеў дзяцюка. Апрануты быў пасьвяточнаму, у гарнiтуры й пад гальштукам.

— Дамоў iду, — адважыўся нарэшце малы Бахмач. — А ты што тут робiш? спытаў ён з чаргi. — Але-ж ты мяне напужаў, каб ты згарэў!

— Дык iдзi, калi йдзеш! — сказаў Шпунт загадным тонам.

— А што ты тут робiш? — спытаў яшчэ раз Янук.

— Тваё якое дзела! — адрэзаў той непрыязным тонам. — Можа, я iзь дзяўчынай тутака. Кажу йдзi!

Януку здалося, што воддаль каля дрэва нехта зварухнуўся. Хто-ж мог тут быць зь Лявонам у такую пару, калi сам ён мусiў-бы быць на вечарыне? I што яны тут рабiлi? Адылi Янук больш не марудзiў, бо чаго добрага, возьме гэты рослы дзяцюк, яму ў каршэнь надае. Рушыў сьцежкай, а за iм, пакульгiваючы, сабака.

— Мой ты добранькi Тапсiчак, — пяшчотна прамовiў, гладзячы сабаку, ударыў цабе гэты паскудны хлыст…

Як толькi хлапец выбраўся з Гараваткi на чыстае поле, нацянькi праз збажыну бегма кiнуўся ў кiрунку Лiтоўцаў. Мала дзе каторая хата сьвяцiлася вокнамi. Летам ашчаджалi людзi газу, завiдна намагалiся дагледзець гаспадаркi. Сяньня-ж тым больш не было патрэбы, бо шмат хто быў на йгрышчы.

Шпарка бягучы, Янук нiчога ня думаў. Ды калi-б i думаў, то невядома цi прыйшло-б яму ў галаву, што ўночы жывы чалавек у Гараватцы ёсьць больш небясьпечным, чымся якая ўяўная нечысьць. Хлапец быў паглынуты ймкненьнем, каб якнайхутчэй забегчы дадому. Па пахiлай лекаравай нiве борзда ймчаў ён унiз. Ледзь пасьпяваў за iм кульгавы Тапсiк.

Калi дабег да лекаравага двара й адчынiў скрыпучыя вароты, голасным брэхам залiўся доктараў Мурза. Тапсiк падскочыў да яго, сабакi пачалi нюхацца. Янук адчынiў другiя вароты й ужо быў ля свае хаты. На вулiчнай лаўцы ў цеменi разпазнаў сваiх бацькоў. Яны гаманiлi паўголасам.

— Гэта ты, Янучок? — спытала мацi.

— Так, мама. А што?

— Ды мы нi спадзявалiся. Ждалi ўчорака, ажно як нi было…

— Нi пусьцiў, - сказаў Янук з крыўдай у голасе.

— Iж ты яго, — буркнуў бацька. — Чаму-ж гэта?

— А чорт яго знаiць, — адказаў хлапец. — Ну, што тут у вас?

— Нiчога такога. Ты вячэраў?

— Так, на хаду. Ну дык я пайду, — памкнуўся ўжо адыходзiць Янук.

У гэты час падбег Тапсiк.

— А чаму-ж сабака кульгаiць? — заўважыў бацька.

— Ды гэты хлыст ударыў яго, нi знаю, камянём цi чым.

— Хлыст? Калi гэта?

— Ну от цяперака.

— А дзе-ж ты яго вiдзiў?

— У Гараватцы, дзе-ж…

— Ён цяперака ў Гараватцы? Ты нi манiш?

— Чаго буду манiць… кажу, што на свае вочы вiдзiў.

— Дык гэта ён, мусiць, тамака iз Косьцiкам Сабакевiчам, — сказала мацi.

— Ты яго самога толькi спаткаў цi яшчэ каго? — перапытаў бацька.

— Самога. Але мне выдалася, што чуў гаворку. Быў нехта другi, мусiць.

— Дык пэўна Косьцiк там зь iм, — сказала тонам, што не пакiдаў нiякага сумлеву, мацi.

— Чаму гэта iкраз Косьцiк? Адкуль там ён? — дамагаўся пастух.

— А ты ня чуў?