Выбрать главу

Дэп. Садоўскі П. В. Колькі будзе цягнуцца пераходны перыяд з агульным рублём, агульнай рублёвай зонай? Павінна быць камісія, якая б выпрацавала праграму выратавання эканомікі. Гэта зробіць абноўлены Урад — толькі абноўлены! Далей П. В. робіць бліскучы аналіз, куды пайшлі грошыкі і адкуль іх узяць. (Куды ўцяклі капіталы?) Дэп. Сукач М. Д. Узнікла патавая сітуацыя — з-за канфрантацыі ВС і СМ. Няма агульнай стратэгіі — вось бяда! Чаму ў нас павінна быць горш, калі маюцца ўсе ўмовы, каб было лепш? Адкажыце, хто вінаваты? Вячаслаў Францавіч, ніколі не хітрыце! Я — за ўласную беларускую валюту! Але — не за ізаляцыю!.. Вячаслаў Францавіч, вы кажаце: мы не дапусцім разва­лу сельскай гаспадаркі. Ды яна ж ужо развалена! Калгас ужо не корміць, а фермер тым больш не можа карміць, бо не мае падтрымкі. Нам ёсць чым гандляваць з усім све­там, а не залежаць ад Расіі! (Ой, як разумна гаворыць!) І яшчэ: трэба пакончыць з хаосам у мясцовых уладах! Скараціць начальнікаў усіх рангаў (скароцяцца шафёры, бензін, сакратаркі!).

Дэп. Чакушоў У. М. Нашто нам рабіць самазвалы і столькі трактароў, не маючы сваёй матэрыяльнай базы (вугалю, руды)? Знізілі экспарт, прадаём за бясцэнак. Перавагі клірынга відавочныя, але мы не ўмеем ім карыстацца.

Дэп. Турак А. М. Чаша цярпення перапоўнена. Ха­ваем ад людскіх вачэй бяздзейнасць. (Слухаюць, як і папярэдняга, кепска!) Яўны здзек з вытворцаў! „Беспре­дел” ва ўзаемаразліках з краінамі СНД.

Дэп. Андрэйчанка У. П. У сельскай гаспадарцы мы дайшлі да небяспечнай рысы. Усе калгасы сталі аднолькава беднымі. У жніўні працуем у полі па 6—7 гадзін — удумайцеся! „Не будзе вёскі — не будзе і рэспублікі!” (!!!) Пастаўлялі ў Расію 300 тысяч тон мяса, зараз — 40 ты­сяч тон. Павярнуць бюджэт на сельскую гаспадарку! Непарытэт цэн — галоўная прычына гібелі сельскай гаспадаркі! Сёння крэдытаванне сяла — ніякае. Трэба даць вёсцы ільготныя крэдыты! Разлік за здадзеную сельскую прадукцыю праводзіцца несвоечасова, а грошы абясцэньваюцца.

Дэп. Цялежнікаў У. І. Ні адно рашэнне Вярхоўнага Савета не давялі да канца — за ўсе тры гады. Мы спадзяваліся на палітычны цуд, а ён не адбыўся. Але яшчэ многія ў яго вераць. І эканамічнага цуда не будзе. Адказнасць на нас. Трэба правесці структурныя змены ў Савеце Міністраў.

Дэп. Цярэшка І. І. Аб рабоце Нацыянальнага банка: яго палітыка прывяла да вялікіх страт у народнай гаспадарцы, да іншых страт. (Рэпліка з залы: „Усё ў руках Са­вета Міністраў, а не банка!”) Прапаную падпарадкаваць Нацыянальны банк Прэзідыуму Вярхоўнага Савета. (Ну і прапанова!)

Дэп. Навумчык С. І. дае ацэнкі дакладам Шушкевіча і Кебіча. „Вы, Вячаслаў Францавіч, чатыры гады ўзначальваеце Урад — і што зрабілі? Зарплата — 26 адсоткаў „спажывецкага кошыка”. Пазыка — ужо каля двух мільярдаў даляраў. Хто разлічыцца? Наступныя пакаленні народа? Савет Міністраў займаецца не эканомікай, а палітыкай і палітыканствам. Прапаную стварыць пераходны кааліцыйны Урад. З гэтым мы, апазіцыя, і выйшлі на Сесію.

Дэп. Трусаў А. А. Згодніцкая палітыка Шушкевіча карысці народу не дала. Паглядзіце на харомы сучасных буржуяў вакол Мінска і іншых гарадоў — хто жыве і будзе жыць у іх? Урад даў прастору жулікам, злодзеям. Зняў мытню з аднаго боку. Мае прапановы: першая, трэ­ба стварыць кааліцыйны Урад, другая, скараціць колькасць міністраў (і яшчэ восем прапаноў!).

Дэп. Жыдзіляеў І. І. Так і не зразумеў з дакладу Кебіча, ці бачыць Урад крызіс эканомікі. І ў Шушкевіча мала канкрэтных прапаноў.

Дэп. Карпенка Г. Дз. У дакладах няма аналізу крызісу ўлады на ўсіх узроўнях. Ідзе працэс палітычнага развалу дзяржавы. Перад намі два шляхі выйсця: дрэнны і зусім дрэнны. (Абмалёўвае гэтыя шляхі.) Галоўная задача — выратаванне насельніцтва ад голаду і холаду. (Малайчына!)

Дэп. Какоўка В. Ф. Спасылаецца на сваю нацыянальную валюту ў Казахстане і Узбекістане. Прыводзіць прыклад Германіі пасля вайны: стабільнасць валюты (грошай) і цэн. Гэта галоўнае права чалавека — стабільнасць. Асноўнай задачай сёння бачу змену прэм’ера.

Дэп. Жук А. М. Крытыкуй — каб самому дарвацца да ўлады, — і ўсё! Многія так і робяць. Аб справах у Аграпроме скажу так: горш, чым дзе б ні было!

Дэп. Лукашэнка А. Р. (Крытыкуе даклад Шушкевіча, але — не пераканаўча, абы прычапіцца. Нічога канструктыўнага не сказаў. Агульнае ўражанне — дэмагогія і папулізм.) „А дзе, Станіслаў Станіслававіч, былі вы? З вамі з гэтага крызісу мы не выйдзем! Прапаную вызваліць ад пасад і Шушкевіча, і Кебіча”. (Шушкевіч тут жа даў водпаведзь.)

Дэп. Каўбаска М. І. Вельмі ўпэўнена — за сваю беларускую валюту як за сімвал незалежнасці. (Малайчына, Каўбаска, не чакаў!)