Выбрать главу

Толькi i сказала яму:

"Ты нарадзiўся, каб быць багатым. Усё хочаш мець..."

"Асаблiва для цябе, - адказаў ён нязвычна сур'ёзна. - Я яшчэ i машыну хачу купiць... З тае пары, як ведаю цябе, проста нясцерпна хачу..."

"Ты ўмееш вадзiць?"

"У мяне была колiсь машына..."

Яна не стала пытацца, калi гэта было. Урэшце, яны нiчога не ведалi адно пра аднаго - кахалiся толькi, ды ўсё. I тое, што яны сышлiся, таксама было чымсьцi накшталт вясёлай гульнi.

"У цябе ёсць бацькi?"

"Мой бацька... - пачаў быў ён i раптам змянiў тон. - Ну, вядома, у правiнцыi!.. Але ты ў маiм жыццi галоўны чалавек... Няма ў мяне нiкога болей... Займiся паперамi... Будзем распiсвацца ў дзевятнаццатай акрузе..."

У гэтай акрузе, каля сквера святога Георгiя, Жэрмэн здымала мэбляваны пакой.

"Там не вельмi брудна, у аддзяленнi мэрыi?.. Праўда, што калi мы там будзем..."

Зноў праехала таксi. Не, не спынiлася. Яна паглядзела на гадзiннiк. Мiнула поўнач. Мiнакi цяпер былi настолькi рэдкiя, што Жэрмэн нават чула, як ацiхалi ўдалечынi iх крокi.

"Мне трэба было сустрэць цябе тры гады таму..."

"Чаму?"

"Бо калi малады, дык растрачваеш час..."

Яна помнiла процьму такiх фраз. I значэння iм нiякага нiбыта не надавала, але яны пастаянна ўсплывалi ў памяцi.

Увогуле ён быў тэмпераментны, i ўсё ў яго выходзiла неяк нязмушана. Натуральная была ў яго весялосць, гуллiвая. I, аднак, бывалi моманты, калi ён рабiўся раптам вельмi сур'ёзны.

"Ты ўбачыш, што я не такi благi, як здаецца..."

"Чаго гэта ты благi?.."

Ён смяяўся, цалаваў яе.

"Урэшце, я ад iншых не адрознiваюся... Ёсць ува мне i добрае, i кепскае так перамяшалася, што, бывае, i сам не магу разабрацца, што я за тып..."

Толькi б ён вярнуўся! Пад'ехаў у таксi да дома, выйшаў з машыны, павярнуў за рог... Толькi б яна пачула на лесвiцы яго крокi!

Чаму ён пазванiў а палове адзiнаццатай?.. Чаму ў яго быў такi ненатуральны голас, нiбыта ён, калi тэлефанаваў першы раз, нешта ад яе ўтойваў?

Дарэмна яна званiла ў залу "Ваграм". Цяпер ёй гэта было ясна. Невядома яшчэ, да чаго яно можа прывесцi... Цi сказала дзяжурнаму электрыку, што яна Марсэлю жонка? Гэтага Жэрмэн ужо не памятала.

Ды не! Немагчыма, каб менавiта сёння... Чаму якраз сёння?..

Але чаму тады ён гаварыў з ёю пра адпачынак у гарах i нават пра аўтамабiль? На якую такую справу, што трэба давесцi да ладу, мог разлiчваць? Што ў яго было, апроч рэпартажаў пра спорт? Адсоткi, якiя атрымлiваў як удзельнiк маленькага акцыянернага таварыства? Але там ён мог зарабiць максiмум некалькi тысяч франкаў.

Яна зноў падышла да тэлефона. Не, не трэба. Вярнулася да балкона. На вулiцы iшоў дробны, але шумны дождж. Паветра было свежае. Уначы Парыж рабiўся больш загадкавы. Чаму ж Марсэль не вяртаецца?..

Тэлефон... Яна падыходзiла да яго, перадумвала званiць, адыходзiла, вярталася зноў...

- Алё... Мiжгароднi?.. Будзьце ласкавы, панi, дайце мне Жуанвiль, нумар сто сорак сёмы...

Глядзець гэты нумар у даведнiку ёй не трэба было.

Ёй чуўся бой гадзiннiка на тэлефоннай станцыi. Бог яго ведае чаму, але яго ўдары будзiлi ў ёй успамiн пра вялiзны, пусты бацькаў дом...

- Нiхто не адказвае...

- Пазванiце яшчэ раз, прашу вас, панi... Я ўпэўнена, што гаспадар дома... Проста спiць у гэты час - вось i ўсё... Яшчэ раз, зрабiце ласку...

Зноў званок... Чакаючы, яна ўслухоўвалася ў цiшыню... Крокi на лесвiцы... Сцiшылiся, не ягоныя... На вулiцы спынiлася таксi... Аўтобус...

- Алё... Гэта я, Жэрмэн... Ты спiш?.. Праўда, спiш?.. У цябе нiкога няма?

Загаварыўшы, яна адразу ж зрабiлася змрочная.

- Прабач, што разбудзiла... Што ты кажаш?.. Падагра?.. Даруй, не ведала... Ды не, нiчога...

