Двойчы браў слова: першы раз наконт: поўны ці рэальны суверэнітэт, другі раз — растлумачэнне наконт “нацыянальных супольнасцяў”.
Дэкларацыю — прынялі.
31-га ліпеня. 10.00 Дземянцей закрыў Першую Сесію — і толькі. Дзеля гэтага сядзелі два лішнія дні ў Мінску. Можна было гэта зрабіць і 28-га. Дзяржаўных грошай не шкада.
І так — Першая сесія завершана.
29-га верасня. 9.00. Нарада ў Шушкевіча: Бутэвіч, Вярцінскі, Гілевіч.
Аб рэгістрацыі газет і часопісаў. Аб фактах пераводу беларускіх выданняў на рускую або на змешаную (руска-беларускую).
8-га кастрычніка. Пасяджэнне нашай камісіі.
Удзельнічалі: Мазай, Вайтовіч, Стаўроў, Харкавец, Корбут і іншыя.
Аб праекце Дзяржаўнай Праграмы пераходу да рыначнай эканомікі (другое на камісіі чытанне). Крытычных заўваг выказана безліч. Сёе-тое праяснілася, а іменна: адукацыя і культура могуць спадзявацца толькі на Бога.
Нарада Старшынь камісій ВС.
Дакладчык Мясніковіч: “Сітуацыя крайне нядобрая. Напружанне на спажывецкім рынку нарастае — інфляцыя катастрафічная”.
Што трэба, каб спыніць дэстабілізацыю? Агульныя палітычныя прадумовы! — вось што перш за ўсё. 1) Палітычны суверэнітэт; 2) маральна-псіхалагічны стан грамадства. Увоз—вываз: 4-2 млрд. Вось бяда! Павінен быць больш стрыманы тэмп прыватызацыі. Патрэбна рэалістычная палітыка! Самая вострая праблема — збожжавая. Пасяўныя плошчы скараціліся на 14% — 450 тыс. гектараў. Падаюць аб’ёмы тавараў з лёну і інш. — з-за скарачэння плошчаў Чарнобыльскіх.
Выкуп дробных прадпрыемстваў дасць звыш 1 млрд. Ну, а пасля? Што будзе мець ад іх дзяржава пасля? Хто іх купіць? Як гэта адаб’ецца на агульным сацыяльным і культурным становішчы народа?
Абарона насельніцтва ад магчымага павышэння цэн.
Пасля даклада — досыць гарачыя спрэчкі. Асабліва наконт спажыў- (кааперацыі) рынку (машыны і г. д.).
Дакладвае Янчук С.П., міністр фінансаў. Дэфіцыт — пустыя, незаробленыя грошы — усё нарастаў, дэвальвацыя дайшла да...
Нечакана для мяне — вельмі талкова, ясна расказаў, адкуль і куды грошы, асабліва пра прычыны бюджэтнага дэфіцыту, яго вытокі... Становішча крайне складанае!..
“Рэальных крыніц для выдаткаў на асвету і культуру — не бачу”, — так і сказаў. Здорава! Памірай, культура!..
Сітуацыю абмаляваў як амаль катастрафічную. Крычым: суверэнітэт!
— Ну, дык і трымайце за свае грошы міліцыю, КДБ, і шмат чаго іншага. Саюз выдзяляе сродкі толькі пад усесаюзныя праграмы, а на нашы беларускія нацыянальныя — зусім не дасць нічога.
Другая нечарговая сесія ВС.
9-га кастрычніка. Дземянцей адкрыў па-беларуску і колькі хвілін, пацяшаючы публіку памылкамі, вёў пасяджэнне на Мове. Праз паўгадзіны перайшоў на сваю “трасянку”.
Пачалі з таго, з чаго і павінна было пачацца. Апазіцыя бярэ слова і пачынае дыктаваць сваё (Голубеў, Пазняк, Навумчык). Пачаліся прапановы і ад іншых — Лябедзька, Лукашэнка, Скарынін.
Зноў — знаёмая карціна: актывісты апазіцыі пруцца да мікрафона і... столькі прапаноў, што пра галоўнае, дзеля чаго сабраліся, гатовы забыць.
Даклад В. Ф. Кебіча.
Прыватызацыя ў прамысловасці (у гандлі? у абслугах?) праведзена на 30%. І што ў выніку? Ці ўяўляем мы, што нас чакае? Што будзе з прынцыпамі сацыялізму?
Дык а што ж усё-такі галоўная прычына — чаму горш і горш?
Адзначыў работу (прапановы) нашай Камісіі — з удзячнасцю.
Палітыка згоды і міру! — толькі адна яна забяспечыць паспяховы працэс стабілізацыі і пераходу да рынку.
Кебіч: адказвае на пытанні.
Досыць падрабязна і ўпэўнена. І галоўнае — як і ў дакладзе — мэтанакіравана: даеш суверэнітэт! Сапраўдны, рэальны!
А іншага выйсця і няма! Толькі — самі сабе гаспадары!
10-га кастрычніка. Даклад Козіка Л.П.
Пачаў вельмі сур’ёзна — крытычна і самакрытычна.
Прынцыпы не распрацаваны, гэты яшчэ не рынак — а пераход да рыначных адносін.
Ідэя эканамічнага Саюза рэспублік — адзіна верны шлях.
А прынцыпы: 1) свабода вытворцы; 2) свабода спажыўца; 3) свабода работніка на рынку працы.
Давер народа і моцная выканаўчая ўлада — умовы выканання праграмы.
Ці гатовы народ? Ці хоча ён?
Неадкладна ўтварыць сваю крэдытна-фінансавую сістэму! Неадкладна!
Спрэчкі разгарнуліся незвычайныя! Наконт канцэптуальных пытанняў. Яны — невыразныя.
11-га кастрычніка. Пасяджэнне нашай камісіі.
З удзелам Мазай, Вайтовіча, Стаўрова, распрацоўшчыкаў Праграмы і інш.
Размова адбылася вельмі змястоўная. Выпрацавалі сваю пазіцыю і свае прапановы і патрабаванні па раздзелу адукацыі і культуры.
Падрыхтавалі дакументы: прапановы і варыянт праекта Пастановы ВС па праграме.