Выбрать главу

VI

Надыходзіў канец зімы. Палявая вуліца зноў пагражала ператварыцца ў балотную. Жыхары яе ўжо страцілі цікавасць да дзіцяці. Пасля меркаванняў усе згадзіліся ўсё ж такі на тым, што яно яўрэйскае. Ну і хай сабе жыве шчасліва! Каму патрэбна, каб яго забілі? Плёткі спыніліся, нават усё больш і больш было чуваць, што Лізу за гэта хваляць, паважаюць.

Адно толькі вельмі непакоіла Лізу: каб не даведаўся звер-паліцай. Яна сустракала яго яшчэ разы са два, але ёй удавалася загадзя схавацца. Часам яна бачыла, як ён ідзе каля іх дома і пазірае ў вакно. Яна з жахам адхінулася ўбок. Мусіць ён яшчэ не ведае. Але ці доўга так будзе?

І вось аднаго разу, калі бацькоў дома не было, яна ўбачыла, што па вуліцы ідзе ён і немец. Яны глядзелі на яе дом, а потым... завярнуліся на двор! Ліза вымушана была напружыць усе сілы, каб устаяць на нагах. Інстынктыўна кінулася да соннага дзіцяці і прыкрыла яго хусткай.

Страшныя крокі набліжаліся. Вось ужо стук у сенцах — і яны ўвайшлі ў хату.

— Добры дзень! — весела сказаў Шаціла.

Ліза нічога адказаць не магла, а толькі глядзела на іх вялізнымі вачыма. Немец моўчкі і сурова агледзеў пакой, зазірнуў у Лізін куток, але дзіця не заўважыў.

— Мы прыйшлі паглядзець, хто тут жыве, — сказаў Шаціла.

— Мае бацькі, я і... ды вось паперка, — і яна падала загадзя падрыхтаваную паперу немцу.

У ёй было сказана, што муж і жонка Карнейкі працуюць на чыгунцы, а дома ў іх дачка-вучаніца і васьмімесячны сын.

— Я, я, — сказаў немец, не пацікавіўшыся малым дзіцем, і павярнуў назад.

Але Шаціла прыпыніўся і спытаў:

— А дзе ж дзіця?

У Лізы заняло дух.

— Спіць, — ледзь вымавіла яна.

— Пакажыце, — сказаў Шаціла і пайшоў у другі пакой, дзе на ложку спала дзіця.

— Не чапайце! Яно спіць! — крыкнула Ліза і загарадзіла сабой ложак.

Немец пачуў, спыніўся і спытаў:

— Вер іст дорт?

— Кіндэр, — адказаў Шаціла і сцягнуў хустку.

Дзіця заплакала. Немец пераканаўся, што гэта сапраўды «кіндэр», і зноў павярнуў да дзвярэй.

— Дык вось якое чорненькае дзіця нарадзіла ваша маці на старасці! — засмяяўся Шаціла.

Ліза схапіла хлопчыка на рукі і стала перад паліцаем, гнеўная, прыгожая.

— Забівай тады разам! — крыкнула яна, апякаючы яго вачыма.

— Што вы, што вы! — сказаў ён лагодна. — Я толькі хацеў пацікавіцца. Жывіце шчасліва!

І ён пайшоў за немцам.

Ліза апусцілася на ложак знясіленая. Значыцца, ён ведае! І маўчыць... Чаму? І ці доўга ён будзе маўчаць? Можа, сёння, можа, зараз жа яны і вернуцца...

Нічога яшчэ не вырашыўшы, Ліза пачала збіраць у клунак свае рэчы. І тое хочацца ўзяць, і тое патрэбна — клунак выходзіць надта вялікі. А разлічваць трэба толькі на сваю спіну і на свае ногі. Ды і для дзіцяці патрэбна месца. Трэба прыстасаваць яго так, як ходзяць жанчыны на Усходзе, або цыганкі.

За гэтым засталі яе бацькі.

— Што ты такое робіш? — здзівіліся яны.

Ліза расказала, што адбылося.

— Трэба ўцякаць, — сказала яна. — Цяпер, зараз жа...

— А куды ты пойдзеш? — спытала маці, ужо не стрымліваючы сваіх слёз.

— Не ведаю, — адказала Ліза.

Вось яно, тое чорнае, страшнае, чаго так баяліся бацькі! Нават брудныя плёткі здаваліся цяпер нявіннай забавай. Куды ісці? Што чакае іх бедную Лізу? І дзеля чаго? Завошта? Што важней — ці адзіная маладая дачка, ці гэтае чужое дзіцянё? А праз яго дачка можа загінуць, а ў лепшым выпадку мець такія пакуты, якія горш за смерць.

— А каб аддаць дзіця, як мы казалі, то і яму было б лепей, і ёй, і нам, — выказаў сваю думку бацька.

— Татачка, я ж казала, што з ім не разлучуся, — упарта сказала Ліза. — Ды цяпер думаць аб гэтым позна. Зараз трэба пайсці хоць куды, каб пераначаваць, а потым, можа, да цёткі дабрацца.

— А як дабрацца? — сказала маці. — Па чыгунцы цяпер не прыедзеш. А па дарогах больш за сто кіламетраў. А зараз куды хочаш ісці?

— Да Мані, — сказала Ліза, спешна збіраючыся.

— Чаго так спяшацца? — заўважыў бацька. — А можа, ён нічога не думае рабіць? Маўчаў жа да гэтага часу.

— Я не ведаю, што ён думае, — адказала Ліза. — Ведаю толькі, што ён звер і здраднік, і ад яго ўсяго можна чакаць.

— А можа, пайсці да Кандрата і папрасіць іх, каб не чапалі? — нясмела прапанавала маці.

Бацька зморшчыўся і пацёр сабе лоб.

— Цяжкі чалавек, гэты Кандрат, — сказаў ён. — Ніколі мы з ім не былі прыяцелямі. Але ў такой справе можна было б паспрабаваць.

— Ні ў якім разе! — крыкнула Ліза. — Ды і не бацьку прыйдзецца прасіць, а сына. Гэта значыць, зусім аддаць сябе ў рукі звера. А ці можна спадзявацца на яго, калі ён нават і абяцае? Нават і без яго можа дайсці. Калі ён даведаўся, значыцца, ведаюць і гавораць іншыя людзі. Усё роўна кожную хвіліну прыйдзецца чакаць і дрыжаць. Вам самім давядзецца дрыжаць праз мяне... Я не магу так, не магу!..