Выбрать главу

4-я сесія (апошняя?)

21-га траўня. Выступленне старшыні з аналізам грамадска-палітычнай сітуацыі.

Пасля гэтага выскачыў Антончык з патрабаваннем запусціць у залу і даць слова прадстаўнікам рабочых — са зваротам да дэпутатаў. Адмовілі: “дадзім тады, як будзе патрэба”.

12.00. Ганчарык — аб прафсаюзах. Пазняк — рэзка крытычна. І ўсю віну — на ЦК і СМ БССР.

23-га траўня. Садаклад Козіка. Па праграме стабілізацыі і бюджэце.

Лукашэнка — растоўк праграму ўшчэнт, патрабуе адстаўкі Урада.

Сукач — падтрымаў Лукашэнку.

Крыжаноўскі — растоўк.

Навумчык — растоўк.

Зданевіч — растоўк.

Усе таўкуць! І ніхто не абараняе. І што ж будзе?

Сумар — крытыкуе.

Малафееў — заклікаў да розуму.

Кузюк — крытыкуе.

24-га траўня. Працяг абмеркавання праграмы.

Савіцкі — не бэсціць агулам СМ! Даверылі ж!

Герасюк — адабраць вялікія кватэры ў начальнікаў.

Даўгалёў: Праграму — у пух і прах! Не прынімаць! Хто мы — гаспадары ці васалы? Перадаць паўнамоцтвы Лукашэнку (Кебіч — Лукашэнку).

31-га траўня. У 11.00. пачалі абмяркоўваць паартыкульна і прымаць Закон аб культуры.

Пяць гадзін прастаяў за трыбунай! 8 і 9 раздзелы неадкладна трэба дапрацаваць. Ну, што ж! Затое арт. 35 (3% нацыянальнага бюджэту) — прайшоў! Гэта вялікая перамога!

4-га чэрвеня. 10.00 - 11.00. Гістарычны для нашай краіны дзень: прыняты Закон аб культуры! З вельмі важнымі раздзеламі 8 і 9 — аб падатках і льготах па падаткаабкладанні, аб гарантыях аплаты працы і сацыяльных гарантыях для працаўнікоў культуры.

266 прагаласавала “за” — ні адзін закон так паспяхова (266) не праходзіў.

7-га чэрвеня. 11.00. Закон аб адукацыі. (Памажы, Божа!)

Дзямчук — даклад (добра).

Гілевіч — садаклад (слаба!).

Цумараў — досыць талкова...

Пянькова — па арт. 12 — супроць.

Сяньчылін — арт. 3, 4 — няма патрыятычнага і інтэрнацыянальнага выхавання.

Ніканчук — цэнз абавязковага навучання зніжаны (9 класаў). Ці добра гэта? Якое выйсце? Рэжа па-беларуску, як рэпу грызе.

Трафіменка — дзяржава панесла 10 млрд. рублёў страты з-за няўдалага выбару прафесіі.

Русакевіч — закон не нацэлены на будучыню, слаба звязаны з рын­кам. 9 класаў — мала!

Тоўсцік — Закон адобрыць! Дадаць пункт аб працаўладкаванні выпускнікоў. Выхоўваць павагу да Закона. Закон дапоўніць артыкулам аб ільготах для студэнтаў.

Лябедзька — настаўнікам павінен быць мужчына.

Слямнёў — падкрэсліць неабходнасць фарміравання навуковага светапогляду.

Сцепаненка — прыняць радыкальныя меры па зарплаце, пакуль настаўнікі не пабеглі на захад.