Выбрать главу

Лепей за ўсіх адчуваў сябе галоўны герой. Нібы разумеючы адказнасць становішча, плакаў ён толькі ў самых неабходных выпадках, калі ніякага другога выхаду не было. Мог досыць доўга ляжаць спакойна і паглядаць, што робіцца на свеце. Мог нават самастойна сядзець і займацца доследамі над рознымі карыснымі і бескарыснымі прадметамі, якія трапляліся яму ў рукі. Але ўсе з’явы і доследы зараз жа забываліся, калі перад ім з’яўляўся твар дарагой «мамы». Тады ўся яго радасць і шчасце, усе яго пачуцці накіроўваліся на яе адну і адразу праганялі ўсе яе згрызоты. І тады ўжо Ліза добра разумела, дзеля чаго яна адарвалася ад дому...

Нарэшце надышоў час ад’езду, яшчэ больш цяжкі, як гэтае сядзенне. Чалавек мог падвесці трыццаць кіламетраў, а далей Ліза сама павінна была шукаць выйсце...

— Хай будзе табе абаронцам і дапамогай гэтае дзіця, — сказаў на развітанне бацька. — Можа здарыцца, што там, дзе цяжка і небяспечна маладой дзяўчыне, будзе лягчэй жанчыне з дзіцем.

Бацькава пажаданне часткова спраўдзілася. Хоць дарога, перасадкі, чаканні выпадку, начлегі занялі цэлы тыдзень, але з дзіцем дзяўчына мела больш спачування і дапамогі, чым мела б адна.

Першая публікацыя.

Падрыхтоўка тэксту Марыі МІЦКЕВІЧ.