Голас на тым канцы лiнii быў бурклiвы. Акурат голас чалавека, хворага на падагру, якi вымушаны быў у час прыступу ўстаць сярод ночы з ложка i спусцiцца на першы паверх да тэлефона.

- Трэба, каб ты сказаў мне дакладна, цi ведаеш такога чалавека, як Марсэль Блан...

- Мне прозвiшчаў не называюць, - раздражнёна адказаў чалавек.

- Гэта неабходна... Ты разумееш?.. Марсэль...

- А што будзе, калi адкажу?

- Ты яго ведаеш?

Нi слова адказу.

- Трэба, каб ты адразу ж адказаў... Гэта вельмi важна. Апошняе, пра што я ў цябе пытаюся... Ты яго ведаеш?

- Што ён сабой уяўляе?

- Дваццаць пяць гадоў... Прыгожы малады мужчына... Брунет, элегантны... Часта апранае палiто з вярблюджай воўны, - затаiла яна дыханне, - светлае, зусiм светлае...

Зноў цiшыня.

- Ты яго ведаеш?

- А ты?

- Якая рознiца! Адказвай. Ведаеш?

- А што будзе, калi адкажу?

- Нiчога... Проста мне трэба знаць... Ты ж яго ведаеш, га?..

Ёй здалося, што нехта падымаўся па лесвiцы. Але, як выявiлася, гэта быў кот.

- Заедзь да мяне, як захочаш...

- Не кладзi слухаўку... Чакай... Што я хачу, каб ты мне сказаў, дык толькi тое, цi збiраецца ён гэтым вечарам...

- Што?

- Ты не разумееш?

- Я думаў, ты выйшла замуж...

- Але... Гэта... - Пасля некаторых ваганняў яна даказала: - Гэта мой муж.

I чаму ёй здалося, што чалавек на другiм канцы лiнii пацiснуў плячыма?

- Iдзi спаць, - толькi i сказаў ён.

Дарэмна спрабавала яна пасля гаварыць нешта ў апарат. Сто сорак сёмы жуанвiльскi абанент паклаў слухаўку.

Ужо была палова другой ночы, а Марсэль усё яшчэ не вярнуўся. На стале побач са скрынкаю з прыладамi для швiва ружавеў бясхвосты парсючок, а палiто з вярблюджай воўны ўсё яшчэ ляжала на дыване.

Раздзел другi

ГАНДЛЯР БЯСХВОСТЫМI ПАРСЮЧКАМI

Гадзiны ў чатыры ранiцы з усiх вокнаў, якiя можна было бачыць з балкона кватэры Бланаў, святло гарэла толькi ў адным, дый тое за штораю там угадвалася постаць чалавека, якi, мяркуючы па ўсiм, даглядаў хворага.

Марсэль не вярнуўся. Ён не пазванiў, не даў па сабе знаку, i роўна а пятай гадзiне Жэрмэн вырашыла зрабiць яшчэ адзiн тэлефонны званок.

- Алё... Гэта ты, Iвэта?.. Спiш, бедная?.. Не злуйся на мяне... Ну, гэта я, Жэрмэн... Але... Хочаш выручыць мяне?.. Што ты кажаш?

Дзяўчына на другiм канцы лiнii прамармытала:

- Ну, што табе?..

Iвэта працавала разам з ёю. Гэта была мажная дзяўчына дваццацi васьмi гадоў, зусiм непрыгожая. Яна ведала сваю непрывабнасць i, адкiнуўшы ўсякую зайздрасць да панаднай Жэрмэн, патрапляла заставацца лепшай яе сяброўкай сама вясёлай i зычлiвай.

- Хуценька апранайся, няважна як. А каб хутчэй паспела, закажу табе таксi. Адразу ж едзь да мяне...

Сказаўшы: "Ну, што табе?.." - Iвэта не выявiла нi здзiўлення, нi цiкаўнасцi. Праз чвэрць гадзiцы яна ўжо была ў Жэрмэн.

- Ты, мусiць, здзiўлена...

- Усякае бывае, цётка...

- Марсэля няма...

- Я i не сумнявалася. Калi б быў, ты б мяне не клiкала...

- Я табе пазней усё растлумачу... Не, скажу табе шчыра, я не змагу растлумачыць гэта, нават табе...

- Куды мне iсцi шукаць яго?.. Сказаць яму, што ты захварэла цi што стралялася?

- Гэта я выйду... Ты застанешся тут... Толькi слухай... Сядзi каля тэлефона... Пазвоняць - запiшы як след, што скажуць... Калi гэта будзе Марсэль, скажаш, хто ты... Ён цябе ведае... Скажы яшчэ, што я выйшла i хутка вярнуся... Калi ж ён прыйдзе, скажы тое самае... скажы, што я ўстрывожылася... i пайшла яго шукаць...

- Палова пятай, - заўважыла Iвэта. - I раздзявацца не варта... Можна легчы на канапу?..

- Вядома!

- Пiць у цябе нiчога няма?..

- Ёсць бутэлька каньяку ў насценнай шафе...