Пытанне аб барацьбе з эканамічным злачынствам і карупцыяй. Дакладчык — дэп. Папоў. Схапіліся спрачацца, што такое карупцыя. Дэп. Булахаў: Суб’ектам карупцыі з’яўляецца ўвесь беларускі народ! Бо эвентуальна кожны так ці іначай у ёй удзельнічае. Дэп. Какоўка: Зняць першы артыкул! Дэп. Аксаміт: Зняць увесь законапраект, дапрацаваць і ў канцы сесіі прыняць! Як добра ў ходзе абмеркавання пытання аб карупцыі бачна, хто не мае ніякага дачынення да злачынстваў, у каго сумленне чыстае!.. Гэта адчуваецца вельмі выразна. Сумленны чалавек (напрыклад, Аксаміт) гаворыць такім асаблівым тонам — і без крыку, і пераканаўча. Або як дэп. Герасюк, які сказаў: „Пры паступленні на дзяржаўную службу кожны павінен прад’явіць дэкларацыю”. Так усюды ў свеце. Але калі вам падабаецца без дэкларацый — хай будзе так! (Прагаласавалі прапанову Герасюка: „за” — 171. Не прайшла. Дзіва што!..)
Ну і схватка! Па колькі разоў бяруць слова адны і тыя ж. Большасць схіляецца, што гэта не закон, а пастанова аб узмацненні барацьбы з карупцыяй і злачынствамі ў сферы эканомікі.
3 чэрвеня
У „Розным” першы ўзяў слова дэп. Прывалаў. О, які, аказваецца, гэта ваяўнічы палкоўнік! Ястрабок! Але ж і заслужыў: крыкамі сагналі з трыбуны. Не любяць нашыя людзі празмернай ваяўнічасці. Дэп. Федарчук: Побач з вамі, Станіслаў Станіслававіч, група па згатаванню віцебскіх „блюд”, асабліва з Кантрольнай палаты. Знаю людзей, якія не мяняюць масак. (Нейкія цяжкія закіды, а пра што?)
Дэп. Маркевіч у прамове ўжыў слова „шпалеры”. У зале — бачна — не разумеюць, што гэта. Трэба рускім языком гаварыць, шаноўны!
Дэп. І. Трусаў. Пытанні Шушкевічу: Ці падпісаў Станіслаў Станіслававіч Дагавор аб Калектыўнай бяспецы? Якую пазіцыю ў гэтым займае Прэзідыум? І нарэшце: калі вы былі шчырым? (Во дзе сапраўдная „вандэя”! Божа, як мы яшчэ далёка да беларускай Беларусі!)
Дэп. Казлоў. Выйшаў, каб пахваліць „Фемиду” — як найвыдатную ў Беларусі газету (не важна, што на мове другой краіны). Пафас выступлення: „Далоў Шушкевіча!” Абкладаюць Стася. Але ці толькі яго? Думаю пра выступленні на сесіі дэпутата І. Т. Увесь час адчуваю, што гэты беларус няйначай як вывучанік вядомага „северо-западника” І. Саланевіча. Умоўна, бо гэтага прозвішча ён, напэўна, і не чуў, тым больш яго шавіністычных опусаў не чытаў. З першых момантаў знаёмства мая інтуіцыя па адносінах да яго — у напружанні, у насцярожанасці. Цяпер ясна, чаму на плошчы крычаць „Шушкевича в отставку!”. У крыкуноў ёсць натхняльнікі і абаронцы. Вось і рашылі ўзяцца. Ужо ўзяліся.
Пытанне аб Камітэце Дзяржаўнай Бяспекі. Дакладчык — дэп. М. Грыб. Па дакладу разгарнуліся цікавыя спрэчкі.
Дэп. Станкевіч: Камітэт не павінен быць у веданні Прэзідыума ВС! Яго трэба неадкладна перадаць у веданне Савета Міністраў. І кропка. І ніякіх размоў! (З тым жа апломбам, як і заўсёды.) Дэп. Малашка: Усім ясна, дзеля чаго хочуць перападпарадкаваць Камітэт Саўміну. Для таго, каб запалучыць аператыўную сілу ў СМ і пазбавіць Вярхоўны Савет неабходнай інфармацыі. І ўсё ж рашылі прагаласаваць. Раптам выходзіць Лінг. І катэгарычна патрабуе: Перападпарадкаваць Камітэт Саўміну! Абавязкова! Не драбязіце функцый КДБ. Сачыць за дзейнасцю Савета Міністраў — гэта дробязь! Генерал Піскароў. Рашуча за перападпарадкаванне Саўміну. Нарэшце пачалі галасаваць. За тое, каб пакінуць, як ёсць — г. зн. за рэдакцыю Камісіі — 98 галасоў. Не прайшло. За перападпарадкаванне Саўміну — 147. Таксама не прайшло. Але больш, і на многа, чым за рэдакцыю Камісіі Вярхоўнага Савета.
Пытанне аб Грамадскіх аб’яднаннях. Дакладчык — дэп. Вярцінскі. Даклад разумны, пераканаўчы. У Беларусі на сёння 420 грамадскіх аб’яднанняў, зарэгістраваных. (Ніколі не падумаў бы, што іх аж столькі! Во — актыўнасць грамадзян на свабодзе!) Так рэалізуюцца правы грамадзян на аб’яднанні. А ў зале — ніводнага пытання дакладчыку, ніводнай рэплікі, ніводнага выступлення! Значыць, ніякіх праблем няма. Прагаласавалі моўчкі. „За” — 178. Усяго! І ніякіх пярэчанняў не было — і не блаславілі. Дзіўны народ сабраўся ў зале ВС!