Лябедзька: рэзка супроць партакратаў.
Адказы на пытанні вылучаных на пасаду старшыні ВС.
Дземянцей: “Суверэнная рэспубліка”.
Шушкевіч: адказваў выдатна, на тры галавы вышэй папярэдняга.
Кавалёнак: таксама малайчына.
Ад падліковай камісіі старшыня Скарынін абвясціў вынікі галасавання: выдана 323 бюлетэні, несапраўдных няма.
Дземянцей: за 161, супраць 162; 49,3%.
Шушкевіч: за 101, супраць 202; 30,9%.
Кавалёнак: за 47, супраць 276; 14,3%.
14 дэпутатаў выкраслілі ўсіх.
Паўторнае галасаванне:
Выдана 321 бюлетэнь, несапраўдны 1.
Дземянцей: за 167, супраць 153; 51,1%.
Шушкевіч: за 118, супраць 202; 36,1%.
Якая ганьба!
35 дэпутатаў выкраслілі абаіх!
19-га траўня. Новаабраны зайшоў у прэзідыум і не павітаўся (як у хлеў).
Выбранне Першага намесніка Старшыні і Намесніка старшыні ВС.
Лукашэнка прапануе: не выбіраць сёння, а — пракансультавацца. “Вы, т. Сакалоў і ваша каманда, палітычна здорава прайгралі — як ніколі!”
Глушкевіч: выдаў Дз-цею як трэба. Выйдзі на Плошчу да народа!
Пазняк: стаіць ля мікрафона, слова не даюць, старшыня ігнаруе, а ён стаіць. (І ля іншых мікрафонаў — стаяць.)
Прагаласавалі: выбіраць намеснікаў сёння.
Пачаліся спрэчкі. І на якой жа мове? Дземянцей паспрабаваў па-беларуску — канфуз!
Пазняк (дабіўся-такі слова): “Прыйшлі да палітычнага крызісу ў рэспубліцы і ў Вярхоўным Савеце”. (Гаварыў разумна, лагічна, пераканаўча.)
(Каратчэня з Вілейкі — бунтуе супроць Пазняка.)
Дземянцей вылучыў Машко на Першага намесніка.
Навумчык: трэба не з апарата, а Шушкевіча або Кавалёнка.
Пасля перапынку першым намеснікам старшыні выбралі Шушкевіча.
(За — 269, супраць — 28, устрымалася — 9.)
Намеснікам старшыні ВС выбралі Шаладонава.
29-га траўня. З 16.00 абмяркоўвалі, на якой мове весці пасяджэнні сесіі. У абарону беларускай выступілі: Вярцінскі, Трусаў, Баршчэўскі, Садоўскі, Шушкевіч.
Прагаласавалі: 183 за тое, каб на беларускай або на рускай, як хто жадае.
(Закон аб мовах — не прайшоў бы.)
Вялікі крок “наперад”: 45 гадоў пасля вайны Сесіі ВС БССР вяліся на беларускай мове. Цяпер — вядзецца на рускай мове. Толькі таму, што выбралі старшынёй т. Дземянцея.
8-га чэрвеня. Абмеркаванне кандыдатур на старшынь планавай і бюджэтна-фінансавай камісій.
Унучка (сакратар райкома з Навагрудка).
Беленькі (рэжа па-беларуску).
Толькі таму, што па-беларуску — слухаюць дрэнна, не ўспрымаюць, як бы загадзя ведаючы — “не варты”. А хлопец вельмі разумны — варты! Бліскуча адказвае на пытанні! Паказвае веды надзвычайныя! Свабодна чуецца — як рыба ў вадзе!
Прагаласавалі: за Унучку — 685, за Беленькага — 98. Як шкада! Такі талент адхілены! Трэба яго назначыць міністрам фінансаў!
Заява аб тым, каб не пасылаць беларускіх хлопцаў з міліцыі ў Арменію і Азербайджан. Дэпутат Слабчанка паведаміў, што старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Лабко пазбавіў памяшкання мясцовую суполку ТБМ — выгнаў на вуліцу!
9-га чэрвеня. 10.00. Ганчар: З ультыматыўнай заявай: стварыць альтэрнатыўную Камісію заканадаўчую; гэты ж зрабіць іншым праваленым кандыдатам — Канаплю, Баршчэўскаму, Заблоцкаму — стварыць альт. камісіі. Заклікаў Шушкевіча падаць у адстаўку — паколькі “Вы палітычна буйна прайгралі”. (Амбіцыя? А між тым — Булахаў — яго “родны брат”.)
Дземянцей не зрэагаваў на гэту заяву і даў слова па п. дня.
19-га чэрвеня. Пачалі з пасылкі дэлегацыі ў Маскву — для выпрацоўкі канцэпцыі Дагавора. Ой і спрачаліся! Гвалт!
20-га чэрвеня. Выбары старшыні камісіі.
10.00. Камісія па замежных справах і знешнеэканамічных сувязях.
За Борыса — 157.
За Садоўскага — 154.
Загадзя настроіліся галасаваць за “свайго” — і не слухаюць, што кажа апанент-канкурэнт, а жаль: ён варты пасады!
Маё выступленне не дапамагло Садоўскаму.
Шушкевіч праінфармаваў аб удзеле беларускай дэлегацыі ў ВС Літвы. Адзначаўся Дзень Траура, Болю і Надзеі. Была Імша. Там добрыя адносіны да Касцёла і Царквы. ВС Літвы прыняў зварот да ААН і зварот “Да людзей Літвы”. У абодвух — ні на крок назад! Прадстаўнік Польшчы выступіў вінавата, хітра, з намёкам на Віленскі край.
21-га чэрвеня. Адбылося першае пасяджэнне Камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Разгледжаны арганізацыйныя пытанні. Намеснікам выбраны: Баршчэўскі Л. Сакратаром: Цумараў Я.
Утвораны 2 падкамісіі: 1) па адукацыі (вядзе Баршчэўскі), 2) па культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (вядзе Трусаў А.).
22-га чэрвеня. 10.00. Пачалі з ушанавання памяці ахвяр у сувязі с пачаткам Вялікай айчыннай вайны.
Дэпутат Кічкайла А.Т. зрабіў даклад па чарнобыльскай праграме.
Адсутнасць адзінства ацэнкі небяспекі забруджання. — Да гэтага часу!