Выбрать главу

Добра ведаючы сваiх вучняў, шляхам элiмiнацыi да двух найбольш западозраных — Кучынскага й Бурака — свае допыты-пошукi настаўнiца звузiла. Наступнага дня ў школу iхных бацькоў i местачковага палiцыянта паклiкала. Косьцiкавага сябру Кучынскага ў прысутнасьцi бацькоўскай i «жандовай» улады апрацавала першага. Зь ягоных вуснаў выйшла, што залаты гадзiньнiк Косьцiкавых рук ня мiнуў. Ужо Паўлюкова выпрактыкаваная раней на сынавай скуры папружка ды й «жандовы» палiцыянтаў твар канчаткова памаглi Косьцiку прыгадаць, дзе схаваў настаўнiчын гадзiньнiк.

Мала з таго было пацехi. У мiжчасе Косьцiк няўмелую экскурсiю ў залатое гадзiньнiкава нутро зрабiў. Вядома-ж, што гэтак падарожнiчаючы, гадзiньнiк на часткi мусiў разабраць i кожнай зь iх палюбавацца. Калi ўзяўся складаць, дык часьцей гэных аднекуль набралася больш, чым было патрэбна. Наапошку, як i трэба было прадугледзець, у залатым чарапку застаўся зусiм непрыдатны механiзм, бо Косьцiк тыя лiшнiя часткi павыкiдаў.

Круцi не круцi, Паўлюку загадалi поўную вартасьць настаўнiчынага залатога ручнога гадзiньнiка самымi запраўднымi «жандовымi» грашмi пакрыць. Гэтым, хiба, тлумачылася, што тымi часамi старога Бурака гнуткая ёмкая папружка нiяк не жадала разьвiтвацца з Косьцiкавымi наймякчэйшымi й найбольш кволымi часткамi цела. Найгорш за ўсё, што вясковыя кабеты, а найперш Аўдоля й iншыя пахатухi-сакатухi, гадзiньнiкаву гiсторыю на языкi паднялi ды на розныя лады яе iз смакам пераказвалi й размалёўвалi. Дзякуючы тым увiшным i нязмораным кабечым языком, Косьцiк цяпер найбольш папулярным у Лiтоўцах стаўся.

Калi, маючы чатырнаццаць гадоў, Косьцiк нейкiм фокусам чатырохгодку скончыў, ня ведаў Паўлюк, куды далей накiраваць сына. Па завугольлямi гадзiньнiкавы злодзей пачаў сноўдацца й нiколi дома не стыкацца. Якiх сродкаў нi ўжываў бацька, усяроўна да працы ня мог сына наламаць. Зьбярэ, бывала, Косьцiк гурт падлеткаў, па вулiцах iзь iмi псотнiчае-гэйсае, сады чужыя латоша, агароднiну полiць — цi ў каго вялiкая морква або бручка парасла глядзiць. I скардзiлiся людзi, кажучы: «Але-ж i бамбiза, зладзюга паганы! Няўжоў-ж на яго паганякi нiхто ня знойдзе!» А iншыя проста: «Вырас Паўлюкоў Кастусь пад неба, а злодзей i дурань як трэба.»

Хто мог тады мяркаваць, што ў недурной Косьцiкавай галаве ўжо ў той час былi парасткi, якiя мелi некалi прынесьцi плён, што аднавяскоўцам бакамi вылезе.

Надакучыла Паўлюкову гiцлю з «жабянятамi» яблыкi й грушы латашыць, агароднiну чужую лiчыць. Пастанавiў на сабачае перакiнуцца дзела. Меў аднагадовага сабаку-ваўчара, ад якога ледзь ня лопаў на прывязi ланцуг. Пару месяцаў, калi ня болей, сабаку школiў, розным штукам муштраваў. Так яго выпрактыкаваў, што той наперад гаспадаровы думкi згадваў. Гэткую добрую Косьцiкаву навучальную ўстанову пасьпяхова скончыўшы, iльга было цяпер у людзi цi ў iншыя сабакi паказацца. Адно стаяла на дарозе: ня меў вучань iмя адпаведнага.

