- Не турбуюся я... Слухай... Калi я...
Жэрмэн вырашыла, што зараз усё-такi дапытаецца, чаму ён ёй пазванiў.
- ...калi я трохi спазнюся...
- Ты думаеш, прыйдзецца? - перапынiла яна.
- Не... Але ж ты сама ведаеш, як усё ў нас... Можа, мне трэба будзе прапусцiць з арганiзатарамi шкляначку...
- Надоўга затрымаешся?
- Ды не... Да сустрэчы... Цалую...
Ён зымiтаваў пяшчотны пацалунак.
- Марсэль, я... - пачала была яна, але ён паклаў слухаўку.
Жэрмэн з сумам глядзела на бялiзну i адзежу вакол сябе.
Калi яна была абсалютна ўпэўнена, што першы званок i праўда быў з рэдакцыi, бо пазнала сакратарчын голас, дык гэтым разам нiшто ўжо не пацвярджала таго, што Марсэль званiў з залы "Ваграм", - наадварот, яна была перакананая: тэлефанаваў ён не адтуль.
У адзiнаццаць Жэрмэн расклала ўсё па шуфлядах. Што ж рабiць далей? Збiралася ўжо зноў узяць у рукi кнiгу. Але ўбачыла выпадкова на крэсле Марсэлева палiто з вярблюджай воўны i ўспомнiла, што колькi дзён таму прыкмецiла на iм гузiк, якi вось-вось павiнен быў адарвацца. Было тое ў горадзе, а вярнуўшыся дамоў, яна пра гузiк забылася. I вось цяпер, кiнуўшы позiрк на палiто, усмiхнулася, бо згадала iх колiшнюю размову.
Марсэль быў вельмi какетлiвы, iншы раз аж занадта. У адзеннi любiў светлыя колеры, гальштукi падбiраў яркiя.
Неяк ранiцаю ў Марсанзе, яшчэ да таго, як загаварылi пра кватэру, яна сказала яму:
"Вы згубiлi гузiк з вашага свiтэра..."
"Не, не згубiў, ён у мяне ў кiшэнi".
"Тады дайце яго мне, я прышыю..."
"Уяўляю, што з вамi будзе, калi выйдзеце замуж!" - засмяяўся Марсэль.
"Што?"
"Я так заўсёды кажу, калi хто з сяброў жэнiцца. Маладыя жонкi так любяць прышываць мужам гузiкi, што я падазраю, быццам яны адрываюць iх наўмысна: каб зноў прышыць. Калi ў вас гэтая звычка з'явiлася да таго..."
Гледзячы на палiто, якое яна паклала ўжо сабе на каленi, Жэрмэн засмяялася. Прасунула нiтку ў iголку - i раптам намацала рукою ў кiшэнi ў мужавым палiто нешта нязвыкла вялiкае.
Яна i не думала нiколi корпацца ў Марсэлевых кiшэнях. Раўнiваю яшчэ не стала. I, магчыма, не будзе ёю нiколi, гэтак верыла яму, такому ласкаваму i пяшчотнаму.
Прадмет быў цвёрды. Ён не быў падобны нi на адну рэч, якiя Марсэль клаў звычайна ў кiшэню, i не з цiкаўнасцi, а з любовi да парадку дастала.
Калi яна ўбачыла, што гэта было, аж змянiлася ў твары. Нейкi час яна была абсалютна нерухомая, разгубленыя вочы напаўнялiся жахам.
У руцэ ў яе быў маленькi фарфоравы парсючок.
* * *
Яна паглядзела на гадзiннiк: палова дванаццатай. Ружовы парсючок ляжаў на стале перад ёю. Палiто спаўзло на падлогу. Жэрмэн набiрала нумар на тэлефонным дыску - рука ў яе дрыжала, - але кожны раз абанент быў заняты.
Яна сцiснула пальцы i раз за разам зноў набiрала нумар, быццам гэта было пытанне жыцця i смерцi i секунды вырашалi ўсё. Зноў няўдача. Жэрмэн устала, пагартала тэлефонны даведнiк i ўпэўнiлася, што нумар яна не пераблытала.
Калi Марсэль пазванiў а палове адзiнаццатай, матч толькi пачынаўся. Колькi часу iдзе бой у лёгкай вазе? Раз на раз, вiдаць, не прыходзiцца. А пасля што магло здарыцца? Цi хутка разышлiся балельшчыкi? Цi пайшлi дамоў арганiзатары адразу ж пасля iх?
- Алё! Зала "Ваграм"?
- Яна самая, панi.
- Скажыце, пане, калi ласка, матч ужо закончыўся?..
- З паўгадзiны назад...
- Усе разышлiся?.. А з кiм я гавару?
- З дзяжурным электрыкам... Тут яшчэ багата людзей...
- Зрабiце ласку, спытайцеся, цi ёсць там пан Марсэль Блан... Але, Блан... Ну, журналiст... Дык спытайцеся, цi там ён яшчэ... Ён павiнен быць з арганiзатарамi... Гэта вельмi важна... Я вас прашу, зрабiце ўсё, што можаце, каб знайсцi яго... Алё!.. Так, калi ён яшчэ там, паклiчце яго да тэлефона...
