Дэп. Камай А. С. Корань усіх бед зусім не там, куды паказвае Шушкевіч. А ў Віскулях! У рыначнай стыхіі, якая можа запанаваць у рэспубліцы! У дакладах Шушкевіча і Кебіча няма эканамічных разлікаў. Шушкевіч хай выконвае волю Вярхоўнага Савета! У сельскай гаспадарцы патрэбна мэтавая дзяржаўная праграма па вытворчасці прадукцыі (мяса і малака).
Дэп. Грынёў М. Ф. Рэзка крытыкуе Шушкевіча і тых, хто супроць агульнарублёвай зоны. „Давайце гандляваць! Працуем на склад, а трэба везці ў Расію! Я — за незалежнасць, але гэта трэба рабіць паступова, разумна, узважана, а не з ходу!” (??? Што гэта значыць?) Рожкі-ножкі засталіся ад абяцанняў. Помнік паставяць Кебічу і Чарнамырдзіну за падпісанне пагадненняў аб далучэнні... да Расіі.
Дэп. Крыжаноўскі М. К. Хваліць даклад Шушкевіча; Кебіч прачытаў той самы даклад, што і шмат разоў раней. Урад не ажыццяўляе законы. (У зале шумяць.) Б’е наменклатуршчыкаў за катэджы: цэмент бяруць па 70 рублёў мяшок, шпалеры — па 3,5 рубля метр. „Гарызонт” праеў крэдыт на 20 млн. марак, а выраб тэлевізараў знізіўся на 140 тысяч. (Сапраўды, дзіўна! Дзе ж плён ад крэдыту?) Жудасныя страты БелАЗа!..
Дэп. Грыб М. І. У дакладах прагучала сур’ёзная крытыка і самакрытыка. Расійскія тавары складуць нашым моцную канкурэнцыю. Не забываць і аспекты палітычныя! Павінен быць рэальны падзел уладаў і паўнамоцтваў.
Дэп. Жукоўскі М. Дз. У дакладах бачанне выйсця ёсць, задача ў тым, каб аб’яднаць намаганні. У свеце 170 рыначных дзяржаў, а працвітаюць з іх — 20—30. А чаму? Рыначныя адносіны павінны быць рэгуляваныя! Трэба сыходзіць з тых пазіцый, на якіх былі, калі звалілася на нас незалежнасць Беларусі. Сродкаў аднаго бюджэту не хопіць на сацыяльна незабяспечаных. Гуманітарная дапамога часта паступае абы-каму, а не ў дзяржаўны фонд.
Дэп. Спіглазаў А. Ф. Эканоміка не церпіць эксперыментаў. Нам абавязкова патрэбная свая валюта! Трэба мяняць склад Урада, і ёсць кім замяняць у самім Урадзе.
Дэп. Баршчэўскі Л. П. З агульнай рублёвай зонай страцім і ўнутраны рынак—канчаткова! Задача Урада — прагназаваць, што будзе. Урад ставіць на палітычную карту, і нас ужо не ўспрымаюць як самастойную, незалежную краіну. Неабходна зрабіць поўныя замены ва Урадзе! Вячаслаў Францавіч, падайце ў адстаўку — і я складу свой дэпутацкі мандат і не буду выбірацца на чарговых выбарах!
Дэп. Пазьняк З. С. Віна Кебіча — у разбурэнні эканомікі і многага іншага. Прычына — у палітычных пазіцыях Кебіча. Ён — за адраджэнне СССР, за ліквідацыю незалежнай Рэспублікі Беларусь, за ператварэнне Беларусі ў эканамічнае падмаскоўе. Самая вялікая шкода, нанесенная Урадам, — паліўны голад. У Балтыі — свая валюта, і таму — зусім іншае становішча. (Дае Кебічу і ў хвост і ў грыву!) „Што гэта за скамароства? Адкуль гэта глупства? Апрача дзяржаўнага самазабойства — Кебіч не бачыць выйсця. Ён не бачыць і не разумее, як выйсці з крызіснага становішча.
Дэп. Данілевіч І. М. Нагадвае пра гучную заяву Урада „легчы пад паравоз” — калі спатрэбіцца. „Буду гаварыць пра сельскую гаспадарку. Кожны дакладчык лічыць, што праўда ў яго. А я не бачу праўды ні ў аднаго, ні ў другога. Усходнія немцы не ліквідавалі сельгаскалектывы. Усякая стратэгія пачынаецца з земляробства. Я, кіраўнік аграфірмы, прадаў усю прадукцыю — і стаў у шэсць разоў бядней. Што ж гэта? Скажыце: калі пяройдзем на сусветныя цэны? Тады вёска выжыве. Ні адна сельская гаспадарка ў свеце не жыве без датацыі. Як дажыць да 1-га студзеня — не знаю. Лічу: тое, што зрабіў Нацыянальны банк, гэта — дыверсія супроць сяла. СМ павінен прадугледзець сродкі на вёску, на сельскую гаспадарку. Лён і бабовыя — наша золата, а не бульба і не мяса.
Дэп. Грыбанаў У. М. Чакалі высноў ад Шушкевіча. Але — не было: ні аб рэформах, ні аб адстаўцы. Як ісці да мэты — адказу не пачулі ў дакладах. Трэба хірургічнае ўмяшанне! Са скальпелем!
17 лістапада
Працяг абмеркавання дакладаў Шушкевіча С. С. і Кебіча В. Ф.
Дэп. Булахаў Дз. П. Здрада нацыянальным інтарэсам — голы суверэнітэт, што ў галовах у нацыянал-радыкалаў. Трэба наводзіць парадак у структурах улады — у рамках Канстытуцыі. 1. Давайце падпішам пагадненні! 2. Абновім склад Урада! 3. Прымем новую Канстытуцыю! 4. Нам трэба моцная ўлада! („Сильная власть!” Што мае на ўвазе? Дыктатара?)
Дэп. Даўгалёў В. Б. Прапановы Шушкевіча і Кебіча, як выйсці з крызісу, — прынцыпова разыходзяцца. Далей прыводзіць жахлівыя лічбы (сапраўды: жах!). Міністэрства абароны стала камерцыйным. 500 тысяч гектараў лясоў, што ў веданні ваенных, — распрадаюцца. (Жах!) У кішэні сабе кладуць мільёны. (Жах!). Глыбокі крызіс праваахоўнай сістэмы.
Горш няма куды. Прэм’ер адводзіць кожны раз убок ад галоўнага якой-небудзь прыдумкай. Урад не здольны ўзначаліць работу па выхаду з крызісу — трэба ставіць пытанне аб яго адстаўцы!