6-га снежня. Закон аб уласнасці.
Галоўныя спрэчкі — па пункту 19 — аб прыватнай уласнасці на зямлю. Даць не даць у поўную ўласнасць з правам продажу і перапродажу? Не прайшла ні адна рэдакцыя. Барацьба абвастраецца.
10-га снежня. Пачалося з палітычнай заявы апазіцыі (61 подпіс), агалошанай Пазняком. Рэзкі пратэст супроць партбюракратычнай большасці ў ВС, якая супроць прыватнай уласнасці на зямлю. Заява вытрымана ў вельмі катэгарычным тоне, гучыць як прысуд ворагам беларускага народу.
11-га снежня. Пачалі з чытання Указа Прэзідэнта СССР аб Зямлі. Даўлюд прапанаваў павіншаваць Валенсу з абраннем на пасаду Прэзідэнта. Пагадзіліся, але аніхто не пляснуў! Нават ні адзін парламенцкі “паляк”. Выдатна! Радавацца няма чаго: да ўлады прыйшоў пілсудчык, клопату з ім набяромся.
12-га снежня. Працяг Закона аб арэндзе. Ціха і нудна: ні пытанняў, ні спрэчак.
Затым — Закон аб прадпрыемстве. Абмеркаванне ідзе вельмі горача.
15.00 - 16.00: пасяджэнне Камісіі па навуцы і Прэзідыума АН БССР. Н.Г. урэзаў — як некалі ў Кебіча — па аддзелу грамадскіх навук. Навуменка чырванеў і бурэў ад злосці.
13-га снежня. Працяг абмеркавання Закона аб прадпрыемстве.
Вельмі гарачыя спрэчкі — як і трэба было чакаць. Хто — гаспадар
прадпрыемства і якія яго правы?
Цэлы дзень прайшоў у гарачых спрэчках па гэтым пытанні...
20-га снежня. План і бюджэт 1991 г.
Абмеркаванне. Вельмі зацікаўленае. Сказаў сваё 5-мінутнае слова і я. Добра выступілі нашы “камісіянеры” Ніканчук, Баршчэўскі, Трусаў.
1991
15-га студзеня. Пачалося з гарачай перапалкі наконт падзей у Літве. Амаль гадзіну пайшло на гэта. Дамовіліся паслаць дэлегацыю і па яе вяртанні — абмеркаваць літоўскую сітуацыю на Сесіі.
Тады пачалі абмяркоўваць праект Закона “Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы”. Дакладчыкі — Мірачыцкі і Гаркун. Альтэрнатыўны праект — дакладчык Станкевіч.
У 18.00 — выехалі ў Вільню. У дэлегацыі: Анісенка, Вялічка, Карпенка, Голубеў, Слямнёў, Шабашоў, Гілевіч (кіраўнік дэлегацыі).
16-га студзеня. Цэлы дзень у Вільні. Уражанне — жахлівае. Вечарам выступіў на сесіі Вярхоўнага Савета Літвы. Калі сыходзіў з трыбуны — уся зала ўдзячна вітала стоячы. А ўвесь дзень — на пахаванні ахвяр. Уся Літва праводзіла іх як нацыянальных герояў. Пад вечар пабывалі ў ЦК КПЛ, бачыліся і гутарылі з Ермалавічусам і Бавыкіным. Сумна і трывожна. Сядзяць як мышы пад памялом, а — спадзяюцца! На рабочых і сялян — як на сацыяльную базу. А перш за ўсё — на Маскву. На тыя ж танкі і бронетранспарцёры.
17-га студзеня. І цэлы дзень — пра Літву. Спачатку — Дземянцей. Прачытаў тое ж, што прагучала па тэле. Затым з паўгадзіны стаяў за трыбунай старшыня дэпутацыі, што ездзіла ў Вільню. Успрынялі выступленне вельмі добра. Асабліва — “цэнтрысты”. За ўмераную пазіцыю.
Ганчар — нечакана для мяне — кусануў, два разы. Досыць подла. Прыйшлося даць водпаведзь. Пасля кусануў і Лукашэнка. Ну, гэты зусім па-дурному: нібыта я не адрозніваю танкі ад бронетранспарцёраў. Як усё-такі прыемна выцяць, кусануць (на ўсю рэспубліку) не абы-каго, а Н.Г.!.. Сумна мне, божа!..
18-га студзеня. У розным А. Лябедзька ўшчэнт раскрытыкаваў учарашні — літоўскі — дзень у нашым парламенце. Справядліва! Ператварылі ў палітычны мітынг — з мітынговым крыкам, з асабістымі выпадамі.
Палітычная канфрантацыя. Барацьба за ўладу. Вось што мы маем і ў парламенце і за яго сценамі.
29-га студзеня. Адразу ж рынуліся ў атаку апазіцыянеры — каб збіць з парадку дня і скомкаць работу Сесіі. Сітуацыя скандальная — Сямдзянава захапіла трыбуну, ёй слова не даюць, а яна не здаецца — нешта крычыць-пішчыць і дзярэцца. Ідзе перапалка. Падхопліваюцца з месц левыя — лямантуюць, патрабуюць, вінавацяць, нагнятаюць атмасферу. Садоўскі садануў пад дых прэзідыуму — маўляў, я ж гаварыў учора, папярэджваў!..
13-га лютага. 10.00. Закон аб ільготах на падаткі з прыбытку.
Пункт 15 — аб падатках з выдавецтваў і друкарань, якія выдаюць кнігі і брашуры на беларускай мове. Давялося выступіць і мне. Нягледзячы на ўсё, пункт 15 не быў прыняты.
Усталі і выйшлі з залы, я — у тым ліку. Дэмарш. Спосаб не лепшы, але... і мірыцца нельга. Сэрца захадзіла хадуном, ледзь супакоіўся. Пасля таго, як выйшлі — пункт быў прыняты. Значыць — палітычная гульня!..
Выступіў і па пытанні трансляцыі — каб адрэгуляваць і не гнаць усё цалкам. Дэмакраты пакрыўдзіліся. А людзі дзякуюць.
14-га лютага. Аб Саюзным дагаворы.
Дакладчык Шаладонаў. Выступіла чалавек 20. У тым ліку і я. Не лепшым чынам. Ну, але наконт мовы і культуры — урэзаў.
Учора на прэзідыуме я зняў сваю кандыдатуру з камісіі па выпрацоўцы праекта (канцэпцыі) Саюзнага Дагавора. А сёння многія рвуцца ў гэту камісію — аж пішчаць, як лезуць!