— Не ваша дзіця? Якія ў вас, Карлоўскі, падставы, каб сцвярджаць такое?
— Я падлічыў…
— Як жа вы лічылі? Дзіця нарадзілася праз паўгода пасля таго, як вы пайшлі ад жонкі. Вы пакінулі яе цяжарную.
— Калі мы яшчэ жылі з ёю, я западозрыў…— пачаў Карлоўскі.— То з тым яна хі-хі-ха-ха, то з другім. Дык гэта пры мне. А калі ўявіць, што без мяне?.. Іду я аднойчы па скверы, а яна сядзіць на лаўцы са сваім дырэктарам школы. Весела размаўляюць, усміхаюцца. Убачылі мяне, змоўклі. Паўстае пытанне: пра што яны маглі размаўляць? Са школы, кажа, ішлі, разгаварыліся. А чаму селі?.. Для мяне, грамадзяне суддзі, вялікае гора страціць любімую жонку,— Карлоўскі драматычна скрывіў твар. Потым працягваў: — Чалавек, як вядома, мае ўласцівасць захапляцца…
— Дырэктару школы, у якой працуе ваша жонка, больш за шэсцьдзесят,— перапыніў я нікчэмную балбатню.
— Гэта няважна. Іншы стары так заляцаецца, што і малады за ім не ўгоніцца.
Нехта шумна ўздыхнуў. Няроўна, быццам пакаціўся па калдобінах, загуў ахрыплы голас:
— А што, каб яго бацька так, як ён…
— Абліччам — увесь бацечка, і крошкі падабраў,— сказала жанчына, што стаяла каля дзвярэй у праходзе паміж радамі крэслаў. Штосьці суровае чулася ў яе прыцішаных словах.
Яна была ў чорным плюшавым сачыку і доўгім плацці. Трымала ў руках сетку-авоську з ружовымі яблыкамі. Мне здалося, што я недзе бачыў гэтую маладзіцу, гэты абветраны твар з прастадушнымі вачамі. Толькі дзе? Жанчына заківала галавой і нешта зашаптала суседцы. Слоў яе не было чуваць, але яны ўгадваліся па тым, як варушыліся сухія паморшчаныя губы.
Сакратарка, якая шустра рыпела пяром, ускінула галаву, глянула на мяне. Гэтым яна дала зразумець, што ўсё неабходнае запісана ў пратакол і можна працягваць допыт.
— Вы падбівалі жонку пазбавіцца цяжарнасці? — запытаў народны засядацель, аграном Цярэшчанка.— Было гэта?
— Яна ўсяго нагаворыць, толькі слухайце. Калі я даведаўся, што яна цяжарная, падлічыў і ахнуў. Прыдбала, не маё.
Карлоўскі затрымаў позірк на планках ордэнаў і медалёў, прымацаваных да афіцэрскага кіцеля, які прыгожа сядзеў на шыракаплечай постаці Цярэшчанкі. Аграном, былы вайсковец, заўсёды, калі ішоў у суд, апранаў сваю ваенную форму.
Адно за адным задаваў пытанні Цярэшчанка. Ён вёў допыт павольна, удумліва, асцярожна, затрымліваў сваю ўвагу на ледзь прыкметных акалічнасцях. Гэты не старога веку чалавек з пасівелымі скронямі ўвесь аддаваўся свайму вялікаму судзейскаму клопату.
Карлоўскі трымаўся з усёй сілы, каб не выдаць сябе, не адкрыць тое, што вельмі хацеў схаваць ад людзей — халодны эгаізм. Ён гаварыў, стараючыся злёгку падкрэсліваць сваю годнасць і выказваць абурэнне і крыўду на жонку. Але, паміма сваёй волі, ён усё больш бянтэжыўся, насцярожліва зіркаў спадылба, пацепваў плячамі, быццам хацеў нешта скінуць з іх.
Паддаўшыся, мусіць, тым жа пачуццям, якія перажывалі і прысутныя, Цярэшчанка ў заключэнне сказаў:
— Вы, Карлоўскі, безумоўна, можаце і не адказваць, але я ўсё ж спытаю: што, як дзіця калі-небудзь назаве вас татам,— што вы скажаце яму?
Вочы Карлоўскага расшырыліся, пазіралі разгублена і пакутліва. Хвіліну ён маўчаў, потым буркнуў:
— Хапілі вы куды… Тады тое і будзе…
Судагаварэнне было закончана. Я звярнуўся да Ларысы:
— Хочаце яшчэ чым дапоўніць свае паказанні? Калі ласка.
— Да Карлоўскага хачу звярнуцца. Можна? — Яна сурова і пагардліва глянула на мужа.— А ты ж мне, Карлоўскі, некалі яшчэ і вершы чытаў,— кінула ў адчаі.
— I ты мне чытала,— адгукнуўся ён у сваю чаргу.— Памятаеш? «В горах орлы, и мы дружили с ними…» Дык што з таго?
Я ведаў радкі, якія некалі чытала Ларыса Карлоўскаму. «В горах орлы, и мы дружили с ними. В горах простор… Но кто тебе мое напомнит имя, когда не будет гор?..» Вершы Саламеі Нерыс. Своеасаблівы гімн жыццю.
Мне здалося, што ў словах славутай літоўкі, якія дагадаліся ў судзе, шчырымі галасамі, звонкімі песнямі пастукаліся ў сэрцы мужа і жонкі іх былыя шчаслівыя сустрэчы. Так здавалася… Гэта, мусіць, ад вялікага жадання, каб так было.
Ларыса і Мікалай стаялі на паўметра адзін ад аднаго, але гэтыя паўметра былі сцяной, што раздзяляла іх. Яны былі бясконца чужыя адзін аднаму.
— Дачку я, Карлоўскі, і без цябе выхаваю. Шкада толькі, што ты будзеш ёй бацькам звацца.
Усё, што тычылася іска аб аліментах, было высветлена. Заставалася яшчэ характарыстыка. Яна ляжала паміж папер у судовай справе.
Я прачытаў яе ўголас. «Таварыш Карлоўскі сумленны, прынцыповы чалавек,— пісаў пра яго старшыня мясцовага камітэта прафсаюза.— Ён не схлусіць, не падвядзе». У канцы характарыстыкі значылася, што яна выдадзена для прад’яўлення ў медыцынскі інстытут.