Ёсць людзi, якiя проста чуюць бяду. Вось i гэтая жанчына была такая. Нельга нiчым выдаць сябе! Жэрмэн, падабраўшыся, адказала з усмешкаю:
- Гэта муж паслаў дадому сакратарку з рэдакцыi перадаць мне, што тэрмiнова адбывае ў Лондан... Там сёння сур'ёзны матч... Марсэля паслалi ў сама апошнi момант... Мне трэба было завезцi ў рэдакцыю яго рэчы...
- Дык добра!.. А то я падумала, што ў вас хто-небудзь захварэў...
Жэрмэн выйшла на вулiцу, купiла газету. Зайшла ў бар i, нязмушана гартаючы газету, выпiла кавы i з'ела рагалiк.
Матч у зале "Ваграм"... Рэпартаж на тры чвэрцi калонкi... Падпiсаны Марсэлем Бланам.
Гэта зрабiла на яе такое ўражанне, быццам яна атрымала раптам лiст ад чалавека, якi ўжо даўно памер, цi ўбачыла яго раптам у кiнакронiцы.
Але не! Марсэль не памёр!
Яна з'ядае яшчэ тры рагалiкi. Ёй сорамна, што так шмат есць уранку, але яна галодная. Чатыры рагалiкi!
Прачытаўшы рэпартаж, Жэрмэн адразу зразумела, што напiсаны ён не Марсэлевай рукою. Ёсць нешта ў гэтых радках не ўласцiвае яму: пабудова асобных фраз, выразы, словы... Ёй вядома, што час ад часу журналiсты робяць адзiн аднаму такiя паслугi: пiшуць за калегу i пасылаюць у газету патрэбны матэрыял.
Вярнулася ў кватэру. Глынуць, каб узбадзёрыцца, каньяку? Iвэта, аказваецца, выпiла амаль усю бутэльку. Жэрмэн заўсёды падазравала, што сяброўка не грэбуе спiртным. Яна дапiла рэшту i выпрасталася на канапе: забалелi ныркi. За тое, што выпiла, было сорамна яшчэ больш, чым за жудасны апетыт, але яна заснула.
У газеце не было паведамлення нi пра якi кватэрны ўзлом, нi пра iншае здарэнне, якое магло б датычыць мужа.
Але гэта нiчога яшчэ не значыла: не кожная ранiшняя газета газета паспявае паведамiць пра ўсе начныя здарэннi, а тут яшчэ яна чытала тую, у якое працуе сам Марсэль!
Дзесяць гадзiн. Тэлефон маўчаў. Праз паўгадзiны на Вялiкiх бульварах пачнуць прадаваць дзённыя газеты. Жэрмэн апранулася. I хоць яна i выпiла ўсяго толькi два-тры глыткi каньяку, адчуванне было такое, як пасля сапраўднай гулянкi. I як гэта Iвэта магла выпiць ажно тры чвэрцi бутэлькi?
У кашальку - троху меней за сто франкаў. Нягуста! Але ўсё ж яна ўзяла таксi!
Купiла ў вулiчнага гандляра газету. Ногi зрабiлiся проста ватныя. Яна i праўда была п'яная - i гэта нагадала ёй адзiн вечар, калi яны былi разам з Марсэлем у гасцях i выпiлi лiшняе...
Зайшла ў кавярню "Мазарынi" - i вось там раптам убачыла на першай старонцы газеты тое, што шукала: "Няўдалы напад на кватэру графа Ньёля".
Граф i Маленькая Графiня - так завуць у свеце яго жонку за яе мiнiяцюрныя фiгурку, тварык i неверагодную рухавасць... Арыстакраты, якiя займаюцца ўсiм: спортам, мастацтвам, кiно... Пастаянна выбiраюцца на балi, кактэйлi i розныя iншыя вечарыны. З Енскага праспекта, на якiм знаходзяцца мастацкiя выставы-аўкцыёны, у iх кватэру шмат чаго прыбывае. Аднаго разу Жэрмэн хадзiла да iх з Марсэлем на адкрыты вечар паглядзець на калекцыю твораў жывапiсу. Было сама мала трыста чалавек: журналiсты, акторы тэатра i кiно, знакамiтыя дактары i адвакаты... Стаяў гармiдар.
"Глядзi, - сказаў Марсэль, - у iх, бадай што, сама прыгожыя Рэнуары ружовага перыяду..."
Яна амаль што нiчога не ўбачыла. Надта ўжо зашмат было народу. Слугi, падыходзячы да кожнага госця, налiвалi вiскi, шампанскае проста бесперапынна. Можна было сказаць, спiртное лiлося ракою.
Вось тое, што яна так доўга хацела ўведаць уначы: граф i графiня Ньёль. Матч па боксе яны не прапусцяць, гэта ўжо напэўна: iм гэта тое самае, што тэатральная прэм'ера... Безразважная Маленькая Графiня проста зачараваная гэтым мужным спортам...
