— Паслухайце, што з маімі суседзямі адбылося…
Гэты раз ён апавядаў больш узрушана, чым заўсёды. Яго настрой неўпрыкмет перадаўся і мне. Таму, мусіць, тое, што ён расказваў, фантазія мая дапаўняла, дамалёўвала дэталямі і асобнымі тонкімі штрыхамі, стварала малюнкі. Вось як яно ўсё ўявілася мне.
…Роўны снежны дыван быў пульхны, як вата, цешыў вока сваёй прыгожай чыстай беллю. У яго спакойнай прыгажосці было нешта няўлоўна ўрачыстае і велічнае. Але Сцяпан нічога гэтага не бачыў: глыбокая ламаная лыжня, што пралегла паміж яблынь, нагадвала яму штосьці непрыемнае. Ён, пазіраючы ў акно, вёў вачамі па лыжні, быццам імкнуўся ўгледзець на ёй нейкія адмеціны, якія праяснілі б тое, што яго стоена трывожыла, чаго ён, сам не ўсведамляючы таго як след, падсвядома апасаўся.
— I ёсць жа яшчэ такія нягоднікі! — Сцяпан крута павярнуўся да жонкі, што каля стала рэзала хлеб.— Ты паслухай, Марына.
Рука жанчыны, якая паднесла нож да буханкі, застыла. Марына ўстрывожана спытала:
— Што здарылася?
— На заводскай спартыўнай базе нехта лыжы ўкраў. Я ішоў міма, а там перапалох: во стаялі каля дзвярэй — і няма.
Жанчына часта-часта заміргала вейкамі, быццам у вока ёй трапіла парушынка.
— Дык і невядома — хто ўкраў?
— Выкрыюць, нікуды не дзенецца.
— Паслухай, Сцяпан, у нас…— Голас Марыны задрыжаў.— Вунь у нас у сенцах яны стаяць.
— Што — лыжы? Ды гавары ты толкам!
— Толкам і гавару: у сенцах за шафай яны.
Сцяпан выцягнуў і без таго доўгую шыю, вочы яго пацямнелі.
— Жэнька прывалок?
Яна скрушліва кіўнула галавой:
— Новенькія, кажа, не тое, што яго расколатыя...
— I ты дазволіла?
— Як гэта — дазволіла! Ён у мяне пытаў? Прынёс, паставіў — і толькі быў тут. Хацела схапіць за руку — дык дзе ты яго зловіш! От прыйдзе — і пагавары з ім як бацька.
У сенцах пачуўся тупат. Грымнулі, аж адскочылі зноў дзверы, і ў хату ўляцеў Жэнька. Расхрыстаны, увесь у снезе. Ён ступіў ад парога, потым вярнуўся, цішэй зачыніў дзверы і, тэпаючы да вешалкі, пачаў распранаць куртку.
— Мама, есці!
Нічога яму не кажучы, Сцяпан тым часам стаў здымаць папругу.
Марына схамянулася.
— Дай жа хоць пад’есці дзіцяці.— Яна таропка схапіла сына за локаць, пацягнула да стала. Хлапчук на момант затрымаў позірк на бацькавай папрузе, адчуў бяду. Ірвануўся ад маці, шмыгнуў у свой пакой і забіўся пад ложак.
— Зараз жа вылазь,— загадаў бацька,— усё роўна выцягну.
Жэнька шмыгнуў носам, плаксіва прагугнявіў:
— Біць не будзеш, дык вылезу.
Сцяпан апусціўся на калені, зазірнуў пад ложак. Хлапчук скеміў, што яму не мінуць адлупу. А будзе хавацца, дык яшчэ больш бацьку раззлуе.
— Выла-ажу…— Цельпукаваты Жэнька няўклюдна выграбся з-пад ложка.
Бацька замахнуўся папругай, але маці ўчапілася за яго руку.
— Сцяпаначка, не бі! У дзіцяці ж і розум дзіцячы! Не бі, не трэба!
Ён адштурхнуў яе. Папруга прасвістала ў паветры і апусцілася на Жэнькаву спіну. Раз, другі…
— Не буду болей, не буду,— заенчыў хлапчук.
— Што ты робіш! Хіба біццём навучыш дзіця? — Марына стаяла сярод пакоя, прыціснуўшы далоні да грудзей і ўмольна ўставіўшыся на мужа, чакала, што ён вось-вось вінавата зірне на яе і перастане лупцаваць сына.
— Ды з яго скуру трэба злупіць за такую выхадку! — Сцяпан сапраўды зірнуў на жонку, толькі інакш, чым яна чакала — з дакорам і абурэннем.— Ты яму патураеш, от ён і распусціўся. Таго і глядзі, злодзеем зробіцца праз гэтую тваю залішнюю клапатлівасць.— Амаль двухметровая Сцяпанава постаць выпрасталася, і галава як ні кранулася абажура.— Ну, як цяпер далей быць?
Жэнька стаяў, апусціўшы галаву.
— Я ў цябе пытаю ці ў сценкі? — пагрозліва крыкнуў бацька.
— Дык я… Лыжы я магу аднесці назад,— натужліва прамармытаў хлапчук, не ўзнімаючы вачэй.
Сцяпанавы вусны зламала горкая крывая ўсмешка. Ён з мінуту маўчаў, пасля вялым голасам сказаў:
— Так-так, аднесці, значыць, каб усе ведалі, што ў Сцяпана Рымшы, сумленнага чалавека, сын злодзей? Каб мяне зганьбіць?
Сцяпанавы вочы, пасвідраваўшы злосным позіркам сына, глянулі некуды ўбок і застылі. Яго апанаваў роздум. Што ж рабіць? Можа, усё ж лепш прызнацца людзям? Тады не будзе на яго сумленні бруднай плямы. Паўтара дзесятка гадоў ён дбайна робіць сваю справу, абпальвае цэглу. На рабоце толькі пахвалу чуе: старанны працаўнік, перадавік… Ніколі ні ў чым яго ніхто не папікнуў… Дык, можа, цяпер папікне?.. За адзіным сынам не дагледзеў… Сцяпан зноў павярнуўся да Жэнькі:
— Бяры нож і саскрабай з тых праклятых лыжаў інвентарны нумар. Зараз жа!.. Потым зафарбуеш лапіны. Думаеш, я гэтым загаджу свае рукі? Не, паскуднік, сам будзеш рабіць. I фарбу сам развядзеш. Вунь яна ў кладоўцы стаіць, бяры пэцкайся.