Дэп. Новік (Шушкевічу): Колькі праз Беларусь на захад прайшло зладзейства? Ці лічыце вы, што калі б мы не засцерагліся і дапусцілі, наш Урад пайшоў бы на здачу беларускай Дзяржаўнасці, нашай незалежнасці?
Шушкевіч. Не хачу, каб з майго дакладу рабіліся такія высновы...
(Рэпліка Станкевіча — напаўголаса, для блізкага акружэння: „Столькі выпіўшы, можна яшчэ і не так гаварыць!” О-о-о, усе ў адну дудку!)
Дэп. Скарынін. Здзекліва іранізуе, што Шушкевіч не ведае зместу Дагавора аб калектыўнай бяспецы. О, як прыпірае Станіслава да сцяны! Дэп. Вайцянкоў: Паедзьце з Кебічам у Маскву, і праз два тыдні мы тут збярэмся і абгаворым сітуацыю. Бо сёння ў зале надта многа істэрыкі. Вы досыць паспешліва і нечакана для многіх праінфармавалі, а трэба спакойна, не так, як сёння... З’ездзіце пагаварыце ў Маскве...
30 чэрвеня
У „Розным”. Дэп. Ніканчук — аб школьных падручніках: сітуацыя на сёння катастрафічная, вучыцца няма па чым.
Дэп. Звераў. Мільёны даляраў пускаюць на чорт ведае што, а на лекі дзецям няма і цэнта! (Малайчына, Звераў!)
Па дакладу С. С. Шушкевіча (працяг). Дэп. Грыб. Вельмі настойліва — у абарону Дагавора аб калектыўнай бяспецы. (З унутраным напорам супраць Шушкевіча.) Дэп. Слямнёў. Спакойна тлумачыць, што праблемы з падпісаннем Дагавора па сутнасці няма. Апраўдвае дзеянні Шушкевіча.
Дэп. Піскароў. Рэкамендуе Шушкевічу ехаць у Маскву да Ельцына, а не ў Злучаныя Штаты да Клінтана. Дэп. Грынёў. Гаворыць спакойна, разважліва, — але! Як і Піскароў, рэкамендуе паехаць у Маскву, а не ў Амерыку. Дэп. Скарынін. Патрабуе прагаласаваць за давер Шушкевічу па галоўных пытаннях: Дагавор, КДБ, Рэферэндум і інш. Дэп. Зданевіч. Спакойна, але настойліва гне сваё (прыватызацыю). Дае ў косці і Шушкевічу — за непаслядоўнасць, за непадтрымку ў многіх пытаннях дэмакратаў.
Дэп. Сцепаненка (Шушкевічу): Ці ёсць у вас крэда? Лінія? Дзе паслядоўнасць? Што за „изворотливость”? Гэта ж палітычная спекуляцыя! Вы — як прафесійны акцёр! Перастаньце хітраваць! (Бросьте лукавить!) Патрабую: даклад Шушкевіча не прымаць! Паездку ў ЗША адмяніць! На чарговай сесіі паставіць пытанне аб даверы Шушкевічу!
(Даўно падазраваў, што гэты былы першы сакратар з Жыткавічаў належыць да ліку крайніх ачмурэлых. Помню, як ён не захацеў сустрэцца са сваім дэпутатам ВС Васілём Быкавым — ухіліўся, схаваўся ад гасцей. Прыехалі — у яго была нарада ў райкаме, і нас папрасілі пачакаць. А потым—няма! Знік! Сакратарка: „Наверное, куда-то срочно позвали.”. Куды? У Мінск? Дык папрасі прабачэння — і госць-дэпутат зразумее...) Дэп. Майсееў: Прэм’ер-міністра — неадкладна ў адстаўку! Наш Савет здольны на разумныя рашэнні. Дэп. Трусаў А. З чаго пачалося ў нас канфліктаванне? З пытання аб уласным войску. „Увесь урад сёння ж у адстаўку!” Дэп. Дзейка (у працяг Трусава): Хто і сёння ў дзяржаўных крэслах? Усе тыя ж чыноўнікі антыбеларускай загартоўкі! (Малайчына, Дзейка!) Дэп. Гілевіч. (Колькі гаварыў — увесь час бачыў, як генерал Піскароў вульгарна паводзіць сябе, ёрнічае, „лыбіцца”, бо — за трыбунай „не той”, і не тое, што ім трэба, кажа. Ды яшчэ і не на той мове.)
1 ліпеня
У „Розным”. Дэп. Даўлюд. Падобна, што дэпутаты Лукашэнка, Станкевіч, Скарынін і інш. страцілі чалавечае сумленне.
Дэп. Даўгалёў. (Ад групы „Згода”.) Урад не здольны вырашаць найважныя праблемы, структуры — усе — камуністычных часоў. Змянілі вывескі — і толькі! (У зале шумяць — не падабаецца. А ён — ох і пляжыць. Ох і пляжыць!) Няма канстытуцыйнага ўрада! Ёсць прапановы па новых назначэннях.
Абмеркаванне даклада Шушкевіча (працяг).
Дэп. Грынёў. Трэба распрацаваць доўгатэрміновую эканамічную палітыку. Для гэтага — Шушкевічу сустрэцца з Ельцыным. Шушкевіч прымае прапанову. Падтрымалі
і галасаваннем. Дэп. Трусаў. Адмяніць паездку афіцыйнай дэлегацыі на чале з Шушкевічам у ЗША, а заняцца тут наспелымі праблемамі. Дэпутата Вярцінскага А. І. заглушылі. Заглушаюць і дэп. Заблоцкага крыкуны з фракцыі „Беларусь”. Дэп. Карпенка паездку падтрымаў, але. з агаворкамі. Паездкі фармальныя, гасцявыя, з жонкамі і дзеткамі — навошта? Дайце праграму паездкі! (Даўно бачу, што Карпенку наш спікер нечым не задавальняе.)
Шушкевіч дакладвае, што ў праграме, але скомкана. Дэп. Цярэшка. Заклікае: Будзем памяркоўнымі! Гэта не проста візіт старшыні ВС, а візіт кіраўніцтва дзяржавы. Прадугледжана падпісанне многіх пагадненняў. (У зале шумяць, крычаць, адчуваецца агульная непрыязнасць да ЗША.) Дэп. Гетц. Чаму не ў кампетэнцыі ВС задума паездкі? Іменна Вярхоўны Савет павінен рашаць! (Крычыць.) Чаму іменна гэтыя ў дэлегацыі людзі? Дэп. Мачуленка. Не трэба сёння галасаваць прапановы!