Выбрать главу

12-га красавіка. Адбыўся V з’езд ТБМ. Вызваліўся ад пасады старшыні, паколькі “дайшоў да ручкі”. Лейцы ўзяў Бураўкін. Памажы яму, Божа! З’езд так шчыра і горача дзякаваў мне за восем гадоў працы, што чуць не выбіў слязу з вока. А ў горле дык яна была — дакладна. Усё ж такі людзі ўсё разумеюць як трэба.

18-га красавіка. Хадзіў на пасяджэнне Рады “Бацькаўшчына”, двойчы браў слова. Размова ішла пра чарговы з’езд таварыства (у ліпені). Ці з’едуцца беларусы свету на З’езд — адзін Бог ведае. Так усё перамянілася ў жыцці! Відаць, з’езд будзе вельмі сціплы. Хацелі, каб я ўдзельнічаў у напісанні даклада для Дакладчыка. Давялося сказаць. што ніколі ў жыцці нікому дакладаў не пісаў, як і мне ніхто не памагаў пісаць таксама. Хацеў бы, кажу, з гэтым як-небудзь і дажыць да канца веку.

19-га красавіка. Глядзеў у Рускім тэатры спектакль па п’есе Дударава “У прыцемках” (“В сумерках”). Запрасіў аўтар. Спектакль глядзіцца і слухаецца, сучасны, актуальны, палітычна ангажаваны. Але чаму першая пастаноўка п’есы — на рускай мове? Помню, як сустрэліся мы з Б. Луцэнкам, і ён сказаў: узялі п’есу Дударава, будзем ставіць у арыгінале. Пытаю у А.А. “Чаму ж не паставілі?” — “Задавілі жывыя класікі сцэны”. “Не валодаем мовай так, каб яна гучала прыгожа”. “Адным словам — каб мову не пакрыўдзіць. З павагі да беларускага гледача і да яго мовы”. Дык нашто ж было абяцаць? Хай бы ўзялі п’есу купалаўцы!..

22-га красавіка. І зноў “Зніч”, і зноў “Любоў прасветлая”, і зноў нястомная Дзягілева і два Лявончыкі! У мінскай гімназіі № 1. У вялізнай зале (за сцэнай гудзелі халадзільнікі кухні). Гімназістаў процьма. Спачатку было адчуванне амаль правалу; асабліва, пакуль чытаў М.Л. (а ён быў стомлены і хворы). Але, на маё здзіўленне, столькі пасыпалася пытанняў-запісак, такая разгарнулася гаворка, ды палітычна актуальная, што ўрэшце я застаўся задаволены. Праўда, сабе сказаў: ну, усё! Баста! І надоўга. Вычарпаўся.

23-га красавіка. У хаце бяда і няспынны плач з галашэннямі. Ніна проста ўчарнела. Ліпе хацелі рабіць аперацыю, разрэзалі жывот, паглядзелі і зашылі: умешвацца ўжо няма сэнсу. “Звер” ужо з’еў усё. Страшна. Як гэта нечакана і якія ж мы, людзі, бездапаможныя!..

30-га красавіка. “Народная воля” апублікавала мой артыкул “Цынізм “апекуноў” і бяздумнасць прыстасаванцаў”. Першая палова яго —гэта першая палова майго даклада на З’ездзе ТБМ (агульнапалітычная, далей у дакладзе ішло пра сітуацыю ў таварыстве). Артыкул адрасаваны тым рускім, якія намагаюцца і нас зрабіць рускімі. Артыкул-водпаведзь. Артыкул-прысуд (мой, разумеецца). Паскрыгечуць зубамі браты-таварышы. Многія з іх усё яшчэ спадзяваліся... на нешта. А падстаў не было. Проста дрэнна, няўважліва мяне чыталі, кепска слухалі.

4-га траўня. Памёрла Ліпа. Усяго дзесяць дзён працягнула пасля “аперацыі”. Дзесяць жахлівых дзён! Яна здагадалася, што аперацыі не было, усё зразумела, страшэнна пакутавала ад болю і... чакала. Ну і вось — усё. Хаваць — з-за святаў — будзем толькі 7-га, у сераду. Ніна — уся ў горкіх клопатах.

7-га траўня. Развіталіся з Ліпай. На памінках давялося мне “весці рэй”. Усе ўніверсітэцкія яе знаёмыя бухгалтаркі гаварылі слёзна-шчыра — і над труной, і на памінках, усе яе вельмі паважалі і любілі.

Смерць Ліпы і мяне абрынула ў нейкую бездань — дзе і смутак, і боль, і страх. Зусім рэальны страх. Штось у душы надламалася. Гляджу на Ніну, на ўсё сваё жыццё — і агортвае мяне ўсяго Бог ведае што. Можа, і роспач. Ад усведамлення, што жыццё пражыта “не так”.

10-га траўня. Ездзіў у “маёнтак”, у сваё Наскае-Лупавінава. Пасадзіў дзве градкі бобу. Шчымлівая памяць вясковага маленства!..

19-га траўня. Быў на юбілейным вечары Г.А. Дзягілевай. На пачатку глядзелі яе монаспектакль пра каханне Івана Луцкевіча і Ю. Дубейкаўскай. Малайчына Дзягілева! Знайшла сябе ў гэтым цяжкім жанры — тэатры аднаго акцёра, пра што і сказаў я ў сваім прывітальным слове. Можна было б сказаць і так: яе жанр — прапаганда павагі і любові да роднай беларускай мовы. Самааддана робіць яна гэта, з вялікім шчырым натхненнем.

22-га траўня. Заўтра — яшчэ адзін чорны, ганебны дзень нашай гісторыі: у Маскве палітычныя выжлятнікі падпішуць Статут Саюза Расіі і Беларусі. Запраданцы даводзяць сваю гнюсную справу да канца. Няшчасная краіна, няшчасны, выкляты Богам народ!

Як голас пратэсту і праклёну апублікаваў у “Народнай волі” “Травеньскую кантату 1997-га года”. Думаю, што “Кантата” будзе мець розгалас.

Па абедзе быў у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры на адкрыцці выставы “Яны прайшлі па той вайне”. Давялося сказаць і там невялікае слова.