Выбрать главу

— Шкада, што яго, Лаўрыка твайго, толькі і хапае на размовы. А вось навучыць цябе ён не можа.

— Ты што сёння, у сваім буфеце перапіла? — упікнула Валянціна суседку.

Пасля таго мінула з тыдзень. Ціхім асеннім надвячоркам з двара дома з зялёнымі аканіцамі вырвалася жалобная музыка. Валянціна пазірала, як над галовамі людзей закалыхалася чырвоная труна, плакала, галасіла і не верыла. Лаўрыка няма. Вось яго апошні шлях.

…Пасля аперацыі Лаўрэн Майсеевіч у сваім кабінеце сеў адпачыць. Стомлены, заплюшчыўшы вочы, сядзеў нерухома. Ніхто не заўважыў, як галава яго ўпала на грудзі, безжыццёва звесіліся рукі.

Праз паўгода Валянціна ўладкавалася на працу. Прафесіі ніякай у яе не было. Стала работніцай будаўнічага трэста. Там яна падавала цэглу, раствор, выконвала іншыя падсобныя работы.

Аднойчы ўвечары яна зайшла да суседкі пазычыць грошай. Паскардзілася ёй, што цяжка на будоўлі, доўга расцірала прыпухлыя пальцы, паглядзела на шурпатыя, з вялікімі вадзяністымі мазалямі далоні і расплакалася. Больш на работу яна не пайшла.

Арнольда Шалюту Валянціна сустрэла ў скверы. Ён сядзеў на лаўцы, трымаў у руцэ кніжку.

— Прабачце, вас на хвілінку можна? — гукнуў Валянціне, якая праходзіла міма.

Яна спынілася.

— Я нетутэйшы, мне трэба жыллё. Ці не параіце вы, дзе можна ўладкавацца на кватэру? — Прыжмураным поглядам ён быццам прыліп да яе.

Так вось крута, нечакана Шалюта і ўвайшоў у яе жыццё. У той дзень ён многа расказваў Валянціне пра сябе. Потым даў ёй грошы і папрасіў, каб згатавала вячэру.

Міця і Андрэйка, шумна ўваліўшыся ў сталовую, убачылі, што чужы чалавек сядзіць за сталом на тым месцы, дзе некалі сядзеў іх бацька. Яны прыціхлі, насцярожыліся. Моўчкі селі.

— Дзецям непрыстойна быць за сталом, за якім дарослыя п’юць,— незадаволена заўважыў Шалюта.

Хлапчукі насупіліся. У пакоі стала ціха, толькі ў коміне тоненька і жаласна выў вецер. Валянціна, спалохаўшыся, замітусілася. Узяла са стала дзіцячыя талеркі, відэльцы і паклікала хлапчукоў на кухню. Андрэйка пакрыўджана заявіў, што на кухню не хоча. Міця варожа глянуў на Шалюту, схапіў меншага за руку і пацягнуў з пакоя.

Перад вясеннімі школьнымі канікуламі да Валянціны Бандарэц наведаўся настаўнік Гардзей Гардзеевіч. Ён быў класным кіраўніком у класе, дзе вучыўся Міця.

— Нешта нядобрае з вашым хлапчуком.— Настаўнік разгарнуў класны журнал.— Двойкі з’явіліся. Зірніце. Замкнёны нейкі стаў ён і рассеяны.

— Перамяніўся хлопец, гэта праўда. Я і сама заўважаю,— адказала Валянціна.

— Міця скардзіўся, што нейкі дзядзька Арнольд яго крыўдзіць.

— Няпраўда, Арнольд Міхайлавіч харошы чалавек,— запярэчыла Валянціна.

— Дзяцей трэба выхоўваць,— з дакорам заўважыў Гардзей Гардзеевіч.

Яна паглядзела на яго раздражнёна, з папрокам:

— Дык выхоўвайце. Вам за гэта грошы плацяць.

Так сапраўднай размовы і не адбылося.

Пад вечар, калі засвяціліся вокны ў доме, Міця з плачам выбег з кватэры. Цераз расчыненыя дзверы ўслед яму паляцела пагрозлівая лаянка.

— Скуру здзяру, нягоднік. Даносы пачаў рабіць, скардзіцца?

Хлапчук схаваўся за дошкі, што былі складзены ў канцы двара. Яго знайшоў Андрэйка, сеў побач. А з кватэры даносілася знаёмая музыка, у вокнах « мільгалі постаці — там танцавалі.

Улетку хлапчукі цэлымі днямі прападалі на рэчцы, гойсалі па чужых садах і агародах.

…Шалюта, прытварыўшыся сонным, ляжаў на канапе, калі да Валянціны прыйшоў глухаваты дзядок з акуратна падстрыжанай бародкай. Ён жыў непадалёку, у завулку. Хаваючы ў сцішаным голасе няёмкасць, стары стаў скардзіцца на Міцю і Андрэйку — крадуць яблыкі з яго саду, зламалі вялікую галіну на дрэве.

— Я казаў табе, Валя, што не будзе з іх дабра,— загаварыў Шалюта, калі дзядок выйшаў.— Дык вось давай мне большага на аб’ект. Хай паспытае ўласнага хлеба, прывыкае да працы.

— Хто яго прыме на будоўлю такога,— нясмела запярэчыла Валянціна.— Дзіця ж яшчэ…

— Пашлю, і будзе працаваць. Часова.

Назаўтра ранічкай Валянціна падышла да ложка сына. Упершыню, мусіць, так углядалася ў Міцевы густыя вейкі і ярка-чырвоныя, як у дзяўчынкі, губы. Раптоўнае шкадаванне прыхлынула да сэрца, не хацела яго будзіць. Доўга яшчэ, відаць, стаяла б так, каб не пачула за спіной цяжкія крокі.

— Сынок, уставай, пара на работу…

Праз паўмесяца Шалюта падвёў Міцю да акенца касы.

— Пашпарт, гаворыць, забыў дома,— сказаў касіру.— Гэта мой часовы рабочы, я яго добра ведаю. Можна яму выплаціць.

Па дарозе дамоў ён узяў у хлапчука грошы, адлічыў некалькі чырвонцаў і паклаў сабе ў кішэню. Рэшту вярнуў.