Жэнька калупаў пальцам у носе, разгублена таптаўся на месцы.
— Ну, каму гавару! — Сцяпан трасянуў папругай.
Магчымасць другі раз адведаць бацькавага пачастунку адразу вывела хлапчука з разгубленасці. Ён падбег да стала, за якім рыхтаваў урокі, адчыніў шуфлядку, узяў складанчык.
— Дык я пайду, я пасаскрабаю.— 3 гэтымі словамі ён трушком пашыбаваў да дзвярэй.
— Сцяпанка, можа б, няхай лепш аднёс іх? — нясмела азвалася Марына.— Людзі ж… Ды і яму навука будзе. А так — што дзіця падумае?..
— Хопіць камандаваць, не твая справа! — Выцягнуты, як струк перцу, Сцяпанаў твар зморшчыўся і зрабіўся яшчэ больш жорсткі.— Няхай да сёмага поту скрабе. Можа, на будучае і дзесятаму закажа, як красці.
Але тыя лыжы, хоць іх ужо і нельга было пазнаць, усё ж не давалі Сцяпану спакою. Яны ўвесь час нагадвалі яму пра нешта брыдкае, непрыстойнае. I ён не стрываў. Праз некалькі дзён, каб яны не мазолілі яму вачэй, пасёк іх і спаліў.
Гэта было зімою. А потым, улетку… Вось што адарылася ўлетку.
Аднойчы пад вечар Сцяпан з Марынаю сядзелі на дварз пад вішняю. На століку перад імі стаяў самавар. Сцяпан, гучна сёрбаючы з масіўнага глінянага кубка, з асалодаю піў духмяны, са свежым вішнёвым варэннем, чай. Ціхі ветрык лагодна шумеў кучаравым веццем, паварушваў рэдкія рудаватыя Сцяпанавы валасы, прыемна асвяжаў успацелы ад чаю твар. Вось ён памацнеў, і раптам азваўся, зашумеў вялікі самаробны прапелер, прымацаваны на шасце над вішняю. Сцяпан падняў галаву, паглядзеў угору.
— Бач, які цяпер у яго інтарэс,— загаварыў ён да жонкі.— Цэлымі днямі што-небудзь майструе. Не жартам, відаць, пацягнуўся душой да тэхнікі. Бацьку слухае, таму і…— Сцяпан асекся, заўважыў, як напружана-пільна пазірала жонка кудысьці ў невялікі сад, што раскінуўся за дваром. Тады і ён перавёў туды свой позірк. Рука яго, якая трымала кубак, раптам здрыганулася. Вочы сталі вялікія і круглыя.
— Што гэта такое?..
Па садзе, не бачачы бацькоў, Жэнька каціў веласіпед. У кусты, у маліннік.
— Стой! — крыкнуў яму Сцяпан.
Ад нечаканасці хлопец прысеў. Пасля ўсхапіўся на ногі, пачаў разгублена азірацца.
— Ты куды? Паварочвай да нас!
Жэнька, быццам нешта ўспомніўшы і як бы нават абрадаваўшыся, шпарка пакіраваўся да бацькоў.
— Што гэта за веласіпед? Дзе ты яго ўзяў? — Дзіўная насцярожанасць сціскала Сцяпанавы грудзі. На міг яму падумалася таксама дзіўнае: нібы перад ім стаяў не сын, а нейкі ўтрапёны, які невядома чаму знайшоў сабе дарогу цераз яго сад.
Пераводзячы позірк то на бацьку, то на маці, Жэнька маўчаў.
— Цяляты язык табе аджавалі? Гавары!
— А я яго… перафарбую,— глуха зашаптаў хлапчук.— У мяне ўжо і фарба падрыхтавана ў кладоўцы. Блакітная, ну, якою мама стол гэты фарбавала.
У поглядзе бацькі Жэнька, мусіць, убачыў нешта страшнае для яго, бо адразу ўтуліў галаву ў плечы, быццам чакаў удару. Сцяпан ссутуліўся і — як скамянеў.
Надвячоркам, калі ўжо ў вокнах запальваліся агні, ён пераступіў парог Грачанікавай хаты.
— Я да цябе, сусед, па справе,— загаварыў адразу, прайшоўшы да стала.
Потым доўга і блытана, пераскокваючы з аднаго на другое, расказваў. Бядотна здзіўляўся, у каго ён, Жэнька, урадзіўся такі. У іхнім жа раду не было злодзея!.. Спытаў парады, што яму цяпер рабіць з ім? Як яго выхоўваць далей?
Але адказваць на яго пытанне Грачаніку не давялося. Перш чым нешта параіць, ён у сваю чаргу спытаў:
— Дзе вы дзелі веласіпед?
Сцяпан цяжка наваліўся грудзямі на край стала, пасядзеў нерухома, у маўклівым задуменні.
— У міліцыю з Жэнькам закацілі. Марына… Яна ж ніколі так са мною не размаўляла… Загадала...
ВЕРШЫ САЛАМЕІ НЕРЫС
Маладая настаўніца Ларыса Ісаева пазнаёмілася з зубным тэхнікам Мікалаем Карлоўскім на танцах у гарадскім парку. Пасябравалі. Вечарамі Ларыса з Мікалаем прагульваліся па чыстых гарадскіх вуліцах. Ён расказваў смешныя гісторыі. Ларысе падабаліся яго голас, раскацісты, звонкі смех.
Неўпрыкмет Мікалай мяняў гаворку і шаптаў ёй пра свае пачуцці, кляўся ў каханні. Яны ажаніліся.
Цёплым кастрычніцкім днём маладажоны пад акном сваёй кватэры пасадзілі прыгожы клянок — хай дорыць кучаравае дрэўца лагодны пошум лістоты ва ўсе гады іх сямейнага шчасця.
А неўзабаве Ларыса, стрымліваючы радасную ўзрушанасць, сказала мужу, што ён будзе бацькам. Мікалай неяк дзіўна, ненатуральна зарагатаў. Павярнуўся ад люстэрка, ля якога павязваў гальштук, працяў яе позіркам.