Выбрать главу

— І ў яе малое дзіця на руках...

— Не шкадуюць, людаеды, ні малых, ні старых, — сумна сказала маці.

— Мы павінны выратаваць хоць гэтае дзіця, — сказала Ліза, пазіраючы на маці знізу ўверх.

— Што ты кажаш?! — адхіснулася маці. — Як гэта зрабіць?

— Я заўтра пайду і вазьму яго.

— Куды ты пойдзеш? Цябе немцы заб’юць!..

— Узяць можна — праз агароджу.

Маці зусім разгубілася.

— Куды мы з ім дзенемся? Даведаюцца — і мы ўсе загінем.

— Трэба зрабіць, каб не ведалі. Дзіцё малое.

— А колькі яму?

— Тры ці чатыры месяцы.

Маці аж пляснула рукамі.

— Тры месяцы?! Што мы з ім будзем рабіць?

— Не ведаю.

Маці з дакорам паківала галавой.

— Вось у тым і справа, што ты кажаш, чаго сама не ведаеш. Яно зусім малое, ад маткі. Як і чым будзеш яго карміць?

— А хіба не бывае такіх выпадкаў?

— Вядома, бывае. Але хто добраахвотна возьме на сваю галаву такую бяду? Ды яшчэ ў такі час.

Цяпер ужо Ліза паглядзела на маці з дакорам.

— Мама! Там жа горшая бяда...

Маці заміргала вачыма і прамовіла:

— Ведаю я гэта, але што мы можам зрабіць? Колькі народу цяпер гіне ўсюды. Хібы мы можам усім дапамагаць?

— Чаму ж усім? — сур’ёзна адказала Ліза. — Мы можам выратаваць хоць аднаго чалавека, і гэта будзе добрая справа.

Маці горка ўсміхнулася.

— Які ж гэта чалавек? Ён яшчэ нічога не разумее, ні гора, ні страху, ні пакуты. А калі ўзяць яго ад маткі, тады для яго будзе больш пакуты. Ну як мы возьмем яго ў такі час і ў нашым становішчы? Ён і сам загіне і нас загубіць. А што важней: жыццё невядомага дзіцяці, ці трох дарослых?

— Навошта так думаць? — з болем прамовіла Ліза.

— Трэба думаць так, як яно ёсць, — строга сказала маці, — трэба праўдзе ў вочы глядзець. Калі хочаш, скажу табе прама: не на сваю галаву бярэш ты гэтае дзіця, а на маю. Хіба ты здолееш дзень і ноч важкацца з ім, не адыходзіць ад яго? На мяне гэта ляжа, а не на цябе.

— Не мама, я буду сама! — засупярэчыла Ліза.

Маці ўсміхнулася.

— Ну вось і відаць адразу, што ты сама яшчэ дзіця. Ты зусім не ўяўляеш, што гэта такое. Зусім яшчэ невядома, ці зможам мы ў сённяшніх умовах выратаваць і выгадаваць такое маленькае дзіця, але затое добра вядома, што ад свайго жыцця нам прыйдзецца адрачыся. Людзі не ведаюць цяпер, што рабіць са сваімі дзецьмі, а ты хочаш узяць чужое. Ці ведаеш ты хоць, якое яно — ці здаровае?

— Я яго яшчэ не бачыла, — прашаптала Ліза.

Маці зноў пляснула рукамі.

— А што ты будзеш рабіць, калі яно хворае, кволае? — усклікнула яна. — Адкуль яму быць здаровым, там... Ды яшчэ трохмесячнае. Эх, Ліза, Ліза, каб ты толькі ведала, што надумала!

Матчыны словы нібы абухам стукалі Лізу па галаве. А маці тым часам падышла да самага сур’ёзнага доваду:

— І нарэшце — нічога мы не можам вырашаць без бацькі. А што ён скажа — ты і сама ведаеш. Ці можам мы патрабаваць ад яго, хворага, беспрацоўнага, каб ён яшчэ ўзяў да сябе невядомае чужое дзіця?

Ліза зусім апусціла галаву. Маці пяшчотна стала гладзіць яе па валасах, даводзячы:

— Ты думаеш, я сама не шкадую? Ты думаеш, у мяне самой сэрца не заліваецца крывёю, калі я падумаю аб усіх гэтых жахах? Але трэба і аб сабе падумаць, трэба глядзець крыху далей, трэба ведаць, што і як. Я разумею, што цябе схапіла за сэрца, але потым ты і сама пашкадавала б. Выкінь, дачушка, з галавы гэтую думку і супакойся.

Маці пацалавала Лізу ў галаву і ціхенька выйшла ў свой пакой, нібы ад хворай.

Цяпер толькі ўбачыла Ліза, якая складаная гэтая справа. Адна рэч — захацець дапамагчы, а зусім другая — як гэта зрабіць. Колькі довадаў прывяла маці — і ўсе яны слушныя. Праўда, што галоўны клопат ляжа на маці, бо сама Ліза зусім не ведала, як абыходзіцца з такім дзіцём. Праўда, што ад бацькі нельга чакаць згоды. Ведае яна, як ускладнілася б тады ўсё іхняе жыццё. Разумее Ліза, што само дзіця для яе чужое. Яна шкадуе яго наогул, як кожнае дзіця, а ніякага асаблівага замілавання да яго не адчувае. Каб замест гэтага дзіцяці ёй далі другое, ёй было б усё роўна. Гэта Ліза разумее, але...

Заўтра Рэня будзе чакаць яе. Яна спадзяецца, яна ўпэўнена, што Ліза прыйдзе. Калі не прыйдзе, то для Рэні ўдар будзе горш за смерць. А Ліза тады ўсё жыццё сваё будзе пакутаваць... Не, яна не можа не пайсці!

Ліза выйшла да маці і зноў прытулілася да яе. Маці абняла яе і спытала:

— Ну, што, супакоілася, дзетка мая?

— Мама! — загаварыла Ліза перарывістым голасам. — Каб цябе захацела бачыць перад смерцю твая сястра ці лепшая сяброўка, ты адмовілася б пайсці да яе?

— Як гэта так адмовіцца? — здзівілася маці, але зараз жа сцяміла, куды хіліць дачка і паспрабавала нешта дадаць: — Бачыш... часам бывае...