На дзіця бацькі не скардзіліся, Лізу не папракалі і самі ўсё больш і больш прывыкалі да хлопчыка, але часам гаварылі паміж сабой:
— Аддала сваё маладое жыццё гэтаму дзіцяці. Ні дзяўчына, ні маці. А што будзе далей?..
А Ліза нічога такога не думала, не лічыла свае клопаты за пакуту, зусім не думала, што робіць нейкую высакародную справу. Яна жыла сваім дзіцем, як кожная маці, толькі і думала аб тым, каб яму было добра. А калі хлопчык, убачыўшы яе, пачынаў смяяцца, трапятацца ды цягнуцца да яе, як кветка да сонца, тады Ліза адчувала, што большага шчасця ёй і не трэба...
V
На гэта раз сустрэліся не тры жанчыны, а дзве. І стаялі не каля студні, а на вуліцы, ля плота.
Варапаіха казала:
— Гавораць, што дзіця з вёскі, ад сястры, а яно чорнае, як жук, і зусім не падобнае да сялянскіх дзяцей.
— Можа, яўрэйскае, — нібы здагадалася суседка, — ды яны баяцца казаць.
— І я так думаю, — згадзілася Варапаіха, — хоць яны і кажуць, што бацька яго быў цыган.
— Хлопчык, кажаш?
— Хлопчык.
— Дык яго ж пазнаць можна, калі ён яўрэйскі!
— Дзе ты пазнаеш, калі цяпер усе аднолькавыя пайшлі, — сказала Варапаіха.
— А ты ўсё ж такі прыгледзься, — раіла суседка.
— Ды ўжо ж трэба будзе, — сказала Варапаіха. — А дзяўчынка як любіць і даглядае яго! Ну проста, як родная маці.
— Чаму ж так яна? — зацікавілася суседка. — Хіба да яе прывезлі гэтае дзіця?
— Хто іх разбярэ? — паціснула плячыма Варапаіха.
Скажам прама: ні Варапаіха, ні яе суседка і ні другая суседка ніякіх злосных намераў не мелі. Ніхто з іх, каб пэўна ведаў, што дзіця яўрэйскае, і не падумаў бы ісці даносіць немцам. Яны самі пры выпадку схавалі б яго ад немцаў. Але таемнасць гэтай справы не давала ім спакою. Адкуль гэтае дзіця? Чыё? Як яно да іх трапіла? Чаму яны так неахвотна гавораць аб гэтым? Чаму такі шчыры ўдзел прымае дачка? Пакінуць усе гэтыя пытанні нявырашанымі не хапала сілы.
На Палявой вуліцы то ў тым, то ў другім доме заходзіла гутарка пра сям’ю Антона Карнейкі.
Так, напрыклад, у доме № 17 казалі:
— А Ліза Карнейка, кажуць, прывяла ў дом дзіця, невядома ад каго.
У доме № 21:
— Карнейкі ўзялі на выхаванне грудное яўрэйскае дзіця. Самі бедныя, а ўзялі. Добрыя людзі.
У доме № 14:
— Карнейкі на старасці абзавяліся дзіцём, і невядома чыё яно: ці то маткі, ці дачкі.
... Зімовы дзень быў такі ясны, ціхі і цёплы, што дзіўным здавалася, чаму снег не растае. У такі дзень вельмі не хочацца ісці ў хату. Не хацелася ісці і Лізе, хоць ёй і рупіла паглядзець на свайго «сына». Яна ж цэлую гадзіну не бачыла яго.
Яна не спяшаючыся ішла па сваёй Палявой вуліцы, якая пад снегам была такая прывабная, што не верылася, каб яе можна было праклінаць некалькі месяцаў у годзе.
Настрой у Лізы быў такі самы: ясны, ціхі і цёплы, як і надвор’е.
Раптам яна ўбачыла, што насустрач ідзе ён, той самы паліцай, Сымон Шаціла. Увесь яго выгляд сведчыў, што і ў яго настрой быў ясны, ціхі і цёплы.
Задрыжала Ліза, спынілася, пачала азірацца, куды б схавацца. Але схавацца не было куды. Шаціла тым часам, як стары знаёмы, ужо здалёк прывітаў яе:
— Добры дзень, паненачка! Кажу паненачка, бо ведаю ўжо, што вы незамужняя. Дазвольце ў такім разе праводзіць вас.
— Не, не, не! — замітусілася Ліза і пасунулуся ўбок, каб абмінуць яго, але ён са смехам загарадзіў ёй дарогу і сказаў:
— Ну чаго вы палохаецеся? Хіба я такі страшны?
— Страшны, страшны! — перарывістым голасам загаварыла Ліза. — У вас кроў на руках.
— Няўжо? — сказаў ён весела і жартаўліва паглядзеў на свае рукі. — Дзе? Адкуль?
— Я сама бачыла, як вы забілі жанчыну, — сказала Ліза.
— А-х, гэта! — бесклапотна прамовіў ён. — А дзе вы цяпер знойдзеце такога мужчыну, які каго-небудзь не забіў? На тое і вайна.
— Тут не вайна, а горш! У тысячу разоў горш! — крыкнула Ліза і зноў пасунулася яму ў абход.
Цяпер ён не затрымліваў яе, а пайшоў побач, хоць яна і спяшалася.
— Ну чаго вы так? — казаў ён ціхамірным голасам. — Каб вы захацелі выслухаць мяне, то ўбачылі, што справа зусім не такая, як вам здаецца. Вы прывыклі думаць так, як вас у школе прывучылі. А цяпер ужо можна паглядзець і з другога боку.
Ліза пусцілася бегчы. Гнацца яму не выпадала, і ён адстаў.
Калі Ліза з вялікім хваляваннем расказала аб гэтым матцы, тая спакойна сказала: