Выбрать главу

20-га ліпеня. Быў на Лысай гары, у Яўгена Лецкі, на сустрэчы (застольнай) з амерыканскімі беларусамі. Былі таксама Шарэцкі, Шушкевіч і Бураўкін. Двойчы давялося ўзяць слова: “Расказвайце ў свеце праўду пра Беларусь!..”

Шарэцкі пахваліўся, што заканчвае публіцыстычную кнігу пра гістарычны шлях Беларусі. Заінтрыгаваў! А я ўсё не магу забыцца, як яшчэ зусім нядаўна, стаўшы спікерам, ён грымеў з трыбуны: “Нацыяналізму мы не дапусцім!”.

Туды і назад мы з Бураўкіным ехалі ў машыне Шушкевіча. За рулём быў гаспадар і цэлую гадзіну блукаў між дачамі, шукаючы пісьменніцкую Лысую гару. Хапіла досціпаў і смеху.

26-га ліпеня. Другі З’езд беларусаў свету адкрыў Р. Гарэцкі. Першым са словам прывітання выступіў В. Быкаў — коратка і... на гэты раз досыць фармальна, як дзеля адчэпкі. Пабыў ён толькі да перапынку, быў зусім не ў гуморы. Доўга гаварыў Б-н; далі слова для прывітання ад ТБМ, а на справе зрабіў садаклад аб становішчы мовы і Таварыства. Увогуле добра, але адным уразіў: “Паважаны А. Р., не падпісвайце вы паперкі, якія вам падсоўваюць саветнікі” і г. д. Карацей, цар — што трэба, а вось акружэнне ў яго дрэннае... Ах, як жа гэта знаёма мне! Яшчэ з тых часоў. Абавязкова — “закінуць наперад”, каб мець шлях да адступлення.

Я гаварыў другім пасля перапынку. Усё пра тое ж і вельмі катэгарычна. Ніякіх уступак ворагам беларушчыны і нашай дзяржаўнай незалежнасці!

Хораша — у гэтым жа духу — выступіў пасля мяне Іван Драч. Бліскуча і вельмі эмацыянальна гаварыў Аляксей Каўка. Гэтаксама — Юр. Хадыка. Былі і прамовы запрошаных канторай Л-кі (з Прыднястроўя, з Харкава). Настолькі антыбеларускія, што ў зале свісталі, крычалі, ляпалі — гналі прэч са сцэны. Бедны Гарэцкі з цяжкасцю супакойваў. Сам ён даклад зрабіў добры, з акцэнтам на гаротным становішчы беларускай мовы.

Вечарам з украінскімі гасцямі (Драч і Шакала) сабраліся ў сябра. Быў і Барадулін. Пасля якогась там кілішка, гаспадара “прарвала”. Аказваецца, іменна я заваліў яму пасля службы ў ААН кар’еру! Думаў, што ўдарыць — так люта крычаў на мяне. А я і думаць не дадумаўся б, што маю гэткую віну перад ім. Так і сказаў яму. Вечар быў сапсаваны канчаткова. Надакучыла за доўгія гады-дзесяцігоддзі бачыць яго пакуты з-за недасягнутай жыццёвай мэты і пры гэтым адплёўвацца ад бруду, якога я зусім не заслужыў. Так, я ніколі не браў да сэрца яго клопат пра кар’еру, думаў, для паэта наогул лепш без дзяржаўнай службы, сам вельмі пакутаваў у службовым ярме. Але іншым — не перашкаджаў.

27-га ліпеня. Закончыўся З’езд. Зноў выбраны ў Вялікую і Малую Раду “Бацькаўшчыны”. У канцы дня пайшоў з украінцамі — дзеля іх — на вячэру, аб чым вельмі шкадую. Дзікае п’янства галодных людзей. І я сярод іх — на роўных. Агідна!

Паехалі ў гасцініцу і пасядзелі гадзіну там за пярцоўкай. У суме выйшла занадта.

28-га ліпеня. Сёння Гэны прымаў групу дэлегатаў З’езду — тых, што ўхваляюць яго палітыку, яго курс на ліквідацыю дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Тэлепанарама паказала яго прамову. Паабяцаў перакроіць “Бацькаўшчыну”. І выдаў поўнаю мерай Нілу Гілевічу. Персанальна. Назваў “яркім прыкладам” паэта-палітыкана, які піша пасквілі на прэзідэнта, замест таго, каб... “Замест таго” — не можа, спісаўся, і наогул — бяздарны. Славіў Сталіна ў вершах. “Мы яшчэ разбярэмся, чаму такія ў падручніках, няма ім чаго там рабіць”.

Вось такім абзавёўся я страшным крытыкам. Цяпер ужо зусім зразумела, што мяне чакае ў бліжэйшыя гады, як будуць выдавацца мае кнігі і як будзе падавацца публічна маё імя. Калі ўвогуле не здарыцца самага горшага. Ну, што ж, не з мяне пачалося. Хай драпежаць. Іншым я ўжо не стану. І маўчаць не збіраюся. Пакуль жывы і не выпала з рук пяро.

29-га ліпеня. Занёс Сярэдзічу сваю прамову на З’ездзе беларусаў свету. Хачу, каб ведалі маю сённяшнюю пазіцыю — нязменную! — і тыя, хто на З’ездзе не быў. Ніводзін жа сродак масавай інфармацыі і слова не сказаў, пра што гаварыў гэты раз Н. Г.