Чуў раз Косьцiк як настаўнiца, у каторай гадзiньнiк быў украўшы, мужа свайго Ромка клiкала. Ахватней даў-бы настаўнiчына ймя, але яно адно для сучкi пасавала.

— Ро-о-мак! На цю-на! — гукнуў хлапец, а сабака пачаў стрыгчы вушамi. Гэткiм чынам адбылося хрышчэньне.

Прыйдзе Косьцiк цяперака пад самае вакно настаўнiчынай кватэры, ды ўладзiць так, каб мужа ейнага паблiзу не было. Сьвiсьне ёмка на свайго кемлiвага гадунца, ды гукне: Ро-о-мэк, офяра едэн, хоць ту! На цю-на!

Паўторыць так раз цi два. Адкуль нi вазьмiся настаўнiца, тыц! — праз вакно выгляне, а калi сьцямiць, у чым справа, то ажно ёй кроў у галаву хлыне.

— Ро-о-мэк! Ты, пся крэв, хаме едэн! — паправiць падрастаючы басяк ды аж яму на сэрцы палякчэе.

Ад таго часу для лiтоўскiх людзей, а перадусiм сабакаў, новае ўтрапеньне пачалося. Чуеш — нехта сьвi-i-iсь! Гэта Косьцiк iз Ромкам iдуць. Памаленьку, ледзь ногi валочаць, забаўляючыся, нiкуды-ж iм ня рупiць. От iдуць, абы на мейсцы не стаяць, навокал разглядаюцца. Спынiлiся ля гарбатай Захаруковай хаты, што напрыканцы вёскi ля дарогi ад балота. У Захарука вялiкi сабака ў дварэ. Косьцiк да справы падыходзiць мэтадычна, майстэрства ведаючы, сабакаў зводзiць умела. Калi ўжо добра зрэжуцца, ды да крывi кусацца пачнуць, хаваецца тады хлапец дзесь за паркан цi вугал, каб усё бачыць да на людзкiм воку не тарчэць.

Старая Захаручыха з памялом цi качаргой надвор выскоквае, лямантуе: «А каб цябе пранцы, а каб ты занаглiўся! Вон адсюль, паршывец!» Сабакi кусаюцца, Захаручыха лае й намагаецца разбаранiць, Косьцiк нейдзе праз шчылiну пазiрае й заходзiцца з рогату. Ужо наапошку, калi вiдокам налюбуецца, вылазiць з укрыцьця й таропка падбягае, робячы выгляд, што быццам ён тут нейдзе збоку справай заняты быў, а цяпер вось бедных цюцькаў памiрыць сьпяшыцца. Ну й актор-жа! спачатку не маглi людзi здагадацца. Ды нядоўга заняло iм, пакуль Косьцiкавы хiтрыкi раскусiлi. Часамi-ж, бывала, Косьцiк такi гурт сабакаў зьвядзе, такую грызьню пачнуць, так пакусаюцца, што тыднямi раны гояць.

Спачатна на такiя Косьцiкавы авантуры праз пальцы лiтоўскiя жыхары глядзелi, ды неўзабаве спасьцераглi, што ад Косьцiка й Ромкi нiякаму сабаку нi сучцы ў вёсцы мейсца ня будзе.

— Ну i ўшыўся-ж басячуга ў сабачую скуру! Каб ты галавой налажыў! — лаялi.

Насамперш хлапца Сабакевiчам ахрысьцiлi, а пасля, як найгоршага сабаку, кiямi ад хатаў гнаць пачалi. Кляў яго Пракоп Бахмач:

— А бадай ты ногi дзе паламаў, нячысьцiк апантаны! Каб табе розум твой дарэшты высах, злыдзень паршывы! Каб цябе зiмля нi насiла, дзе ты такi выгадаваўся!

