Выбрать главу

Даручылі Міністру адукацыі напісаць Зварот да ВС БССР.

13-га кастрычніка. Даклад Козіка — з улікам прапаноў ад Камісій, затым — выступленні. Узяў слова і я. Звёў усё да адукацыі і культуры, і амаль не закрануў агульных прынцыпаў Праграмы пераходу да рынку.

Выступленне, хоць і папляскалі (дзяды, у асноўным), асаблівага ўражання не зрабіла. Проста мой боль, наш боль — для іх гэта дробязь. Пра што я і сказаў.

У заключэнне зноў узяў слова Кебіч.

Выступіў ад Апазіцыі і Трусаў. Адукацыю і культуру не чапаў, зачытаў прынцыпы апазіцыйнай Праграмы.

За нашу Пастанову прагаласавала ўсяго 28 чалавек. Ну, нічога. Наш праект не пусты, не бяздумны.

Шушкевіч, можна лічыць, адагнаў Цумарава ад мікрафона, зыгнараваў яго палымянае патрабаванне прагаласаваць паімённа.

15-га кастрычніка. Праект закона аб уласнасці ў БССР.

Першы дакладчык — Лоўчы, той самы, што “рэзаў” нефармалаў. Прачыталі даклады Заблоцкі і Козік. Усе тры праекты — зусім розныя. Пачаўся расхэйдус. Размовы і спрэчкі на ўсе галасы, ва ўсе бакі.

14.00 Пасяджэнне Прэзідыума.

Той самы расхэйдус! Зладжанасці і згоды — ніякай!

15.00. Працяг Пленарнага пасяджэння. Дземянцей не даў паставіць і прагаласаваць за дапаўненні да Павесткі — як абяцалася. І тады — па камандзе Голубева — апазіцыя паднялася і пайшла. У тым ліку — і незалежны дэпутат Ганчар.

Пачаліся спрэчкі па Законапраекту аб уласнасці. Але — у парадзелай зале настрой кіславаты.

Паступаюць прапановы — перапыніць работу сесіі, — па тых Законапраектах, што былі ў парадку дня спачатку.

У 16.00 зноў сабраўся Прэзідыум — наконт выйсця са становішча. Рашылі — ставіць на парадак дня тыя пытанні, што прапанавалі апазіцыянеры. Ставіць — а дэпутаты хай галасуюць.

17-га кастрычніка. Абмеркаванне Законапраекта аб уласнасці. Дакладчыкі — Ціхіня, Заблоцкі. Талкова выступілі Новікаў і многія іншыя.

Прынялі пастанову — дапрацаваць у першым чытанні абодва законапраекты, зведзеныя ў адно. (Пры галасаванні найменш галасоў узяў праект апазіцыі.) Былі вельмі трывожныя выступленні наконт прыватнай уласнасці.

12.00. Абмеркаванне Законапраекта аб зямлі. Дакладчыкі — ад СМ — Мірачыцкі, ад апазіцыі — Станкевіч. Трэці дакладчык (галоўны — ?) — Гаркун, ад пастаяннай камісіі.

16.00. Працяг абмеркавання Законапраекта аб зямлі. Пераважае пазіцыя, што зямлю прадаваць нельга. Гучаць сур’ёзныя папярэджанні. Усё больш галасоў — зямлю не прадаваць!

19-га кастрычніка. Пасяджэнне нашай камісіі.

Аб новых формах навучання: гімназія, ліцэй, коледж.

Дакладчык — Сухнат.

Прагаварылі гадзіну — і перанеслі на панядзелак.

22-га кастрычніка. 14.00. Пасяджэнне нашай камісіі.

Вёў пасяджэнне Л. Баршчэўскі, — у старшыні — дзень прыёмаў як у члена Прэзідыума. Апрача таго — размова ў Мазай Н.Я. пра лёс беларускіх выданняў, — з удзелам прадстаўніка Мінфіна Румаса (нам. міністра).

23-га кастрычніка. Законапраект аб грамадзянстве Беларускай ССР.

Даклад па праекце (урадавым) — нам. міністра юстыцыі Дашук.

Даклад ад апазіцыі — Баршчэўскі. Рэжа вельмі хораша. Малайчына! Цяжка будзе яго тэзы абрынуць.

Давялося і мне, хуценька накідаўшы тэзісы, выступіць. Хлопцы сказалі — добра!

16.00. Праекты: Закон аб Нацыянальным банку БССР і Закон аб Банках і банкаўскай дзейнасці. Дакладчык — Амельяновіч, — ад Урада. Ад групы дэпутатаў — дакладчык Беленькі. Ад Камісіі — Унучка. Паводле Беленькага: БССР стварае ўласную банкавую сістэму і г.д., адбываецца “эканамічны бандытызм” у Беларусі.

24-га кастрычніка. Пачалося ганебна. Слова ўзяў Лукашэнка і спляжыў Прэзідыум, старшынь за тое, што нічога не робяць, не даюць законапраекты, а бяруць-грабуць — хапаюць — жах! І каўбасу, і згушчонку, і машыны, а некаторыя — і нумары ў гасцініцы за 30 рублёў.

Які ж падняўся шум, як закрычалі, як падхапіліся! Во дзе папёрла люмпенская псіхалогія! Сумна і сорамна! Сорамна — за такі парламент, за такіх дэпутатаў, за такую дзяржаву — пігмейскую, халуйскую, вартую жалю і пагарды.

Пытанне аб уладзе. Закон. Дакладчыкі — Грыбанаў (ад апазіцыі) і Булахаў — ад Камісіі.

Камай — рэзка выступіў супроць БНФ і апазіцыі па пытанні Улады, наконт ахайвання і дыскрэдытацыі камуністаў. У водпаведзь — Крыжаноўскі, Заблоцкі. Козік назваў праект апазіцыі палітычным хуліганствам...

5-га снежня. Пачатак 3-й сесіі.

Адкрыў Дземянцей па-беларуску (па паперцы, вядома).

Утрасанне парадку дня. Вельмі здзівіла выступленне Булахава — супроць уключэння ў парадак дня Закона аб культуры. Пасля абеду яго падтрымаў Ганчар. Водпаведзь далі Цумараў, Трусаў, Баршчэўскі. У выніку — перамога наша. Супроць было, тым не менш, 55 галасоў.