"Гэтай ноччу на кватэру вядомых усяму Парыжу графа i графiнi Ньёль быў зроблены напад з узломам, якi ледзь не закончыўся смерцю рабаўнiка. Граф i графiня былi тым часам на матчы па боксе ў зале "Ваграм". Цiкавая дэталь, выяўленая неўзабаве пасля замаху: вярнуўшыся дамоў у дзве гадзiны ночы, графiня заўважыла, што згубiла на матчы ключ ад кватэры, якi быў у яе сумачцы яшчэ тады, калi яна выпраўлялася з дому. Гэты факт дазваляе меркаваць, што напад не быў запланаваны загадзя i насiў выпадковы характар.
Невядомы..."
Жэрмэн збялела.
"...якi трапiў у кватэру, скарыстаўшыся ключом, у дванаццатай гадзiне, мог завалодаць iм толькi ў зале "Ваграм". Немагчыма, каб ключ быў наўмысна ўкрадзены якiмсьцi спрытным "кiшэннiкам": сумка ў графiнi была на засцежцы-маланцы.
Маленькая Графiня, як заве яе ўвесь Парыж, згадала, што калi яна падыходзiла да свайго месца, то дастала з сумкi насоўку. Можа, ключ упаў на падлогу якраз у той самы момант? У натоўпе ёй самой цяжка было тое прыкмецiць.
Ва ўсякiм разе, той, хто падняў ключ, добра ведаў, каму ён належаў i якую можна тут мець выгаду.
Далей невядомы трапiў у кватэру, у якой нiкога не павiнна было быць. Толькi выпадак прывёў у яе дзядзьку графiнi Ньёль пана Марцiно, якi зайшоў да пляменнiцы ўвечары i, адчуўшы стому, застаўся ў кватэры адпачыць замест таго, каб пайсцi на матч у зале "Ваграм".
Ледзь ён заснуў, як яму пачуўся шум у вестыбюлi, дзе былi вывешаны сама каштоўныя палотны з калекцыi гаспадароў. I, натуральна, спалоханы, пан Марцiно ўзяў у рукi рэвальвер..."
Словы, лiтары расплывалiся. Прагнучы ведаць, чым усё скончылася, Жэрмэн усё ж была вымушана, каб дайсцi да сэнсу, перачытваць кожны радок па два-тры разы. Хлопчык-афiцыянт паставiў на яе стол мандарынавы лiкёр.
"У вестыбюлi стаяў на крэсле невядомы з кiшэнным электрычным лiхтаром. Убачыўшы пана Марцiно з рэвальверам у руцэ, ён выключыў лiхтар, скочыў на падлогу i збiў графiнiнага дзядзьку з ног ударам кулака.
Устаўшы, пан Марцiно стрэлiў, будучы, як ён кажа, у стане афекту. А куля выпадкова трапiла ў злодзея, бо i на дыване, i на лесвiцы былi знойдзены сляды крывi.
Наколькi цяжка быў ранены нападчык? Немагчыма меркаваць аб гэтым цяпер, але, бясспрэчна, яго арышт - пытанне сама блiзкага часу. Вечарам вы, напэўна, ужо даведаецеся пра тое. Пан Марцiно, чалавек у гадах, да таго ж яшчэ i збянтэжаны незвычайным здарэннем, не мог дагнаць злодзея.
Напэўна, iм быў або дэбютант у гэтай справе, або аматар-выпадковец - але толькi не рэцыдывiст-прафесiянал. На гэтую думку наводзiць той факт, што шум, якi пачуў дзядзька Маленькай Графiнi, быў выклiканы падзеннем вялiзнай сэўрскай вазы, рэчы сапраўды гiстарычнай, вельмi вялiкай каштоўнасцi: датуецца яна напалеонаўскай эпохаю. Стаяла ваза пад адмысловай карцiнай Рэнуара ружовага перыяду "Купальшчыца", якую, бадай, усхваляваны прафан-няўдалiца выпусцiў з рук, ледзь зняўшы.
Вось i ўсе нашы здагадкi, якiмi мы можам падзялiцца з чытачом. Але ў зале "Ваграм" было, заўважым, некалькi тысяч гледачоў - i..."
Жэрмэн машынальна выпiла лiкёр, склала газету i паклала яе ў сумку.
Нягледзячы на ўсё, што здарылася, вочы ў яе, калi яна выходзiла з кавярнi, свяцiлiся радасцю. Яна была ўпэўнена: Марсэля яшчэ не ўзялi! Хвалявалася i таму яшчэ, што некалькi гадзiн назад сама аб усiм здагадалася.
Яна прайграла загадзя ў сваiм уяўленнi ўсю гэтую гiсторыю дзякуючы толькi званку Марсэля а палове адзiнаццатай i знойдзенаму ў кiшэнi ў мужавым палiто бясхвостаму фарфораваму парсючку. Яна ўжо бачыла i постаць невядомай тады яшчэ ёй арыстакраткi, якая ўпусцiла ключ, i пра Рэнуара згадала - сама.
А што больш за ўсё было ёй прыемна ўведаць, дык гэта тое, што ён быў няспрытны! Выпусцiў карцiну на сэўрскую вазу. Можа, рукi ў яго дрыжалi? Ва ўсякiм разе, яму было страшна. Ён паводзiў сябе, быццам пачатковец або нявопытны дылетант, якi кажа сабе: