Выбрать главу

Два дні прайшлі вельмі хутка. Нікуды яна за гэты час не выходзіла, нікога не бачыла. Дзіцяці палепшала, яно зрабілася спакайнейшым. Ліза радавалася, што будзе чым пахваліцца перад Рэняй. Наогул, каб не было гэтай неадчэпнай, страшнай думкі пра Рэню, Ліза адчувала б сябе нядрэнна.

Узяўшы соннае дзіця, яна выйшла на вуліцу. Надвор’е было яснае, але навакол пуста, як заўсёды. Калі трапляліся людзі, то яны неяк спалохана беглі і хаваліся.

«Вось якое свята!» — з прыкрасцю падумала Ліза.

Яна выйшла на Маскоўскую вуліцу — і ледзь не выпусціла з рук дзіця: на слупах, уздоўж вуліцы, хісталіся павешаныя! Адзін, другі, многа...

Ліза пасунулася назад і спынілася. Ісці далей, ці не?.. Па вуліцы праходзілі нямецкія салдаты, праязджалі афіцэры. Яны смяяліся, весела падміргваючы рэдкім прахожым, нібы кажучы: «Палюбуйцеся!» Але нікога не чапалі.

Дык вось хто... святкуе наш Кастрычнік!..

Ліза ўспомніла Рэню і сцяўшы зубы, пайшла далей. Праз некалькі крокаў яна ўбачыла ля тратуара забітага чырвонаармейца, затым на пэўнай адлегласці другога, трэцяга. І па другім баку вуліцы было тое самае.

Праклятыя вылюдкі! Яны захацелі паздзекавацца не толькі над целам мёртвых, але і над душамі жывых!..

Ліза бегла, не гледзячы па баках. Насустрач ёй, стуліўшыся, прабеглі яшчэ некалькі жанчын. Мужчын не было відаць.

Ліза прайшла пад мостам на Савецкую вуліцу. Уздоўж яе на далёкай адлегласці відаць было такое самае «афармленне»...

Павярнуўшы ўлева, Ліза пайшла па вуліцы Мяснікова. Ліза ішла скамянелая, сціснуўшы губы. Слёз на вачах не было, нават жаху не адчувалася, а толькі нешта гарачае, сухое пякло ў сярэдзіне. Гэта былі гнеў і нянавісць. З вялікім хваляваннем выйшла Ліза на тую вуліцу, дзе было гета. Яна зараз жа ўбачыла Рэню, а Рэня іх. Але адначасова Ліза ўбачыла, як з другога канца вуліцы паўзе нібы змяя. Адзін за адным ішлі паліцаі і немцы і станавіліся ля агароджы. Калі Ліза падышла да таго месца, дзе была Рэня, ланцуг ужо стаяў паміж іх. Потым ланцуг завярнуў у сярэдзіну і разрэзаў участак на дзве часткі. Затым тыя самыя постаці замільгалі ззаду, за дамамі. Квартал быў акружаны. Адначасова пад’ехала некалькі крытых грузавікоў.

Людзі, што былі на дварэ, з крыкам і плачам кінуліся ў дамы і зачыніліся. За імі пабеглі салдаты. Затрашчалі дзверы, вокны. Але трэск і грукат былі заглушаны страшнымі крыкамі вязняў, у якіх ужо нельга было распазнаць паасобных чалавечых галасоў — гэта быў адзін суцэльны стогн. Стагналі ўсе дамы разам, стагнала зямля пад імі. Усё жывое навакол сціхла, стаілася; над усім горадам панаваў гэты адзіны жудасны крык.

І пад гэты крык салдаты пачалі выцягваць з дамоў людзей і кідаць іх у машыны. Часта чуліся стрэлы — і тады ў машыны валаклі забітага. Адзін мужчына вырваўся з рук, з незвычайнай спрытнасцю схапіў камень і ўляпіў яго ў твар салдата. А калі ён, працяты кулямі, паваліўся на зямлю, то на твары яго быў не страх смерці, а задавальненне, як у чалавека, выканаўшага свой абавязак. У другім месцы маладая жанчына ўпілася ў твар салдата пальцамі; калі яе, праколатую, адарвалі, то ў пальцах яе засталося вока немца...

Гружаныя машыны ад’язджалі адна за адной і вельмі хутка вярталіся пустымі, магілы, куды адвозілі людзей былі вельмі блізка. Адтуль чулася кулямётная стральба...

Побач, за той-жа самай агароджай, быў такі самы квартал, з такімі самымі жыхарамі, але там было ціха: «па плану» яны былі аднесены ў другую чаргу...

Немцы, відаць, ганарыліся «сваёй работай», бо не хавалі яе ад людскога вока. Рабілі сярод белага дня і не перашкаджалі насельніцтву глядзець, калі хто хоча. Але такіх ахвотнікаў бадай што не было.

Ліза ў першы момант кінулася на другі бок вуліцы і схавалася за варотамі. Але зараз-жа падумала, што ў такую хвіліну не павінна хаваць ад Рэні дзіця, ды і сама не магла адвярнуцца ад сваёй сяброўкі. Ліза асцярожна высунулася з-за варотаў.

Рэня нерухома стаяла на тым жа месцы ля агароджы, з тугой гледзячы на вароты, дзе схавалася Ліза. Бедная маці быццам не заўважала таго, што дзеялася вакол яе. Убачыўшы зноў Лізу, яна пасвятлела і паднялася на цыпкі, каб апошні раз убачыць свайго сына.

А той прачнуўся ў самым добрым настроі. Працяглы шум і грукат недзе зводдаль быў зусім не чутны для яго вушэй, захутаных у хустачку, цёплую шапачку ды яшчэ ў коўдру. А тое, што там мітусілася многа людзей, было нават цікава.