9 жнiвеня
Я сам не свой увесь гэты час. У Маскве страшна аставацца далей жыць. Гэты вялiкi горад не дасць мне як мае быць ачуняць. I жыць не ў Беларусi больш не магу. А дзе жыць у Менску? I як там жыць на попелiшчы? Што там есцi? Пайшоў сёння рана ў рэдакцыю. Думаў, пакуль яшчэ там нiкога не было, пiсаць непатрэбную працу: перадавы артыкул у "Беларусь" № 5. Артыкул ужо напiсаны, але цэнзар вымагае, каб там было як найбольш шаблону. Ратуй мяне божа ад гэтай работы больш. Аднак жа ў рэдакцыi нiчога не рабiў, бо адразу найшло людзей, i падняўся гармiдар, i ўсе мае дуды вобземлю.
Сазванiўся з Глебкам12 у выдавецтве. Ужо з тону яго гаворкi ў тэлефон пачуў, што ён нейкi нецярплiвы. I сапраўды. Са мною ён нiчога не гаварыў, апроч дзвёх якiх фразаў, якiя ён мог бы сказаць i не мне, i якiя я мог бы пачуць i не ад яго. Я адразу i пайшоў. I яму было ўсё роўна. Адным словам, яму нi да мяне i нi да кога, хто не п'е гарэлкi. Яго губiць не гарэлка, а тое, што ён менш за ўсё Пятро Глебка, а найбольш "Нонiк", цi, як яго звала цешча, "Нёнiк". Пястунчык. Пасля таго, калi Купала ўпаў з дзесятага паверху гасцiнiцы "Масква" i сканаў, Глебка сказаў быў мне: "Ён жыў як паэт, i памёр як паэт". У гэтай фразе ўвесь Глебка-Нонiк. Ён хоча жыць, як "паэт", гэта значыцца, як матыль у бляску дня. Гэта i вечны кавалерчык i п'янiца. "Суждены нам благие порывы, но свершить нам ничего не дано"13. Ён самы асвечаны i культурны з усiх сённяшнiх жывых беларускiх пiсьменнiкаў i самы большы абладальнiк яснай думкi. Вышэйшая асвета дала яму вялiкую карысць. Яго талент узбагачан думкаю, ясным розумам. Кафедра беларускага ўнiверсiтэта была б ашчаслiўлена такiм прафесарам. Але ж, бачыце, i "жыць як паэт". Нёнiк! Дык якое дзiва, што ён п'е цяпер дзень i ноч, калi яго i спасцiгла вялiкае няшчасце! Хоць у маёй галаве дзесьцi варушыцца думка, што ён цяпер, п'ючы дзе-небудзь замкнуўшыся абы з кiм, хто трапiцца, часамi ўспамiнае аб "паэтычнасцi" ўсяго гэтага. Калi з iм няньчацца, ён прымае гэта як абсалютную няўхiльнасць. Ён паабяцае прыйсцi заўтра, а прыйдзе праз два тыднi, а найчасцей зусiм не прыйдзе, калi абяцаў прыйсцi. Яго ёсць за што любiць. Я люблю яго. Я даражу яго дружбай. З iм цiкава гаварыць. У мiнулую восень, калi я пераехаў жыць у "Якар", i зiмою я так прагнуў, каб ён да мяне заходзiў! Мне была радасць, калi я бачыў, як з'яўлялася ў маiх дзвярах яго мiлая галава. Тым большая была мая радасць, што гэта было пасля цяжкай хваробы, калi не вельмi часта заходзiлi да мяне нават i тыя, што цеснай дружбай былi звязаны са мною праз многа год. Вядома, з хворым быць нецiкава, гарэлкаю ён не частуе. Дык каб Нонiк не акiдаў мяне, я прыдумаў кармiць яго ў кожную нядзелю абедам. Значыцца, ужо раз на тыдзень я мог гаварыць з iм. Абедаць прыходзiў ён ахвотна. Выходзiла, што хоць адзiн друг не адвярнуўся ад мяне, калi я станавiўся пасля хваробы на ногi! Тады я, узрадаваны, пачаў часта частаваць яго гарэлкай. Дык ён вельмi ахвотна заходзiў часта. Цяпер, калi я ўжо намнога выратаваўся ад рэштак хваробы i душа мая паздаравела, i мне не страшна, калi i два месяцы нiхто да мяне не зойдзе, я занядбаў гэтую агiдную куплю дружбы за гарэлку. Пайковая гарэлка iдзе на рынак, Рэня выменьвае за яе прадукты. Я больш ем агародных вiтамiнаў, але звыш чатырох месяцаў не бачыў Глебкi. Ён жыў цэлы год са мною ў адной гасцiнiцы "Якар", я на трэцiм паверху, а ён на чацвёртым. Таму назад з месяц я напiсаў яму пiсьмо. Яно вярнулася назад, бо ён паехаў у Менск. 