Выбрать главу

— Гэтыя аддасі маці.

— А тыя? — спытаў Міця.— Навошта вы тыя забралі?

— А нарады хто табо выпісваў? — прыглушапа кінуў Шалюта.— Вось і маўчы, а то і гэтыя адбяру.

У час вячэры ён запрасіў Міцю да стала.

— Нічога, браток, падрасцеш — усё зразумееш,— і прыхільна паляпаў яго па плячы. Потым працягнуў чарку.

— Асушы да дна і — марш адсюль.

3 таго часу Шалюта часцяком падносіў хлапчуку віно.

Аднаго разу Шалюта, вярнуўшыся з работы, таропка прайшоў у залу і зачыніўся там. Валянціна западозрыла нешта няладнае. Ціхенька падышла, ірванула дзверы. Ён здрыгануўся, шпарка засунуў у кішэню паперу.

— Што гэта за пісьмо? — спытала яна стрымана.

— А-са-біс-тае,— з прыціскам адказаў ён.— Зразумела? — і працяў яе непрыязным позіркам.

Ён стаў чапляцца да Валянціны з рознымі прыдзіркамі, а калі яна аднойчы не сцярпела, пасварылася з ім, паўкідаў у чамадан свае рэчы і бразнуў дзвярамі.

Застаўшыся адна, Валянціна ўпершыню горка пашкадавала, што дзень пры дні безразважна шанавала свайго пастаяльца, што толькі і жыла, пільнуючыся яго.

Калі прыйшоў час Міцю зноў садзіцца за парту, маці не пусціла яго ў школу.

— Другі год чаравікі драць дарэмна? Усё роўна табе, гультаю, не быць ні доктарам, ні інжынерам,— упікала яна.— Так што пойдзеш сам сабе на хлеб зарабляць.

Гардзею Гардзеевічу, які зноў наведаўся, каб высветліць, чаму хлапчук не ходзіць у школу, Валянціна заявіла:

— Не надакучайце. Не ўгледзелі за хлопцам, дык і не турбуйцеся…

— Гэта дзяржаўная справа. Трэба, каб дзеці вучыліся.

— Дзеці мае, а не дзяржаўныя. Як я захачу, так і будзе.

Усю ноч тады свяцілася акно ў доме з зялёнымі аканіцамі. Валянціна доўга сядзела, бы скамянелая, страціла адчуванне часу. Ёй чамусьці ўспомнілася вёска яе даваеннага дзяцінства, убачылася, як раніцамі, з кімсьці нязлосна лаючыся, маці подбегам шыбавала на калгасны ток; як бацька, едучы паўз хату ў поле, браў яе, цікаўную дзяўчынку, на калёсы і падвозіў да магазіна — чырвонай цаглянай будыніны. На вясковым пляцы, дзе, расказваюць, некалі стаяла драўляная царква, на вялікіх дубах былі бусліныя гнёзды. Кожную вясну ў іх пасяляліся буслы, што вярталіся з выраю. Іх заўзяты клёкат заўсёды абуджаў у Валянціны нейкі на дзіва прыўзняты настрой. I цяпер ёй да болю захацелася туды, у чароўную прыдняпроўскую вёску. Яшчэ ёй хацелася пазбыцца прыкрага нядаўняга і пачаць усё нанава.

А раніцай… Успамін пра вёску знік, як салодкі сон. Спустошаная, бязлітасная, прыйшла яна раніцай да ложка сына.

— Уставай, ідзі збіваць у сельпо скрынкі для яблык.

Міця ўскочыў, апрануўся, схапіў акраец хлеба і шмыгнуў за дзверы.

У тую ноч ён дома не начаваў. Неўзабаве стала вядома, што праз акно з кватэры глухаватага дзядка быў украдзены пінжак, у кішэні якога знаходзіліся грошы. Удзень на лузе, за ракой, калгаснікі знайшлі ў капе сена дзедаў пінжак і пустую бутэльку з-пад віна. А на вуліцы міліцыянер затрымаў п’янага Міцю.

…У зале было вельмі ціха. Здавалася, як кіне хто слова — цішыня, бы разбітае шкло, разляціцца на дробныя кавалачкі.

Да суда зноў паклікалі Вольгу Варанчук. У другі раз. Калі першы раз яе дапытвалі, яна расхвалявалася, расплакалася.

— У буфеце Валянціна з’явілася з Андрэйкам,— пачала Варанчук з таго, на чым спынілася раней.— Купіла бутэльку віна і хацела ісці. Хлапчук папрасіў купіць яму булачку. Яна і разышлася. Рукамі махае, крычыць: «I калі я ўжо ад гэтых дармаедаў пазбаўлюся. Булачкі, прысмакі ім падавай…»

Я слухаў сведку, а сам глыбока ў душы адчуваў неўсвядомленае жаданне пераканаць сябе, што не ўсё ў Валянціне Бандарэц так пагана, як здаецца, што дрэннае іншы раз міжвольна перабольшваецца людзьмі — з-за натуральнага жадання лепшага.

3 вуліцы праз акно ў залу суда глядзелі хлапчукі. Можа, сярод іх былі Міця і Андрэйка? Мужчына, што сядзеў ля акна, пагрозліва заківаў пальцам, і хлапчукі адсыпаліся.

— Яна так і не купіла яму булачку.

— Ты што мяне топіш, паклёпніца! Што ты хочаш ад мяне? — Бандарэц падхапілася з лаўкі.— Не верце ёй, грамадзяне суддзі! Яна хоча, каб дзяцей у мяне забралі і пенсію адабралі! Зайздросна ёй, што сваіх не нарадзіла!

У зале пакаціўся гоман абурэння.

«Не верце… Ты ж сама нядаўна ў многім прызнавалася. Забылася? Кароткая ў цябе памяць»,— з прыкрасцю падумалася мне.

— Часта яна п’е? — нарэшце, калі пацішэла, спытаў я сведку.

— Няма таго дня, каб не напівалася.— Голас у Варанчук жаласліва асекся.

— А табе баліць? Табе прыпякае?..— папракнула Валянціна.— Не сунь носа ў чужое проса…