— Але ў вучылішча я не пусціў яго. У мяне так: сказаў — адрэзаў. Гляджу, здаецца, крыху паразумнеў мой марак, прыціх. Ну, думаю, дайшло да яго бацькава слова. Ды тут якраз папрыязджалі на канікулы хлопцы, што ў рачным вучацца. Згаварыліся яны і паплылі на лодках па Дняпры ў нейкае падарожжа. А яго не ўзялі. Ты ж, кажуць, усё роўна да нас вучыцца не пойдзеш… А потым — вось гэтая непрыемнасць…
Астап трохі памаўчаў, збіраючыся з думкамі.
— Калі, грамадзяне суддзі, будзе ласка ваша, каб не пасадзіць гэтага лайдака ў турму, я ўжо за яго вазьмуся. Я яго так турну ў гараж, ажно пяткі замільгаюць.— Голас яго раптам упаў.— Калі што… сапсуецца ён там — у калоніі. Усе ж гавораць…— Астап памкнуўся да сына, нібы хацеў прыгладзіць яго растрапаную чупрыну, ды адразу ж апусціў руку, вінавата зірнуў на Максіма Сцяпанавіча.
Да справы быў прыкладзены рэчавы доказ — абрыўкі пяньковай аборкі, якой падсудны заводзіў матор. Пасля допыту Астапа засядацелі агледзелі іх.
Судовае следства аб’яўлена закончаным. Выступілі пракурор і адвакат: злачынства даказана, але неабходна ўлічыць, што падсудны — непаўналетні. Максім Сцяпанавіч даў апошняе слова Міколу.
Хлопец памарудзіў, потым усхапіўся, зморшчыўся, бы глынуў чаго горкага. Маўчаў.
— Прасіся, кажу, прасіся,— падказваў за яго плячамі бацька. А ён быццам нічога і не чуў, нібыта быў думкамі далёка-далёка ад усяго, што яго тут акружала.
Максім Сцяпанавіч спакойна пазіраў на падсуднага. Толькі рука, што ляжала на стале, выдавала яго хваляванне: пальцы напружышліся, уздрыгвалі. Каб неяк разварушыць хлопца, ён запытаў:
— Ці ўсвядомілі вы агіднасць свайго ўчынку?
Мікола буркнуў:
— Ага, усвядоміў...
Выцер твар.
Суддзя пазіраў яму ў вочы, і яго ўсе больш апаноўвала дзіўнае ўражанне: быццам ён здаўна, з маленства ведаў гэтага хударлявага, з доўгімі вейкамі падлетка — відаць, добрага, падатлівага, але затузанага і таму не вельмі ахвочага да размоў.
Звыклы да сваёй нялёгкай працы, да свайго адказнага абавязку, Максім Сцяпанавіч стрымана дапытаўся:
— Што яшчэ скажаце?
— Прасіся, гіцаль ты няшчасны,— засіпеў Астап Скакун. Ён бачыў, што сын не слухае яго і не збіраецца прасіцца. Сам усхапіўся з лаўкі, адкінуў рэдзенькі касмылёк, які прыліп да ўспатнелага лба.
— Дазвольце мне яшчэ пару слоў. У яго заўсёды, ак недаедзеная бульба ў роце,— загаварыў, не пільнуючыся, дазволіць яму суддзя ці не.— Зразумець, грамадзяне суддзі, ён зразумеў ужо. А калі не — дык цяпер я дапамагу яму ўжо як трэба. Будзьце ўпэўнены… Ну, чаго ты ўсё маўчыш? Скажы сам суддзям што-небудзь, сынок! Ну, скажы ж!..
Хлапчук памуляўся.
— Што сказаць? Пра аборку скажу.— Зірнуў на Максіма Сцяпанавіча спадылба.— Каб яна не гнілая была ды не нарвалася, дык дзядзька міліцыянер мяне 6 нізашто не злавіў. Цяпер бы я дзе-небудзь каля Кіева плыў…
Людзі разгублена прыціхлі, насцярожыліся. Двое сярдзіта заспрачаліся: адзін казаў, што цяпер суд пакарае Міколу; другі — няма за што. На іх зыркнуў Цыган, які сядзеў побач, і яны адразу прыціхлі.
Цыган быў гарбаносы, барадаты, у выцвілай гімнасцёрцы. Яшчэ як толькі з’явіўся ў зале, ён кінуўся Максіму Сцяпанавічу ў вочы. Суддзя ведаў яго.
Калісьці барадаты цыган атрымаў у дзяржавы пазыку і купіў на ўскраіне мястэчка хаціну. Працаваў ён возчыкам у канторы па нарыхтоўцы жывёлы, падрабляў там-сям: каму паліва прывязе, каму агарод узарэ. А пазыку не вяртаў. Давялося спаганяць яе ў прымусовым парадку.
Увесь час, пакуль ішоў суд над Міколам Скакуном, цыган быў маўклівы і нейкі задумлівы. Круціў у пальцах сцяблінку канюшыны, сцішваўся, прыклаўшы яе да твару, і зноў пачынаў круціць спакваля. А тут раптам заціснуў у кулак шырокую бараду, закоўзаўся на лаве.
— Грамадзянін суддзя, дай цыгану сказаць. Цыган праўду скажа,— загаварыў, бліскаючы вачамі.— Адпусці хлопца дадому. Ці ж ён каня ўкраў? Кусок жалеза…
Грымнуў добразычлівы рогат. Твары ў людзей пасвятлелі: кожны нібы скінуў прыгнечанасць з душы… Загаварылі, не тоячы болей сваіх думак. I людзі былі чамусьці не такія ўжо суровыя, як раней.
***
Там, дзе зайшло сонца, неба яшчэ было светлае.
А на зямлю ўжо клаўся прыцемак. Нагрэтая за дзень, яна дыхала цяплом. Астап Скакун, расслаблены, зняможаны, выйшаў на двор. Сеў на лавачку каля хаты, закурыў. Пасля дзённага тлуму і хваляванняў яму захацелася пабыць аднаму, паразважаць над тым, што адбылося.
Ён пазіраў за раку. Там, на лузе, загусаў туман, заўзята рыпелі драчы. Часам яны сціхалі, і тады Астап міжвольна ўзіраўся ў цёмную грыву лазняку, бы чакаў, што ў вецці вось-вось адзавуцца салаўі, якія вельмі залівіста цёхкалі на пачатку лета.