Выбрать главу

— Хіба тое, што ты вось так… Хіба гэта не ўсіхняе гора? — з горыччу заўважыла Варанчук.

У яе мы, вядома, не пыталі, ці здольна Валянціна выхаваць дзяцей. Яна аб гэтым загаварыла сама. Пасля допыту падышла да лаўкі, на якой сядзела раней і перад тым як садзіцца, сказала:

— Не выгадуе Валя хлапчукоў, грамадзяне суддзі. Калі не забераце іх ад яе — прападуць.

I пракурор Павел Іванавіч Здараўцоў, і прадстаўнік раённага аддзела народнай асветы Тамара Міхайлаўна Кашырына, вопытны, удумлівы педагог, у сваіх заключэннях былі катэгарычныя. Яны рашуча выказалі думку, што разбэшчанасць давяла Бандарэц да такога псіхалагічнага стану, у якім выключаецца правільнае, здаровае выхаванне дзяцей.

Пакуль у дарадчым пакоі пісалася рашэнне, у вушах у мяне ўвесь час гучаў шчыры, клопатны голас Вольгі Варанчук. Гаварыла Варанчук асцярожна, быццам баялася расплёскаць у словах штосьці надзвычай дарагое. Быццам хацела, каб Валянціна чуйна прыслухоўвалася да яе слоў. Часам у яе голасе чулася нясцерпная пакута: жанчына, мусіць, адчувала сябе злачынцам, які робіць замах на нешта надзвычай святое, і здавалася сама сабе жорсткай і бязлітаснай. Так, нялёгка выступаць за тое, каб забралі ў маці дзяцей… А яшчэ мне здавалася, што Варанчук увесь час горача памыкалася сказаць: «Аддайце дзяцей мне, грамадзяне суддзі».

Суд вырашыў пазбавіць Валянціну Бандарэц бацькоўскіх правоў. Рашэнне суда адказчыца слухала моўчкі, без слёз. Змрочныя запалыя вочы былі разгубленыя.

— Дык я што ж — не маці цяпер ім? Нарадзіла — і не маці? — сказала яна, калі рашэнне было зачытана. Павярнулася да залы.— Няўжо я так пагана жыла, людзі, што…

У той момант, мусіць, яе працяла нейкае страшнае ўсведамленне, бо яна неспадзявана асеклася. 3 мінуту стаяла моўчкі, толькі ўсё больш і больш сутуліла плечы, і раптам адчайна закрычала:

— Людзі!.. Чаго ж вы маўчыцё?.. Даруйце мне!.. Даруйце!..

***

Тады, у судзе, Валянціна Бандарэц не так зразумела, як пакутліва адчула: грамадства не дазволіць ёй весці паразітычнае жыццё, прымусіць яе працаваць.

Ішоў час. Яна працавала паштальёнам. Міця і Андрэйка выхоўваліся ў дзіцячым доме ў іншым горадзе. Маці і сыны перапісваліся. Яна неаднойчы ездзіла да іх у адведзіны.

Юначыя гады Міці і Андрэйкі праляцелі ў інстытуцкіх аўдыторыях. Абодва яны, як і марыў некалі іх бацька, сталі ўрачамі. Атрымаўшы дыпломы, прыехалі да маці.

Яна сустрэла іх у двары — развешвала бялізну. Як убачыла, выпусціла з рук на траву белы абрус, хапілася рукой за сэрца. Тугі сонечны вецер, што наляцеў адяекуль з-за ракі, з лугу, абвеяў гарачы твар, варушыў над бровамі сівую пасмачку, якая выбілася з-пад лёгкай квяцістай хусцінкі. Валянціна ступіла да сыноў. Прастагнала:

— Паглядзеў бы ты, Лаўрык, хто прыйшоў да тваёй шалапутнай Валянціны! Дзетачкі мае родныя!..

ВЕЛАСІПЕД

Народны засядацель Грачанік, майстар завода керамічных труб, для ўдзелу ў судовым пасяджэнні заўсёды прыходзіў загадзя. Каб пазнаёміцца са справамі, якія мелася разглядваць. Кожную справу, крымінальную і грамадзянскую, «сур’ёзную» і «не сур’ёзную», ён чытаў скрупулёзна, прыдзірліва. Пры гэтым задаваў мне пытанні, высвятляў усё да дробязей, што было яму незразумела. А яшчэ — Грачанік расказваў мне розныя гісторыі, да якіх, калі можна так сказаць, меўся грамадскі інтарэс. Гэта тады, калі заставаліся вольныя хвіліны пасля знаёмства з судовымі справамі. Гаварыў ён не спяшаючыся, кароткімі дакладнымі фразамі. Па тым, як разважліва выказваў свае меркаванні, рабіў акцэнты на той альбо іншай акалічнасці, відаць было, што ён ні да чаго, што лічыў больш-менш важным, не заставаўся абыякавым. Іншы раз думалася: адкуль ён пра ўсё гэта дазнаецца? А ён дазнаваўся ад людзей. Яны, ведаючы яго шчырасць і сумленнасць, расказвалі яму, каб параіцца аб нечым ці проста падзяліцца набалелым, аблегчыць душу. Па ўсяму складу яго характару, яго натуры я бачыў, што ён у час такіх гутарак не супакойваў чалавека прытворна-паблажлівымі спачуваннямі, не — гаварыў шчыра, што думаў, бо заўсёды жадаў аднаго: дапамагчы.

Надоечы Грачанік прыйшоў у суд адначасова са мною. Калі мы здароваліся, мне падалося, што ён быў як бы крыху выбіты з раўнавагі. Пасля я пераканаўся: так гэта і было.

Скончыўшы чытаць справу аб аліментах, ён прайшоўся па кабінеце, сеў на крэсла каля акна, што выходзіла ў двор. Паглядзеў у акно на маладую яблыньку, якая краналася галінкай шыбы,— гэтае дрэўца ён калісьці дапамагаў мне садзіць,— задумліва памаўчаў. Потым нецярпліва зварухнуўся, злёгку падаўшыся наперад, паклаў рукі на калені, сашчапіў іх пальцамі, як бы гэта было неабходным для пачатку размовы, і загаварыў: