Выбрать главу

Думаў пра сына. Не, цяпер ён возьмецца за лайдака, вачэй з яго не спусціць. Столькі перажыў з-за яго і сораму, і трывог!..

Успамінаць мінулы дзень Астапу было прыкра, але згадкі пра суд не пакідалі яго.

…Калі Мікола пачуў, што яго прыгаварылі на два гады пазбаўлення волі ўмоўна, вінавата, разгублена ўсміхнуўся. Вочы яго заблішчалі, выкаціліся і завіслі на густых вейках дзве буйныя слязы.

Суддзя яшчэ нешта гаварыў, а Мікола ўскінуў на галаву бесказырку ды адразу ж спахапіўся, зняў. Раз, другі сцепануў вострым худым плячом, нібыта хацеў нешта сказаць, але не знаходзіў слоў. Здавалася, што яму карцела падзяліцца самым патаемным, самым дарагім сэрцу.

…Недзе далёка загрукацеў пярун. Па лузе шугануў ветрык-нізавік, скубануў, загойдаў кусты. Драчы на колькі мінут сціхлі і потым зарыпелі яшчэ больш ахвоча. Астап слухаў іх і думаў: якія ж словы карцелі тады Міколу? Можа, усё пра тое ж — як апантана хоча стаць матросам? «I ў каго ён удаўся такі ўпарты? — думаў Астап зацята.— Як не мой сын, як найдзіч які. Падавай яму мора — і ўсё. Бацькі нашы спрадвеку на зямлі, гэтага мора не бачылі і не страцілі нічога. Убіў сабе ў галаву… Без розуму ідзе ў жыццё…»

— Астап, ты збіраешся спаць ці не? — сонна гукнула з хаты жонка.

Яе вокліч яшчэ больш раззлаваў Астапа: і спіцца ж ёй, скажы ты, пасля такой запаркі? А ў судзе ўсё войкала, усё млела…

Палаяўшы жонку, ён зноў вярнуўся думкамі да сына. А ў глыбіні душы было адчуванне, як у чалавека, які сам пакуль спыніўся на раздарожжы і хоча вярнуцца за тым, міма чаго бяздумна прайшоў…

КАЛІ СЫНЫ ВЯРНУЛІСЯ

Валянціна Бандарэц сядзела на пярэдняй лаўцы, скрыжаваўшы на грудзях рукі. Падпудраны твар з акуратна намаляванай каля рота чорнай «мушкай» быў задумлівы, трывожны.

Назіраючы за ёй, я падумаў пра двух маўклівых засмучаных хлапчукоў. У тую ж мінуту яскрава, да дробязей, мне ўявілася, як адзін з іх асцярожна, зладзеявата палез у акно. I ў думках зноў замільгала, закруцілаея ўсё, што пачуў ад Валянціны Бандарэц, ад шматлікіх сведак.

…Валя ў дзявоцтве была вельмі прыгожая. Стройная, з пышнымі русымі валасамі, з сінявой вясновага неба ў вачах.

— Прыгажуня! — часта чула яна ад людзей.— Трэба ж урадзіцца такой шчаслівай!

Яна тады ўспыхвала, яшчэ больш расцвітала.

— Такую муж на руках насіць будзе,— прадказвалі пасялковыя вяшчунні.— Калі толькі не п’яніца трапіцца.

Яна стала хадзіць, ганарліва прыўзняўшы галаву. Неўзабаве, нягледзячы на цётчыны дакоры, кінула вучобу. Валіны бацькі загінулі ў аўтааварыі, і яна выхоўвалася ў старэйшай бацькавай сястры.

Цёплым майскім днём згулялі вяселле. Валя стала жонкай урача Лаўрэна Майсеевіча Бандарца.

Муж цэлымі днямі, а часцяком і вечарамі, быў заняты ў бальніцы. Яна адна заставалася дома. Мыла падлогу, засцілала палавікі, завіхалася на кухні. Потым садзілася на мяккую канапу і вышывала, мярэжыла сурвэткі і абрусы.

У канцы мядовага месяца іх запрасілі на сямейную вечарынку да знаёмых. Валянціна ўвесь вечар спявала, танцавала, а потым прапанавала мужу:

— Нам, Лаўрык, таксама трэба запрашаць да сябе сяброў. Будзем весяліцца, бо, у адзіноце жыўшы, змарнееш дачасна.

3 тае пары амаль кожную нядзелю ў доме, што зялёнымі аканіцамі пазіраў на невялікі сквер, грымела музыка, кружыліся пары.

Ішоў час. Аднойчы, добра наспяваўшыся на імянінах жонкі, Лаўрэн Майсеевіч выйшаў на кухню. Валянціна з суседкай Вольгай Варанчук налівала ў фужэры кампот. Ён стаў у дзвярах, прыхінуўся да вушака. На спатнелы лоб журботна ўпалі лёгкія завіткі валасоў. Злавіўшы на сабе нямое пытанне Вольгі Варанчук, Лаўрэн Майсеевіч схамянуўся, падышоў да жонкі. Узяў яе за плечы:

— Старэем памаленьку. На паспеем азірнуцца, як сыны павырастаюць. Інстытут закончаць, урачамі стануць…

— Лаўрык, ідзі да гасцей, не парушай нашу гамонку,— сказала Валянціна.

Ён выйшаў.

— Злуйся ці не злуйся, а я зноў, Валя, хачу сказаць. Дзяцей не глядзіш,— папракнула Варанчук суседку.— Ты ж маці…

Валянціна нахмурылася, глядзела на яе непрыязна.

— Чаго ты, Вольга, чэпішся? «Не глядзіш, не глядзіш…» Без цябе ведаю, што мне рабіць. Іншыя толькі з дзецьмі важдаюцца. А самі хіба жывуць? Дзеці вырастуць, а самім ужо і жыць няма калі.

— Бацькоўскія клопаты і горкія, і салодкія. У іх чалавечае шчасце…

— Ты як мой Лаўрык разважаеш,— сказала Валянціна.— Быццам ты не буфетчыца, а запраўскі прафесар які.