Бацькі павінны былі прызнаць, што разважанні дачкі зусім слушныя.
— А чаму абавязкова сёння? — сказаў тады бацька. — Я думаю, што сёння смела можна пераначаваць. Трэба ж абмеркаваць, што і як рабіць.
Ліза крыху супакоілася, згадзілася. На сямейнай нарадзе пастанавілі: Ліза заўтра пяройдзе да сваёй сяброўкі, а бацькі будуць шукаць на рынках падводу, якая ішла б у бок Навасёлак, што на Бягомльшчыне, дзе жыве цётка Малання. За некалькі дзён, з перасадкамі, даехаць можна будзе.
— І для адной такая дарога пакутная, — заплакала маці, — а з дзіцём як? Як яго карміць, спавіваць? Ох, Ліза, Ліза, што ты нарабіла!..
Ад гэтага папроку Ліза адчула сапраўдны фізічны боль.
— Мамачка! — Ліза прытулілася да маткі. — Мне прыйдзецца пацярпець толькі некалькі дзён. А якія ж гэта пакуты ў параўнанні з тым, што церпяць мільёны нашых людзей!
— Ім даводзіцца цярпець не па сваёй волі, а ты — па сваёй.
— Не, мама, і я не па сваёй. Ці было б гэта, каб не вайна? Немцы прымусілі і мяне, і вас, і ўсіх.
— Ну, добра, хай будзе так, — сказаў бацька. — Але што цябе там чакае? Як спаткае цябе гэта Малання? Ёй самой, мусіць, есці няма чаго. Як ты думаеш, старая? — звярнуўся ён да жонкі.
— Я ведаю толькі, што сястра мая не адмовіцца памагаць, чым толькі можа, — адказала жонка.
— Аб гэтым не турбуйцеся! — падхапіла Ліза. — Абы прытулак, а зарабіць на хлеб я здолею.
— Не надта ты зарабляла да гэтага часу, — усміхнуўся бацька.
— Калі трэба будзе, здолею, — упарта паўтарыла Ліза.
Яна была ўпэўнена, што для свайго дзіцяці яна ўсё можа зрабіць. Абы толькі ўхіліцца ад гэтай небяспекі.
Доўга яшчэ гутарыла сям’я ў гэты крытычны для яе вечар. Самае цяжкае становішча было ў дачкі, а самае цяжкае гора ў яе бацькоў. Хоць яны даўно прымірыліся з «мацярынствам» дачкі, хоць самі яны шчыра палюбілі дзіця, але ў гэтыя мінуты яны аніяк не маглі адагнаць думкі: каб не гэтае дзіця, не было б ніякага няшчасця, жылі б яны па-ранейшаму, а цяпер...
На другі дзень Ліза пайшла да Мані. З ёю пайшла і маці. Яны прыйшлі да уросшай у зямлю трухлявай хацінкі. Кватэра, у якой раней жыла Маніна сям’я, згарэла ў часе бамбёжкі. Маці з дзіцем засталася на вуліцы, а Ліза ўвайшла ў хату, каб спачатку перамовіцца з сяброўкай. У нізкім цёмным пакойчыку Манін бацька, настаўнік, на нейкім прыстасаванні рабіў з бляхі каробачкі для ваксы, дзесяцігадовы хлопчык яму дапамагаў. Маці чысціла бульбу, ля яе поркалася шасцігадовая дзяўчынка. Мані дома не было.
Ліза не ведала, што ёй рабіць: ці прасіцца зараз самой, ці чакаць Мані, ці ісці па маці.
— А хутка яна прыйдзе? — нясмела спытала Ліза.
— Яна тут недалёка, — адказала маці. — Можна паклікаць. Схадзі, Віця.
— Дзякую, — сказала Ліза, — тады і я з ім пайду.
Сказаўшы на вуліцы, каб маці пачакала, Ліза пайшла з хлопчыкам. Праз некалькі двароў ён зайшоў у дом і выклікаў Маню. Ліза пачала тлумачыць ёй...
— Добра, я папрашу бацьку, — сказала яна проста і рушыла дадому.
Ліза і маці засталіся на вуліцы. Ім здавалася, што яны чакаюць доўга-
доўга, нібы жабракі якія...
Нарэшце выйшла Маня і сказала:
— Заходзьце, калі ласка.
Калі яны ўсе ўвайшлі ў хату, то здалося, што больш ужо ніводзін чалавек не мог бы сюды праціснуцца.
— Як бачыце, у нас не надта многа вольнага месца, — горка ўсміхнулася гаспадыня. — Але нічога, будзем як-небудзь мірыцца.
— Мой ложак будзе вашым, — сказала Маня.
— А ты дзе? — спытала Ліза.
— А гэта ўжо не твая справа, — засмяялася сяброўка.
— Выбачайце нас, — сарамліва сказала Лізіна маці. — Мы вам нядоўга будзем перашкаджаць...
— Нічога, нічога, — сказаў бацька. — Свае людзі.
Маці Лізы пайшла дамоў з такім адчуваннем, нібы зрабіла нейкую прыкрую і недарэчную справу. Дома было яшчэ горш: ціха, пуста, сумна. Старыя адчувалі сябе так, нібы з хаты вынеслі нябожчыка. І зусім нецікавымі зрабіліся ўсе справы, якімі яны да гэтага жылі. Адна толькі думка ў галаве: якія пакуты чакаюць іх маладзенькую дачку? Можа, яна ніколі не вернецца? І аднекуль з глыбіні ўпарта лезла недаўменнае пытанне: навошта ўсё гэта патрэбна было?..
Ліза прасядзела ў Мані пяць дзён, пакуль бацька знайшоў чалавека, які мог падвесці яе кіламетраў трыццаць—сорак. Дні гэтыя здаваліся ёй цяжэйшымі за папярэднія: уціснулася да чужых людзей з дзіцем і сядзіць, не ведаючы, што рабіць. Хоць Маня завіхалася каля яе, хоць гаспадары глядзелі на яе спачувальна, Ліза адчувала сябе лішняй. Так непрыемна было, што яны перашкаджаюць людзям. Лізе ўсё здавалася, што гаспадары незадаволены. Часамі яна адчувала нібы здзіўленне: чаго яна тут? Чаго ёй некуды трэба ехаць? Чаму яна адарвалася ад роднага дому?