Выбрать главу

26-га кастрычніка. Заходзіла Кл. Ів. Бараноўская, аднакурсніца. Жыве на Віцебшчыне. І яна пацвердзіла тое, аб чым ужо мне паведамілі многія настаўнікі і выкладчыкі ВНУ: Ніла Гілевіча з вучэбных праграм тэхнікума выкінулі! Як сказаў бы Брыль: дагаўкаўся. Ды і дэмакраты пастараліся: дохлую паэму пра Луку-прэзідэнта падпісалі прозвішчам Ведзьмака Лысагорскага, а паколькі гэта імя прыкладаюць да мяне, дык і гэту “паэму” аднеслі на мой рахунак, хаця яна зроблена зусім не на маім узроўні, і мяне як паэта гэта абражае.

27-га кастрычніка. Спектакль “Не праклінай, што я люблю” ў Чырвоным касцёле. Гледачы — сябры Беларускай хаткі, дык атмасфера ў зале была самая цёплая. Пасля спектакля чытаў вершы. А пытанняў, што мяне здзівіла, амаль не было. Прысутнічалі С. Грахоўскі і М. Ермаловіч, абодва выступілі і прачыталі свае вершы, пра спектакль — толькі мімаходам. С. І. так і не набярэцца мужнасці паглядзець на мяне як на паэта іншымі вачыма — адно помніць, што ён старэйшы, што я быў “малады, кучаравы”. Пахваліў маю грамадзянскую пазіцыю, смеласць, актыўнасць і нават засцярог ад празмернай рызыкі (“са свайго горкага вопыту” — зазначыў).

Артыст Лявончык быў у выдатнай форме, і ўсё ж: як не супадаюць у многіх мясцінах яго і мае акцэнты, як па-іншаму многія-многія радкі “Дзяцей” вымаўляю я! Нічога не зробіш, у яго сваё прачытанне, на якое ён мае права.

28-га кастрычніка. Быў на сустрэчы з балгарамі — удзельнікамі Дзён балгарскай літаратуры і мастацтва ў Беларусі. Пайшоў з цяжкім сэрцам, вярнуўся дадому яшчэ з цяжэйшым. Як жа гэта ўсё ў маім жыцці атрымалася? Як я мог так неразумна распарадзіцца сабою? Навошта мне яны — усе гэтыя людзі, калі бачу і ведаю, што яны на службе расійскай палітычнай паліцыі і працуюць дзеля свайго хлеба, што ўсе яны за Саюз і за ліквідацыю незалежнай Беларусі!..

6-га лістапада. Пазванілі з пасольства Турцыі: незадаволены маім вершам пра курдскіх патрыётаў, сказалі, што курдскія сепаратысты могуць скарыстаць яго ў антытурэцкіх мэтах.

Ну і ну! Яшчэ не хапала мне клопату! Патлумачыў, што гэта паэзія, што курды ў вершы — хутчэй метафара, бо верш нельга вырываць з кантэксту маёй палітычнай лірыкі ў абарону нашай свабоды, у абарону незалежнай Беларусі. Тым не менш, прыслалі мне брашуру пра курдскі экстрэмізм у Турцыі — каб ведаў і не пісаў абы-што!..

13-га лістапада. Быў на сустрэчы з настаўнікамі Міншчыны — у абласным ІПК. Наладзіў сустрэчу гарачы сябра беларускай літаратуры, стары мой знаёмы М. У. Грудзінскі. Як і заўсёды, размова была шчырая, даверлівая. Добрыя, мілыя людзі — беларускія настаўнікі. Вось толькі Бог долі не дае — ні ім, ні мне, ні ўсёй нашай няшчаснай Беларусі.

17-га лістапада. Хадзіў у МГБЛ на адкрыццё выставы П. Панчанкі. Давялося сказаць слова пра П.Е. (у кампаніі з Вярцінскім, Зуёнкам, Законнікавым). Выстава — удалася: цікавая і змястоўная (аўтары — Л. Макарэвіч і Р. Чысты, мастак). Добрую справу робіць Музей!..

26-га лістапада. Вёў вечар Я. Коласа ў ДЛ, прысвечаны 115-й гадавіне паэта. Сказаў і сам слова — не вельмі ўдалае, бо не сабраўся з думкамі. Перад гэтым цэлую гадзіну гаварыў для радыё пра Жэню Янішчыц, — так неразумна сумясціў на адзін вечар і тое і другое. Хіба пасля ўспамінаў пра мілую Аўгіньку я мог засяродзіцца душой і думкамі на нечым іншым?

29-га лістапада. Хадзіў на ўрачыстасць: “600 гадоў пасялення татараў на Беларусі”. Лепш бы не хадзіў. Нават і з татарскага свята ў родным Мінску выйшаў апляваны, прыніжаны і абражаны! Божа прамілы, што ж гэта такое робіцца? У прэзідыум Вечара пасадзілі 10 чалавек — татары, рускія, украінец, яўрэй — і ніводнага беларуса! Амаль 2 гадзіны гаварылі прамоўцы, хвалілі другую Радзіму татараў Беларусь, дзякавалі беларускаму народу — і ніводнага слова беларускага! Ніводнага! У сталіцы дзяржавы! Гучала руская мова, татарская, турэцкая, польская — і ні слова беларускага!.. Нават лапаць з Іўя на “великом и могучем” выказаўся!.. Тры гады назад такога свінства не было б! Не пасмелі б! А сёння...

Назад вяртаўся з Гарэцкімі, зайшоў (пад вялікім націскам) да іх, смакавалі настойку (спецыялітэт Г. Р.), пілі чай. Добра пагутарылі. Быў і М.М.І. са Смаленска. Цікавы хлопец.

5-га снежня. Быў запрошаны на сёння: у Маладзечна на юбілей бібліятэкі, на Хельсінскі Камітэт у Мінску, на Раду “Бацькаўшчыны”, — нідзе не змог быць па стану здароўя. Хваробы не адпускаюць. Проста ў роспачы.

Выйшаў № 10 “Полымя” з маімі “Песнямі прапашчага”. Ці будуць успрыняты — адзін Бог ведае. Можа, і не будуць. Маладымі дык напэўна. Трэба ведаць “гэны” фальклор, а моладзь яго не ведае.