Аляксандр Капусцін
ВЫКЛІК У БАБРУЙСК
Справа аб аўтааварыі, пра якую пракурор Павел Іванавіч Здараўцоў сказаў, што яна запатрабуе многа ўдумлівасці, мне здалася абсалютна яснай. Шафёр парушыў правілы руху, збіў аўтамашынай падводу, параніў чалавека.
— Злачынца — складаная натура. То раптам замыкаецца ў сабе, то гаворыць абы-што. Трэба пільнае вока, каб беспамылкова разгледзець яго,— даводзіў Павел Іванавіч. Мяне эакрануў яго намёк — разумнікам выстаўляецца. Яшчэ пры першым знасмстве пракурор паказаўся мне крыху ганарыстым чалавекам.
Я адчуваў сябе ўпэўнена. Перад тым як выйсці ў залу судовага пасяджэння, старанна прычасаў валасы, паправіў гальштук і абцягнуў пінжак. Непрыкметна агледзеў крытычным позіркам засядацеляў, адчыніў бакавыя дзверы з кабінета ў залу.
— Устаць, суд ідзе! — прагучаў голас сакратаркі. Яна, каб надаць сабе больш паважнасці, з падкрэсленай увагай абвяла позіркам прысутных.
Паклаўшы на стол справу ў гладкай сіняй кардоннай вокладцы, я сказаў стрымана:
— Сядайце.— I мне чамусьці падалося, што не пачуў свайго голасу. «Хвалююся»,— падумаў здзіўлена. Паглядзеў на віноўніка.
Падсудны рабіў цяжкае ўражанне: сядзеў ненатуральна выпрастаўшыся, не варушачыся, як звязаны. У вачах стаіліся трывога і боязь. Вочы ў яго былі чыстыя, хлапчуковыя. Нейкі момант я чамусьці слухаў, як ён дыхае,— цяжка, перарывіста, бы ў гарачцы.
— Назавіце сваё прозвішча, імя і імя па бацьку,— звярнуўся я да яго.— Як у пашпарце запісана.
Ён ускочыў, стаў навыцяжку. Быў ён невялікага росту, тонкі, як дубец. Худы твар ад бледнасці здаваўся выцягнутым.
— А ў мяне няма пашпарта.— Таргануў шыяй, заміргаў пушыстымі рыжымі вейкамі.— Я — калгаснік.
Дзіўна, але чамусьці самаўпэўненасць, з якой я звыкся, доўга рыхтуючы сябе да гэтага вось першага судовага працэсу, знікала. Адчуў — падступала разгубленасць. Адкуль яна? Ну, падсуднаму млосна — дык яго лёс вырашаецца. А я — вырашаю, чаго мне хвалявацца?.. Вочы як бы самі сабой сталі сачыць за засядацелямі. Як тыя сябе паводзяць?
Засядацелямі былі медсястра Ніна Халецкая і настаўнік матэматыкі Арсеній Пятровіч Кныш. Халецкая пільна, як умеюць гэта рабіць уважлівыя, спакойныя людзі, пазірала на падсуднага. Арсеній Пятровіч крыху павярнуў галаву, погляд яго быў скіраваны кудысьці ў кут залы. I як застыў. «Флегматычны стары. Што ён адчувае? Ці мо нічога не адчувае? — неспадзявана падумалася мне.— Як спіць». Кныш быццам разгадаў маю думку. Пацёр лоб жылістай рукой.
— Называй прозвішча,— прашаптала за спіной падсуднага даяўчына. Яна, шчуплая, у шырокім, як з чужога пляча, васільковым плацці выглядала падлеткам. Прытоеная, устрывожаная, баязліва пазірала на мяне. Ад адчування вінаватасці, што парушае судовы парадак, пачырванела, кранутыя вяснушкамі шчокі гарэлі. Падсудны павярнуўся. Нечакана ўсміхнуўся, падбадзёрваючы, кіўнуў ёй. А калі зноў павярнуўся да суда, выгляд яго быў ужо не такі прыгнечаны.
— Грыневіч маё прозвішча,— прагаварыў ён расцяжна, імкнучыся надаць свайму глухаватаму голасу цвёрдасці.— Антон Максімавіч Грыневіч.
Я растлумачыў яго правы, зачытаў абвінаваўчае заключэнне. На запытанне, ці зразумела яму абвінавачанне, хлопец кіўнуў галавой.
— Раскажыце ўсё, як было,— прапанаваў я.— Не спяшаючыся, па парадку.
Дзяўчына злёгку ўстрапянулася, падалася наперад. Погляд яе быў поўны спачуваяня і трывогі.
— Я ехаў па вуліцы, а ён вывернуўся з завулка.— Грыневіч кіўнуў на пацярпеўшага Ціта Будзюхіна, які сядзеў каля акна.— Ну, і тут — удар. Калёсы зачапіла.— Ён зноў апусціў галаву, змоўк.
Будзюхін увесь час, пакуль ішоў допыт, не зводзіў з падсуднага маленькіх вострых вачэй. Нейкі момант ён быццам асэнсоўваў паказанні злачынцы і раптамі узгарэўся:
— Толькі і ўсяго, што зачапіла? — усхапіўся з лаўкі.— Калёсы ў шчэпкі, і нага папалам. Чуць зраслася.— На яго твары ўздрыгнулі, пераламаліся дзве вялікія складкі, што ішлі ад шырокіх вачніц да пухлай губы. Здавалася, чалавек зараз заплача. Ён пастаяў трохі, акінуў вачамі ўсіх, стомлена апусціўся на лаву.
Працаваў Будзюхін нарыхтоўшчыкам у сельпо. Збіраў утыль. Я неаднойчы сустракаў яго на вуліцы. Едзе, спусціўшы з калёс доўгія ногі, якія ледзь не чапляюцца за камяні бруку, узмахвае доўгай пугаю. А перад пасяджэннем суда ён пабыў у мяне ў кабінеце.
— Ходзяць чуткі, быццам матка гэтага разбойніка, што людзей калечыць, наведалася да вас, грамадзянін суддзя,— загаварыў, прывітаўшыся.— I быццам бы не з пустымі рукамі — з кашолкай.— Ён пераклаў пугу пад другую паху.— Я не сумняваюся, я проста так, але ж чуткі ходзяць не па лесе, а па людзях.