Выбрать главу

10-га верасня. Званіў Зм. Санько, каб я тэрмінова зрабіў анатацыю на зборнік “Ёсць зямля”. Зраблю, вядома, а вось калі зборнік выйдзе, і ці выйдзе ўвогуле, — не ведаю, дагэтуль пэўнасці няма.

З музея Я. Купалы запрасілі на вечарыну П. Панчанкі, падкрэслілі, што вельмі просіць сям’я Панчанкі, Зоя Кірылаўна. Гатоў бы з вялікай радасцю прыняць удзел у вечарыне, але ж яна назначана на 30.09. А хто ж будзе ў гэты дзень у мяне дома прымаць гасцей — у гонар дня нараджэння раба Божага Ніла?

16-га верасня. У сем раніцы выехаў у Зэльву — па просьбе Г.А. Дзягілевай, — вярнуўся ноччу. Адбыліся там, на Зэльвеншчыне, тры сустрэчы, — у Дзярэчынскай СШ, у Залацеўскай СШ, у раённым Доме культуры. У ДК Зэльвы прыйшло не больш як 30 чалавек. І ніводнага “вертыкальшчыка” вышэй за пасаду загадчыка аддзелам культуры. Гэта — на сустрэчу з Народным Паэтам Беларусі! Калі, у якія часы нешта падобнае магло быць? Бедная Дзягілева са сваім “Знічам” (вылеціць у трубу!), бедны Ніл Гілевіч, бедная Беларусь!

17-га верасня. У 12.00 быў на адкрыцці мемарыяльнай дошкі М. Танку на доме, у якім ён апошнія 19 гадоў жыў. У сцэнарыі было запісана, што дошку адкрываюць народны пісьменнік І. П. Шамякін і старшыня СПБ В. Зуёнак. Прадстаўнік Мінскага ГВК так і аб’явіў. Аказалася — І.П. Шамякіна няма — спазніўся! Выйшла замінка. У натоўпе загукалі: “Ніл Гілевіч! Народны паэт Ніл Гілевіч!” Прадстаўнік падышоў да мікрафона і абвясціў: “Ніл Сымонавіч Гілевіч”. Так я быў “уганараваны” — адкрыў Дошку Максіму Танку. Пасля мне далі і слова, да якога я дома трохі і рыхтаваўся. Казаў пра Максіма Танка як пра вялікага паэта не толькі ў беларускім, але і еўрапейскім і нават у сусветным маштабе. Здавалася б — зусім у духу афіцыйнай ацэнкі. Аднак вечарам беларускае тэле, даўшы добрых мінут пяць на гэту ўрачыстасць, нават не паказала мяне — ні як я адкрываю Дошку, ні як я выступаю са словам пра Танка. І пасля гэтага будуць гаварыць пра адсутнасць гвалту над свабодай слова ў Беларусі.

Пасля адкрыцця Дошкі быў на сустрэчы з настаўнікамі г. Мінска ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры. Сустрэча аказалася на рэдкасць цікавай, слухалі як любімага чалавека, іншы раз нават са слязамі на вачах (калі чытаў вершы пра маму).

19-га верасня. Двайная радасць: у “ЛіМе” восем маіх вершаў, і ў заўтрашняй “Народнай волі”, якую ўжо мне далі ў рэдакцыі, — шэсць. Усе напісаны ў верасні. І гэта яшчэ не ўсё: некалькі вершаў у стадыі завяршэння, якія хачу прапанаваць “Звяздзе”. Даўно не было такога ўраджаю! Але што скажуць тыя, што прачытаюць?

20-га верасня. Быў на спектаклі па п’есе Аляксея Дударава “Князь Вітаўт”. Робіць моцнае ўражанне. Сказаў Дудараву: яшчэ пяць такіх п’ес — пяць такіх спектакляў — і беларусы будуць ведаць сваю дзяржаўную гісторыю ў яе самых важных, вузлавых момантах. А гэта тое, чаго беларусам усё яшчэ страшэнна не хапае.

30-га верасня. “Звязда” дала чатыры вершы ў гонар маіх дзвюх шасцёрак (66!). Вельмі рад, што не памесціўся пяты (“Песня курдаў”), бо позна заўважыў, што ў яго тэкст трэба ўмешвацца, грубую рыфму выкідаць вон. На шчасце — не памесціўся, і цяпер я яго падшліфую.

Прыходзілі з Музея гісторыі беларускай літаратуры — Л. В. і З. Л. З кветкамі і цукеркамі. Заходзіў Матукоўскі. Пачаставаў і яго віном. Вельмі рэзка ён крытыкаваў В.Р. — за “убейства тэатра”. “Правільна ты ў свой час казаў мне: ён угробіў тэатр, які перастаў быць і нацыянальным і акадэмічным”. Так, я гэта казаў, і не раз, многім казаў, таму ж І. І. Ваш-чу яшчэ ў 1992 годзе. Ну і што? “А Васька слушает да ест”. Некаму вельмі трэба, каб Купалаўскі тэатр — наш нацыянальны гонар — быў угроблены. Матукоўскі забраў у мяне пераклад камедыі М. Эрдмана “Самазабойца”: мае намер дабіцца яе пастаноўкі ў тэатры. Варта было б! Дарэчы, як пачынаў Эрдман у 20-х, будучы зусім маладым (“Мандат”, “Самазабойца”), і да чаго пазней скаціўся (“Веселые ребята”, “Смелые люди” — яго сцэнарыі). Божа ты мой, што рабіла сталіншчына з пісьменнікамі, з мастакамі!..

Вечарам было застолле. Адны свае — родзічы. Шмат пілі і елі. Было ўтульна і весела. На жаль, імяніннік па-ранейшаму сілы свае не разлічвае. Мог бы за пляменнікамі — як за камсамолам — і не гнацца.

1-га кастрычніка. Учора віншавальных званкоў мне было нашмат больш, чым я разлічваў. Апрача мінскіх, званілі сябры і знаёмыя з Докшыцаў, з Хойнікаў, з Маладзечна, з Кушлянаў, з Віцебску, з Жодзіна... Пазваніў і вельмі сардэчна павіншаваў (і вельмі пахваліў вершы!) Васіль Быкаў. Хораша пагаварылі. А вечарам прыйшлі Марка Ганчаў і Ан. Вярцінскі. Абодва з жонкамі. “Сустрэча прайшла ў шчырай сяброўскай атмасферы”, так, здаецца, пішуць у друку. Анатоль чытаў уголас мае апошнія вершы. Дзякую, дружа! Можа, і яшчэ што накрэмзаю.