Стары Бахмач Сабакевiча раз добра-ткi зiмой прывучыў. Калi ён на Тапсiка Ромку натравiў, Пракоп яго так кiём аддубасiў, што той дзясятаму заказаў i даўжэйшы час на боль у крыжавiне й iншых мяйсцох скардзiўся. Доўга й зацята Бахмачу за гэта кулаком пагражаў, аддаць ды й надбавiць яшчэ абяцаў.

Скардзiлiся людзi старому Бураку: навошта так сына распусьцiў? Прыбяры яго да рук, а ня то мы самi прывучым!

Адказваў Паўлюк: «Што я зь iм, басячугам, зраблю, людцы добрыя? Рабiць ня хочыць, мяне ня слухаiць, сварыцца-агрызаiцца…»

Раiлi людзi: аддай дзе за краўца цi шаўца, каб наламаўся, кавалак хлеба каб у руках меў.

Паслухаў Паўлюк людзей. Не да смаку тое Косьцiку прыйшлося, калi ў другую вёску за краўца вучыцца мусiў iсьцi. Гультаюга-абiбока быў зь яго першаклясны, але-ж iголка — то не сякера цi плуг — у руках трымаць лякчэй.

Тры цi чатыры гады кравецкаму рамёству вучыўся Сабакевiч. Павесялелi за гэны час лiтоўскiя людзi, лякчэй пачало вадзiцца сабакам, калi Ромка ў старога Бурака на прывязi скуголiў.

Аб тым, што за гэны час кравецкага шкаленьня Сабакевiч зусiм новую й пабочную навуку здабываў, нi ведаць, нi сьнiць лiтоўскiя не маглi. Заразiўся Косьцiк камунiзмам. Нарэшце, — наважыў Косьцiк, — тутака ўсе адказы былi. I на будучыню ўсё добра варажыла. Вунь зь Менску (тады ўжо на Мiнск Маскалямi перайменаванага) цэлы час гарлапанiлi, што яны аб заходня-беларускiх сялянах i рабочых турбуюцца ды ў гэнай турбацыi прост-напраст бяссоньнiцай морацца, што калi насьпее такi час, дык тут не агледзiсься, як яны гэтым бедным заходнiм Беларусам руку дапамогi пададуць. Рука тая даўно, быццам, выцягнутая чакае, адно, вiдаць, час яшчэ не насьпеў.

I пачала iнтэнсыўна й напорыста працаваць Сабакевiчава галава, тая самая, якую нядаўна яшчэ «дурной як трэба» называлi. «Чакайце-ж, — думаў Косьцiк, прыдзе дзень, дык усiх вас як сабак выдрасiрую».

Найбольш Сабакевiчу ў камунiзьме ўсе гатовыя адказы да смаку прыйшлiся. Чым больш думаў аб iх трапнасьцi й правiдловасьцi, тым больш iмi захапляўся. Вазьмi хаця гэты, што ў тым «тэрцыянале» быў: «мы наш, мы новы мiр пастроiм, хто быў нiчэм, той станiць фсем». — От дык хвостка. Проста цымус! — усклiкнуў Косьцiк, першы раз яго пачуўшы. Ад захапленьня чаго не прысеў. Гэта-ж трэба вунь якiя галовы, каб так выдумаць! Чалавек цi адзiн злысеў-бы й рады ня даў, а тутака так проста й ясна, як у сук уляпiў: «хто нiчэм, той фсем». У тым лiку, пэўна-ж, i ён, Буракоў Косьцiк, што да гэтага часу самым апошнiм шэранькiм «нiчэм» па завугольлях лындаў, дык адразу цi не на самы шчыт узьлезе. Пры такой саладжавай думцы ажно шырэў i распрамяняўся задаволенай зьедлiвай усьмешкай таўсташчокi Косьцiкаў твар. «От каб так было, — думаў, гэта-ж нi аднаму дзе ракi зiмуюць паказаў-бы». Думаючы пра гэтае апошняе «паказаў-бы», зьзялi ў Сабакевiчавых вачох больш зласьлiвыя агенчыкi, чымся тады, як свайго Ромку на чужых сабакаў нацкоўваў.