Выбрать главу

2-га жніўня. “Звязда” апублікавала маё кароценькае слоўца пра Янку Брыля. Вядома, пра гэтага майго старэйшага сябра я мог бы сказаць многа — і як пра пісьменніка, і як пра чалавека; абмежаванне вымушанае — прасілі не больш паўтары старонкі. Пра Брыля-пісьменніка паспрабаваў сказаць нешта істотнае, самае галоўнае.

4-га жніўня. Занёс у “Полымя” — па ранейшай дамоўленасці з Законнікавым — першыя 10 вершаў з кнігі “Песні прапашчага”. У пакоі рэдактара заспеў В. Казько. Пасвяціў і яго ў сваю рызыкоўную задуму. Давялося некалькі рэчаў прачытаць-праспяваць уголас. Усе — і Законнікаў, і Казько, і Пісьмянкоў — ухвалілі і задуму і выкананне. (Казько: “Такога Гілевіча яшчэ не чытаў, гэта нешта новае...”). І ўсё ж — вельмі-вельмі трывожна. Хоць нутром адчуваю — шлях верны.

5-га жніўня. Ездзілі з Р. Гарэцкім віншаваць Янку Брыля. У яго Крынічнае, дакладней — на яго хутар, каля Крынічнага. Былі з намі і Г.Р. з Н.І. Паехалі, на жаль, акружным шляхам, праз Мір, ад Турца ўвесь час перапытвалі дарогу і блукалі. Янка, хоць і моцна стомлены ўчарашнім днём (госці з Мінску, з Карэліч, шумелі да поўначы), шчыра ўзрадаваўся нашаму прыезду. Колькі гадзін прабегла няўзнак у нязмушаных цікавых гутарках — спачатку ў двары пад векавою ліпай, а затым — у хаце. У кампаніі з Брылём не засумуеш. Дача яго не Бог ведае што — звычайная хата, адно што цагляная. У мансардзе — больш чым сціплы яго рабочы габінэт, да таго ж — цемнаваты; там і ложак, дзе ён адпачывае (увесь ніз у доме заняты дзяцьмі і ўнукамі). Ад кіраўніцтва дзяржавы віншавальную тэлеграму Брылю прыслаў Лінг, але Янка вельмі хвалюецца, каб не дай бог задумаў узнагародзіць яго Гэны. Сказаў, што падрыхтаваў — на такі выпадак — адкрыты ліст Гэнаму з тлумачэннем, чаму ён адмаўляецца ад ягонай ласкі. Я стараўся пераканаць Янку, што ён непакоіцца дарэмна: ніякай узнагароды яму не будзе: “Ты кепска ведаеш гэтых людзей. Іх нянавісць да беларускай інтэлігенцыі такая лютая, што не пакідае для розуму ні трохі месца, асляпляе іх канчаткова”. Бачна, што Янка не хацеў бы, каб дайшло да публічнага ліста. “Я не за сябе баюся, — сказаў, — а за дзяцей і ўнукаў”. Ну, так, за сябе і я ўжо не баюся, але і ў мяне ёсць сын, і ён ужо церпіць з-за бацькі. Успомнілася: калі В. Тарас прыпісаў мне атрыманне ласкі ад Гэнага — я тут жа абвергнуў гэта ў газеце.

Сёння “Народная воля” апублікавала маё выступленне на З’ездзе. Выдатна! Мне сядзець як мыш пад памялом нельга.

Па дарозе да Брыля, у машыне, Р. Гарэцкі расказаў падрабязна, як Гэны прымаў 28-га групу “беларусаў”. Кожнаму ўручыў гадзіннік “ад прэзідэнта РБ” і даў ім шыкоўны абед. А Гарэцкага на сустрэчы абразіў, сказаў: гэтыя гарэцкія, баршчэўскія і іншыя (дзіўна, што Р.Г. сцерпеў і не бразнуў дзвярыма! От ужо беларусы!).

14-га жніўня. Нейкія няплённыя дні! Ужо больш тыдня нічога не раблю, ні радка не напісаў. Адно трохі чытаю. Ночы бяссонныя, з-за чаго ўдзень непрацаздольны. Штодня езджу за “горад”, памагаю Ніне саліць агуркі. Буду лічыць, што гэта адпачынак.

16-га жніўня. Дзень прайшоў на Лагойшчыне, у Рудні, у летніку “Яднанне”, дырэктарам якога Я. Лецка. Ён і запрасіў, і арганізаваў сустрэчу дзяцей з маёй міласцю. Сам ён паехаў зусім хворы, атручаны грыбамі. За рулём быў мастак У. Крукоўскі, пасажырамі — Купава і Шатэрнік (у летніку іх дзеці). Вяла сустрэчу нястомная і ўсюдыісная Ан. Хатэнка — як заўсёды лірычна і ўзнёсла. Гадзіны дзве гаварыў, чытаў, ды яшчэ з гадзіну падпісваў кнігі (у асноўным “Талісман” і “На высокім алтары”).

17-га жніўня. Ці не прагучыць яшчэ адна “Кантата”? Нечакана папёрлі задумы новых іранічна-злосных і горкіх вершаў. А думаў, што ўжо ўсё — за вершы доўга не вазьмуся: выгаварыўся, адспавядаўся, памаўчу хаця б да восені.

1-га верасня. Сказаў слова і прачытаў верш перад школьнікамі на плошчы Коласа — у гонар Новага навучальнага года і Дня ведаў. Падпісаў колькі дзесяткаў кніг, у тым ліку Першы том Збору твораў. Думаў, дзеці самі куплялі, аж гэта іх узнагародзілі ў школе за выдатную вучобу. Былі Зуёнак і Далідовіч. Дадому прынёс вялізны ахапак кветак.

6-га верасня. Былі з Нінай на вячэры ў пасла Балгарыі Марка Ганчава, у Драздах, у кафэ. Толькі Ганчавы і мы. Даведаліся, што прыязджала Мінка Найдэнава, на астатак багажу (сам Найдэн, відаць, з крыўды на Марка і наогул — не паехаў). Мінка нам не пазваніла нават. Чаму? У нас — трыццаць пяць гадоў дружбы.

Гутаркі за сталом не адбылося. У мяне такі настрой, што на па- бочныя, чужыя праблемы мяне не хапае — увесь у нашым беларускім горы.

А павінен быў я сёння быць у Клецку — у гонар Дня пісьменства і друку! Настойліва запрашалі — і я даў згоду. На вялікую сустрэчу ў Доме культуры. Ажно запрашалі людзі, якія не ведалі, што ўжо мяне запрашаць нельга, і галоўны клецкі вертыкальшчык сустрэчу адмяніў, аб чым і паведаміла мне ўчора Ядзвіга Пятроўна з БП СПБ. Так што — пачалося! У Лагойску “адчыталі” завуча з Гайны, што наладзіў сустрэчу са мной (у маёй роднай школе!), у Клецку адмянілі наогул. Няцяжка прадбачыць, што яшчэ мяне чакае, што яшчэ абрынецца на мяне (а то і на маю Ніну Іванаўну).