Выбрать главу

І

У глухім павятовым горадзе, у цёплы маёвы вечар, гуляюць на бульвары.

Кусты бэзу і акацыі пояць паветра мляўкім, п'яным водарам. У ліповым лісці гудзяць хрушчы.

Сярод увабранага панскага натоўпу гуляе з кавалерамі і Юлечка Пухальская, курносенькая, круглавідзенькая, здаровенькая гімназістачка.

Яна тут, у N, гасцюе ў бяздзетнае цёткі свае, фельчарыхі. А вучыцца яна ў гімназіі ў сваім родным, павятовым таксама горадзе, адкуль па яе гэтымі днямі павінен прыехаць бацька.

І яна хоча нагуляцца, колькі можна, перад ад'ездам.

А ўвосень вытрымае пераэкзаменоўку з матэматыкі — і сямікласніца...

— Ай, не кажыце... Ай, як паеду, дык і ўсё, — страляе яна вочкамі ў правы бок, дзе асістуе пухлы гімназіст з прышчыкамі на падбародку.

— За што вы мяне крыўдзіце? — уздыхае і мнагазначна адказвае кавалер.

З левага боку ў яе — два кавалеры, вучні тутэйшае сельскагаспадарчае школы, кароценькі і доўгі. Кароценькі ідзе бліжэй да Юлі, і, відаць, ён пазнаёміў і памагае ў тых справах свайму даўгому, маўкліваму і дзікліваму таварышу.

— Без чыгункі, гэтага, дужа дрэнна, а ў нашай губерні, гэтага, блізка што ўсе павятовыя гарады, гэтага, без чыгунак, — вымучыў-ткі доўгі што сказаць.

Усе чакалі, калі ён скончыць, а ён аж угрэўся, пакуль скончыў.

— А па вас, Юля, сваіх коні прышлюць з фальварка ці прыйдзецца ў дыліжансе ехаць? — спытаўся кароценькі. Яму гімназіст казаў, што ў Юлінага бацькі ёсць свой маёнтак.

— Ай, я і сама добра не ведаю, — прамовіла і нешта змоўкла.— Ай, мусіць, з дому прышлюць коні.

Яна хацела сказаць: каня, ды ўсё роўна сказала «коні». Ці яны праваджаць прыйдуць? Яна не скажа, калі паедзе.

— Як я вам зайздрошчу, Юля. Паедзеце ўлетку ў свой фальварак, а там, пэўна, рэчка, лес, ягады, птушачкі, краскі, ай, ай... — звінеў кароценькі. — Я там залез бы ў кусты і сядзеў бы з кніжкаю цалютанькі дзянёчак, каб ніхто і не знайшоў...

— Што мне да ўсяго таго, калі я з паннай Юлічкай астатнія, можа, разкі гуляю ўжо, — ціхенька і наўмысля невыразна сказаў гімназіст, залішне пахіліўшыся да дзяўчыны.

Хлопцы з другога боку нічога не ўчулі, а Юля: «Што? Што?» — і прыкінулася, быццам не ўсё зразумела, але радасна, дробненька засмяялася. І сэрца ў яе трошку замлела.

— Вазьміце і мяне ў свой фальварак, — неспадзявана адважыўся пажартаваць і цыбаты кавалер.

ІІ

Шляхціц Пухальскі жыў у горадзе і пісаўся мешчанінам, але, маючы за горадам кавалак зямлі, ён, як звычайны земляроб, капаўся ў зямлі, жыў з зямлі і, хоць хадзіў у ботах, нічым не розніўся ад акалічнае лапцёвае шляхты і заможных мужыкоў.

Па жонцы ён меў заможную радню. І Юльку сваю пачаў вучыць, што дужа таго хацела і троху памагала фельчарыха, родная сястра яго жонкі, і што не даў бог хлапцоў. Яна ж, тая цётка, і хрысціла Юлю.

У суботу па абедзе ў поле ён не паехаў. Пусціўшы каня па атаву за садам, ён пачаў рыхтаваць калёсы. Выцягнуў іх з-пад павеці, завярнуў, заслаў саломкаю.

— Вось сёння яшчэ пасеяў бы што, дык час дарма трачу дзеля твае круцелькі, — казаў ён жонцы, шукаючы пад павеццю мазніцу.

Жонка навыбірала бярэмца трэсак, пякла багатай сястры розныя пампушкі на гасцінец, і прыстоела.

— Такая мая круцелька, як і твая. Было не аддаваць дзеўку ў навуку. Таму што не дзявоцкая заняція... Вось і мне помач бы ўжо была, а то гэткія выдаткі на яе, і ўсё мы адны, старыя, мардуемся. Мне яшчэ трэба яе абмыць, абшыць, пакуль з той навукі якая карысць выйдзе.

— Ну, засакатала. А чаму хлопца не радзіла, а падаравала лялю, як сама.

Пухальчыха пабегла ў хату падкідаць трэскі, каб не спусціць у печы, а сам пан Пухальскі падсунуў пад перад жэрдзь, падпёр яе дугою і пачаў выцягваць загваздку. Ён ужо быў даволі стары чалавек, і паднімаць калёсы рукою без такой прыснады было яму цяжка.

Загваздка прыкарэла ў каланіцы і не вылазіла. Пухальскі пашукаў лычка, зачапіў яе лычкам, сагнуўся і пацягнуў. Загваздка раптам выскачыла, дуга завалілася і падняты перад калёс стаў на зямлю — стары ледзь паспеў адхінуць галаву.

Ён пачухаў патыліцу і паклікаў жонку.

Тады паня паднімала калёсы, а пан знімаў каток і шпарка вазёкаў па восі дзёгцевым квачам, каб не сцякло многа дзёгцю без карысці на зямлю.

Так старыя падмазалі калёсы, пракацілі іх троху па падворку, каб дзёгаць разышоўся па трубцы і не капаў.

Дарога мелася не блізкая, вёрст з паўсотні.

Пакарміўшы каня і справіўшыся па двары, прыйшоў Пухальскі ў хату, пасварыўся троху з жонкаю за муку, пагаліўся, памыўся з мылам, надзеў белую кашулю і даматканую суконную тройку, папалуднаваў і, паказаўшы жонцы, як і што ў двары, падвечар выехаў на сваім сіўчыку па дачку.