Чакаючы, яна пашкадавала, што была такая нястрыманая i цяпер вось уткнулася, мусiць, Марсэлю сваiм недарэчным званком. Што яна яму скажа?..
Можа, ён вернецца, пакуль яна будзе чакаць яго каля тэлефона. На лесвiцы пачулiся чыесьцi крокi. Не, гэта на чацвёртым паверсе. А што, калi ён узяў таксi адразу ж пасля матча?.. Марсэль не любiў чакаць аўтобусаў, а ў метро ўвогуле не ездзiў: баяўся...
- Алё... Што вы кажаце?.. Яго ў вас няма?.. А вы не ведаеце, цi...
Электрык паклаў слухаўку. Яна зноў разгублена ўтаропiлася вачыма ў ружовага парсючка на стале... Бясхвостага парсючка...
- Слухай, Марсэль, трэба, каб ты мне сказаў, - забыўшыся, вымавiла яна.
Але Марсэля тут не было. Яна была адна, i ёй раптам стала жудасна ад свайго адзiноцтва. Жэрмэн падышла да акна, адчынiла.
Ноч была светлая, цемрадзь разрэджвалася нейкiм шэрым блакiтам. Выразныя абрысы дахаў, комiнаў, кароткiх i доўгiх вулiц, абрысы зiхоткiх лiхтароў... Манмартрскi бульвар, Белая плошча, плошча Пiгаль, Мулен-Руж, сотнi начных рэстарацыяў, шынкоў, пiўнушак, усюды вакол iх - слабае святло...
Па вулiцы Каленкур паволi ўзбiралiся ўверх легкавыя аўтамабiлi. Кожны раз, калi адзiн якi спыняўся, Жэрмэн здавалася, што зараз з машыны выйдзе Марсэль i яна ўбачыць, як нязмушана павернецца ён да шафёра, каб расплацiцца, пасля кiне позiрк на iх вокны. Глядзела яна i на аўтобусны прыпынак каля дома: было позна, i з кожнага выходзiлi, падымаючы каўняры, толькi два-тры чалавекi, не больш.
- Гэтага не можа быць, Марсэль, - цiха сказала сама сабе...
Раптам яна адчула, што не можа больш заставацца ў хатнiм халаце прыйшоўшы дамоў, Жэрмэн, як звычайна, дараадзелася. Яна хутка прайшла ў спальню, узяла шарсцяную сукенку - першую, якая трапiлася. Тую самую, зашпiлька ў якой была на спiне i якую Марсэль так любiў адшпiльваць, цалуючы яе ў патылiцу.
Чаго яна баялася? Прайшло, можа, некалькi дзён цi, сама больш, тыдняў, як фарфоравы парсючок апынуўся ў кiшэнi яго палiто. Калi Марсэль апранаў яго? Трэба было ўспомнiць: у яго ж былi толькi два палiто. I ўвогуле, яна павiнна была згадаць гэта, бо кахала яго i таму ўсё ў iм прыкмячала. Сто разоў на дзень яна ўпотайкi з захапленнем разглядвала яго, асаблiва ягоную дужую постаць. А як любiла яна глядзець на мужа, калi ён тушыў цыгарэту: Марсэль рабiў гэта так элегантна!
Удзень яны яшчэ паабедалi разам, i не ў "Французска-iталiйскай" рэстарацыi, куды звычайна хадзiлi ўвечары, а блiжэй да Вялiкiх бульвараў, у "Матухны Катрын"... Але яна нiяк не магла ўзгадаць, калi ён апошнi раз апранаў гэтае палiто!..
Ва ўсякiм разе, сама меней дзён восем таму, бо на тым тыднi яна насiла палiто ў хiмчыстку.
А яшчэ ўпэўненая была, што нiчога не абмiнала ў мужу сваёю ўвагай! Ён расказваў ёй усё, нават рэдакцыйныя анекдоты. Бесперапынку званiў ёй. Яны часта сустракалiся ўдзень. Калi ў яго толькi з'яўлялася вольная хвiлiнка, ён заскокваў да яе ў краму - проста каб сказаць "добры дзень".
Жэрмэн павярнулася да балкона i, усхваляваная, яшчэ больш збляднела...
"Ты ж нiколi не ездзiла ў горы катацца на лыжах?" - спытаўся ён неяк у яе.
"Не, - адказала яна, - адзiн раз была, але як прадаўшчыца: сёстры Каро адчынялi ў Межэў сезонны фiлiял".
"Табе спадабалася там? Як ты думаеш, дадуць табе два тыднi адпачынку? Вось давяду да ладу адну справу, i махнём удваiх!.."
Чаму яна не пагаварыла з iм сур'ёзна, не сказала, што такiя забавы не для iх?.. Ёй, вядома, прыемна было гэта чуць, але яна ў гэта нi секунды не верыла. Часам ён дурыў ёй галаву i не такiмi пражэктамi, зусiм ужо фантастычнымi, i кожны з iх патрабаваў шалёных грошай, больш, чым папярэднi, быццам у iх гэтых грошай мора было - на адны ж яго рэпартажы ды яе невялiкую зарплату i жылi.