Выбрать главу

Дні за днямі праходзілі ў хатніх клопатах. Хлопчык зусім паправіўся, зрабіўся жыццярадасным і цешыў не толькі Лізу і «бабулю», але і самога «дзеда». Усё было добра, калі ў хаце было добра. А калі бывала цяжка, калі на хлеб не хапала, то Ліза адразу адчувала сябе вінаватай. Кожнае слова аб іх становішчы здавалася ёй тады папрокам. Хоць бацькі яе не папракалі, але Ліза сваім, ужо матчыным сэрцам, адчувала, што часам яны гэта думаюць. Яна з усіх сіл старалася палегчыць працу матцы, ночы ўжо сама не спала. Тады бацькі былі незадаволены, што яна сама марнее. І гэта таксама было папрокам.

Зноў зайшла Варапаіха, каб паглядзець на дзіця. Хавацца далей было ўжо нельга. Ёй расказалі пра сястру з Бягомльскага раёна.

— Які цудоўны хлопчык! — усклікнула Варапаіха, разглядаючы дзіця з такой прагнай цікавасцю, што Лізе зрабілася няёмка. — А які чорненькі і далікатны, нават на сялянскага хлопчыка не падобны.

У Лізы сціснулася сэрца. На дапамогу прыйшла маці:

— Паглядзела б ты на яго бацьку, — сказала яна.— У нас на вёсцы нават празвалі яго «цыганом».

— Так, так, — казала Варапаіха спачувальна. — Шчасце яго, што ён трапіў да вас. А як яго завуць?

— Фелікс, — адказала Ліза. — Гэта імя акурат і азначае «шчаслівы».

— Фелікс, — задумліва паўтарыла Варапаіха. — Першы раз чую такое імя, Фелікс. Розныя імёны бываюць на свеце. А як ён да вас трапіў?

— Чалавек знаёмы прывёз, — адказала маці.

— Глядзі ты, — уздыхнула Варапаіха. — Так далёка і такое малое. Відаць, добры ён чалавек.

— Наш лепшы друг, — пацвердзіла маці.

Калі Варапаіха выйшла, маці і дачка некалькі мінут маўчалі, думаючы адно і тое. Нарэшце маці прамовіла:

— Ой, дачушка! Каб не было нам бяды ад усяго гэтага.

Ліза зноў адчула сябе вінаватай.

— Мамачка! — усклікнула яна. — Калі што якое, я сама ўсё вынесу.

— Што з таго? — уздыхнула маці. — Нам ад гэтага не будзе лягчэй.

Убачыўшы, што Ліза вельмі засмуцілася, яна ўсміхнулася і дадала:

— Але нічога — як-небудзь выгадуем.

Аднаго разу бацька, прыйшоўшы з працы, сказаў:

— Ну, маці, я для цябе службу знайшоў.

— Якую? — здзівілася маці.

— Будзеш у нас прыбіральшчыцай. Сама ведаеш, як цяжка нам чатыром пражыць на мае заробкі.

Лізу як нажом разанула слова «чатыром». Бацька казаў далей:

— А самае галоўнае — забіраюць тых, хто ў іх не працуе. А ў нас аж двое такіх. Вось я і дамовіўся ў нашай канцылярыі, каб узялі за прыбіральшчыцу маю жонку, а дома ў нас застануцца двое дзяцей — дачка, вучаніца, і маленькі сынок.

Бацька хітра падміргнуў жонцы, задаволены, што так лоўка прыдумаў.

— Ты што, гэта, стары, надумаўся? — нават зачырванелася маці, — нам жа з табой столькі гадоў.

— А хто там будзе лічыць твае гады? — сказаў бацька. — Хіба не бываюць дзеці ў саракапяцігадовых жанчын?

— Ды мяне там засмяюць, — саромелася маці. — Старая, ды з такім малым.

— А ты падчапурыся, падцягніся і сыдзеш за маладуху, — жартаваў бацька.

Лізе адлегла ад сэрца, калі яна ўбачыла, што бацька больш не злуе, а,

наадварот, так шчыра клапоціцца аб яе Феліксу і нават жартуе.

— Можа, лепей было б мне лічыцца за матку, — сказала яна, каб выручыць маці.

— Што ты, што ты! — замахала рукамі маці. — Гэткі сорам!

— Які тут сорам? — наіўна адказала Ліза, не зразумеўшы, што падумала маці. — Што ж тут ганебнага, калі муж, скажам, пайшоў на вайну, а маладая жанчына засталася з дзіцём?

— Хіба так, — прамармытала маці. — Але ж мы ўжо ўсім сказалі, што дзіця чужое.

— Гэта нічога, — адказаў бацька. — Ніхто з канцылярыі не будзе распытваць тут пра дзіця. І ніхто з суседзяў не пойдзе туды правяраць, як мы сказалі. А калі сказаць, што дома замужняя дачка, то могуць зацікавіцца, а хто муж, а дзе ён, могуць яшчэ прыйсці распытваць у суседзяў, ды і наогул, замужняя дачка — гэта самастойны чалавек.

— Калі так выйдзе, як ты гаворыш, то можа будзе нам усім спакайней, — разважліва сказала маці. — Толькі як тады будзе Лізе адной?

— Нічога, нічога! — горача перапыніла Ліза. — Мне будзе лягчэй, калі я буду ведаць, што мы нікому не замінаем.

Яна і сама не заўважыла, як вырвалася ў яе гэтае «мы». Бацькі зірнулі адзін на аднаго, і ў абаіх, відаць, мільганула адна і тая самая думка: дачка з дзіцем ужо «мы», а бацькі, значыцца, — «вы». Адчула гэта і сама Ліза, але ніхто нічога не сказаў.

Для Лізы пачалося новае, чыста жаночае жыццё: дзіця, пялёнкі, хатнія справы. Гледзячы на яе, ніхто не падумаў бы, што гэта не жанчына, а ўсяго толькі дзяўчына, вучаніца. Маці не давала ёй мыць пялёнкі, старалася сама ўставаць ноччу. Але Ліза, не вельмі пярэчачы супроць іншай дапамогі, ні ў якім разе не згаджалася турбаваць маці ноччу.