10-га жнiвеня я зноў зайшоў да яго ў выдавецтва. У гэты дзень ён пагаварыў са мною, але ён злосны, раздражнены. Цяпер ужо ён мае патрэбу ў сяброўскай ласцы. Мне ўжо ён не патрэбен, калi ён забыўся, што дружба сапраўдная трымаецца не гарэлкаю. Бог з iм. Але мне хочацца паспрабаваць, цi не будзе яму якой-небудзь палёгкi ад шчырасцi ў сяброўстве. Ён мучыцца. Яго Нiна паехала з немцамi i жыве ў Кенiгсбергу. Глебкава пакута тут своеасаблiвая. У гэтай пакуце многа холаду i чорствасцi. Гэта ўласцiва яго натуры. А блiзкага чалавека ён не страцiў. Сяброўскай блiзасцi ў яго з жонкаю нiколi i не было. Ён чорствы i сухi, а яна закаранелая мяшчанка, дурная, зайздросная i хцiвая. 13 жнiвеня 1944 г.
20 жнiвеня
Ужо больш за тыдзень прайшло, а яшчэ не сышло з мяне зусiм уражанне ад мае гаворкi з П.К.Панамарэнкам14. На тым тыднi ў пятнiцу папрасiўся я на прыём. Я не мог больш цярпець. Я падрыхтаваў тэзiсы i хвiлiн сорак дакладваў яму: 1) аб цэнзуры ў вобразе Дадзiёмавай15, якая мову беларускай лiтаратуры хоча перайначыць на свой лад, 2) аб тым, што я не маю магчымасцi пiсаць свае раманы i 3) што я, як чорнарабочы, пiсаў i пiшу бесперапынна публiцыстычныя тэксты без подпiсу, яны друкуюцца, устаўляюцца ў тэксты рэзалюцый антыфашыстоўскiх, скажам, з'ездаў, друкуюцца ў зборнiках Купалы як купалаўская публiцыстыка... А я хаджу спрацованы i хворы i жыву ў катуху. Гаворка iшла гадзiн тры, да паўночы. Я паставiў пытаннi проста. П. Панамарэнка ў часе гаворкi сказаў, што ён вызначае мерапрыемствы: адчыненне пры акадэмii навук двухгадовых курсаў - iнстытуту мовы. Сабраць туды такую нiзавую iнтэлiгенцыю, як сельскiх маладых настаўнiкаў, i зрабiць з iх ахавальнiкаў чыстаты беларускай мовы ў школах i нiзавым друку. Адчыненне пры беларускiм унiверсiтэце факультэта журналiстыкi. П. сказаў, што здыме з пасады цэнзара Дадзiёмаву. Узгаварылiся, як я сядзеў у турме, я сказаў, як i чым мяне катавалi. Уражанне ад гаворкi было добрае, я паспакайнеў i крыху супакоiўся. Я паказаў яму забракованы цэнзурай мой перадавы артыкул у № 5 "Беларусь". Там аб тым, што нямецкая акупацыя была для беларускага народа не толькi парою пакуты, але i парою ўзвышэння, гартавання i гiстарычнага ўзняцця народа як нацыi i ўзмацнення яго нацыянальнай самасвядомасцi. Народ пакiнуў быць пастухом i стаў генералам. Наша шчасце, што мы належым да СССР, каб не - то што было б з намi? П. сказаў, што гэта яго думкi, "артыкул блiскучы" i цэнзуру ён "ператрасе". Гаварылi пра ўсялякую драбязу, але мне важную: я папрасiў памагчы мне ў Менску дастаць дзе жыць, хоць хату якую. Ён абяцаў. Назаўтра ён выклiкаў з Менска Лынькова16. Чакаю хуткага пераезду ў Менск, паспакайнець там душою, узмацнець целам i пiсаць, раман за раманам, а то ўжо тут не магу больш.