— Ты што, не рады? — недаверліва спытала Ларыса.
— Памяркуй, якія з нас бацькі? — загаварыў ён усхвалявана.— Толькі ж на ногі, як кажуць, становімся. Ты не падумала пра гэта?
— Вось і будзем разам усе ўтраіх на ногі станавіцца,— адказала жанчына.
— Паспяшалася ты, жонка. Трэба ўдосталь нацешыцца маладосцю.
Ён прапанаваў ёй, каб «нешта зрабіла». Цяпер жа гэта не забараняецца.
Ларыса слухала і тады ўпершыню прыкмеціла, што яго вялікія шэрыя вочы могуць быць непрыгожымі — злоснымі і халоднымі. Ёй вельмі захацелася, каб яны сталі ранейшымі, і яна памкнулася абняць мужа. Карлоўскі прытуліў яе да сябе, пагладзіў па галаве.
А яна раптам адвярнулася: так непрыемна пахла ад яго гарэлкай.
— Ну вось і добра, Ларысачка, я ведаў, што ты зразумееш мяне.
Яна нічога не адказала, стала прыбіраць кватэру. Павыцірала вокны, памыла падлогу, нарэзала ў агародчыку і паставіла ў вазу астры. Знешне, здавалася, усё было як і тыдзень, і месяц таму назад. Але толькі знешне. У душы ў Ларысы як бы што згасла.
Праз тыдзень за вячэрай Мікалай зноў завёў знаёмую размову. 3 засмучаным выглядам адсунуў ад сябе талерку.
— Спаць ляжаш не еўшы? Чэрці будуць сніцца,— перасільваючы душэўны боль, пажартавала Ларыса.
— Цяпер не толькі чарцей — само пекла сасніш.— Ён устаў, пайшоў са сталовай у залу. Не распранаючыся, лёг на канапу. Святло не запальваў, моўчкі ляжаў у цемры. Ларыса ведала, што ён не спіць, але надакучаць яму дакорамі не стала.
3 таго часу яго быццам падмянілі. Ларыса ў глыбіні душы спадзявалася, што ўсё між імі наладзіцца. будзе па-ранейшаму добра, радасць і весялосць вернуцца. Дзеля гэтага яна прыніжала сябе пакорай мужу, цярпела яго чэрстваспь і патурала капрызам.
Быў шэры дажджлівы дзень. Ларыса прыйшла з работы. Зняла ў пярэдняй боты, мокры плашч і наважылася пайсці ў кухню. Але нейкае нядобрае прадчуванне пацягнула яе ў залу. Глянула — запіска на стале. Хуценька прачытала: «Не ганяйся за мной, не дагоніш. Ты мне такая не трэба».
Яна доўга сядзела ў здранцвенні, ашаломленая і прыгнечаная.
Хутка распаўзліся чуткі па гарадку: «Пайшоў, пакінуў…» Гэтыя чуткі, быццам раздражненыя восы, балюча джалілі душу. Ганяцца, вядома, за мужам Ларыса не стала: калі не любіць, то і не прымусіш.
Як нарадзілася дачка, на душы стала лягчэй. Няньчыла дзіця, аддаючы яму ўсё лепшае, што жыло ў пачуццях і думках.
Але на ўтрыманне дзіцяці патрэбны сродкі. I вось — суд.
Знешне Мікалай Карлоўскі выглядаў элегантна. Атлетычная постаць, касцюм колеру марской хвалі, модны капялюш.
Пакуль гаварыла Ларыса, ён спачатку разглядваў залу: сцены з плакатамі — выпіскамі з Канстытуцыі і Закона аб судовым ладзе, нядаўна пабеленую столь. Потым перавёў позірк на акно. Глядзеў так, быццам далёка-далёка, за маркотна-мройным даляглядам, бачыў ён нешта толькі аднаму яму даступнае і зразумелае. На губах застыла пакутліва-крыўдлівая ўсмешка.
Калі Ларыса змоўкла, ён рэзка ўстаў, выхапіў з кішэні складзены аркуш паперы і падаў мне.
— Даруйце, грамадзяне суддзі, во ўспомніў — характарыстыка з месца работы. Прашу далучыць да справы,— сказаў мяккім голасам.
— Яна да справы не мае дачынення. Судовы працэс — аб аліментах, а не па крымінальнаму злачынству, дзе пры назначэнні меры пакарання ўлічваецца характарыстыка асобы. Аліменты ж, калі іск абгрунтаваны, прысуджаюцца незалежна ні ад якіх асабістых якасцей і заслуг адказчыка.
— Дазвольце, грамадзянін суддзя, не згадзіцца з вамі. 3 характарыстыкі відаць, які я чалавек. Яна вам дапаможа зразумець, здольны я на ашуканства ці не.
— Мы, так сказаць, у непасрэдных адносінах, пры допыце пастараемся зразумець вас. Гэта лепшы спосаб пазнаць чалавека.
— Яно, канечне, так,— згадзіўся Карлоўскі,— але я настойваю ўсё ж.
Настойлівасць гэта зацікавіла: якую загадку таіў у сабе яго манеўр? Ці не разлічваў адказчык выкарыстаць характарыстыку як ахоўную грамату? А калі так, то хто і чаму дапамагаў яму ў гэтым?
Суд задаволіў яго хадайніцтва. Перад тым як дапытваць яго, я спытаў, чаму ён не прызнае іск.
— Дзіця не маё.— Карлоўскі рашуча крутнуў галавой.
Ларыса павольна павярнулася да яго, сухія вочы яе на колькі секунд спыніліся, застылі.
У сярэдзіне залы сядзела мажная шыракатварая жанчына. Яна выцягнула шыю, нібы так ёй было лягчэй гаварыць, наўмысна гучна, каб чулі ўсе, пусцілася ў разважанні, што «жонкі таксама бываюць усялякія, асабліва цяпер…». Гаварыла марудна, блытаючыся ў словах, але я адчуваў, што ўнутрана яна спяшалася — старалася як найхутчэй выказацца. На яе зацыкалі з усіх бакоў. Яна змоўкла, пакрыўджана сцяла губы.