Выбрать главу

Дэп. Баршчэўскі пачаў дасведчана гаварыць аб мовах у Фінляндыі. У зале заулююкалі. Асабліва — дэпутат-генерал Гетц. Дэп. Лавіцкі прапанаваў зняць у прэамбуле ўпамінанне аб Статуце Вялікага Княства Літоўскага. Прагаласавалі прапанову. „За” ўпамінанне — толькі 106 галасоў. Знялі! З энтузіязмам! Вось адносіны да гісторыі Бацькаўшчыны. Не было яе і няма — у душах і сэрцах бальшыні.

20 траўня

Арганізацыя працы і дысцыпліна — ніякая. Калі галасавалі пункт аб грамадзянстве — спачатку было ў зале 203 дэпутаты, паўторна — ужо 250, амаль 50 набеглі з калідораў, з кафэ. Не склікаўшы людзей у залу, паставілі на галасаванне. Станкевіч нахіліўся да мяне і прашаптаў: «Шушка (Шушкевіч) перад выбарамі спікера запрасіў на кватэру Лукашэнку, Ганчара, рэзаў і чысціў селядца і прасіў: „Галасуйце за мяне! Я вас не пакрыўджу, буду падтрымліваць...”. А цяпер — такія ворагі Лукашэнка і Шушкевіч!». (Па-мойму, плётка, у якой зацікаўлены непрыяцелі Станіслава, а іх процьма.)

Аб дзяржаўнай мове ў Рэспубліцы Беларусь. Зноў вылезлі: Лакцюшын (учора — Сінчылін) і член нашай Камісіі, дзядок П. З. Мінчанка (пасланец ад КПБ) і іншыя. Канешне ж, узяў і я слова. Пры маім выступленні рэпліку „Не пугай!” кінуў дэпутат з Барысава Трусаў (не ўпершыню і менавіта „Не пугай!” — на „ты”, як у сябе на заводзе). Кінуў — пасля маіх слоў: „Для Беларусі стане горш, калі мы адступім назад ад Зако­на аб мовах”. Выступіў я нялепшым чынам, трэба будзе пры абмеркаванні п. 50 паправіць. І аднак жа за дзве дзяржаўныя мовы прагаласавалі 83 дэпутаты, а за адну беларускую — 204. Ура! Хоць гэта яшчэ толькі абмеркаванне праекта Канстытуцыі.

21 траўня

Пачалі з пытанняў непрадбачаных: выступленне дэп. Сапронава аб злоўжываннях у замежным гандлі агаломшыла. Калі ўсё гэта праўда, то — жахліва! Слухалі з выключнай увагай і пры поўнай цішыні ў зале. Урад распрадае краіну, багацці народа, заганяючы людзей у жабрацтва. Выступіў Міністр хлебапрадуктаў — амбіцыйна — з водпаведдзю Герасюку. А Герасюк тут жа прыпёр яго да сцяны фактамі. Затым паўгадзіны аддалі тэме: як прымусіць дэпутатаў пастаянна быць на сесіях і ўдзельнічаць у пасяджэннях. Ой, што тут пачалося! Як узяліся бэсціць адзін аднаго! Шушкевіч неасцярожна назваў імёны адсутных дэпутатаў. А Станкевіч, бэсцячы яго за нібыта „пошла-кухонны ўзровень”, сам пакарыстаўся менавіта такім стылем: „Вы можаце з маладой сваёй жонкай такое на кухні гаварыць...”. Гэта — пра спікера Вярхоўнага Савета. Крэпенька! Выйшла: усе вы, шаноўныя, адною культурай валодаеце. Шушкевіч узарваўся: „Я не ў міліцыі ў вас, дэпутат Станкевіч, не падследчы на допыце ў вас!..” Затым дэп. Ганчар з гасподніх вышак спляжыў усіх. Асабліва Шушкевіча і Прэзідыум.

25 траўня

Выбары намесніка Старшыні Прэзідыума. Прапанавалі дэпутата Міцько, разумнага, інтэлігентнага чалавека, медыка па адукацыі. Правалілі: толькі 125 „за”. Чаму? Праясніў сваім пытаннем да Міцько ваяўнічы дэпутат-генерал Сарокін: „Вашы адносіны да ўваходу Беларусі ў Калектыўную Бяспеку?”. Добра адказаў Міцько, вельмі добра, але ўжо было ясна, што „зарэжуць”. Якая зацятасць ворагаў нашай дзяржаўнай незалежнасці!

Абмеркаванне главы Канстытуцыі „Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь”. За прэзідэнцкую форму кіравання выказаліся толькі 132 дэпутаты. Зарэзалі саму ідэю „прэзідэнцтва”. Ніякага прэзідэнта не трэба: ні „моцнага”, ні „слабага” (як у Германіі). Не трэба! Слова ўзяў Ганчар: патрэбен галава ўлады, дзяржавы без галавы не бывае, такога няма ў свеце! Прагаласавалі паўторна. Набралі 147. Рост! Не разумеюць шаноўныя, не разумеюць, якая нас можа чакаць бяда — пры нашай масавай палітычнай культуры.

26 траўня

У „Розным”: дэп. Бойка зачытаў ліст свайго выбаршчыка супроць „тарашкевіцы” (палічыў вартым увагі). Ліст рэзкі. Дарэмна зачапіў Данчыка. Пытанне ж увогуле правамернае і ў прынцыпе — рэзкасць справядлівая. „А можа, гэта правакацыя?” — сказаў Бойка, як бы звяртаючыся да прысутных дэпутатаў-філолагаў. Не, вядома, не правакацыя, але падумаць так можна — настолькі самаўпэўнена і напорыста ў друку „плянуюць” і „клясуюць”. Дарэмна А. Трусаў, узяўшы слова, „рашуча заявіў пратэст” супроць выступлення Бойкі. Праблема ж ёсць!

Абмеркаванне главы „Суд”. Пункт аб увядзенні суда прысяжных не прайшоў. пасля выступлення А. Трусава, які напомніў зале, што суд прысяжных быў ліквідаваны бальшавікамі пасля 1917-га. Знайшоў каму напомніць! Тым, для каго суд прысяжных вельмі непажаданы. Пытанне зусім не звязана з палітыкай, але раз выступіў у падтрымку апазіцыйнік і крытыкнуў бальшавікоў — усё, кранты! Адразу ж многія ўсумніліся і — 20 галасоў не хапіла. Трусаў забыўся, хто ў зале.