Павярнуўся і пайшоў. Праз акно я бачыў, як ён злосна шлёгнуў сваёй раменнай паганялкай вялікага худога каня.
Гэты недарэчны эпізод, на які, здавалася б, не варта было звяртаць увагі, запомніўся мне. Я разумеў, што Будзіхін увёў мне ў вушы пра пагалоску, каб псіхалагічна «апрацаваць» суддзю. Аднак жа паклёп... Ён можа расплыцца, як дзёгаць па вадзе.
І вось цяпер словы Будзіхіна зноў выклікалі ў маёй душы трывогу. Я зразумеў, што баюся трапіць пад падазрэнне.
— Вы перавысілі скорасць, значыць, парушылі правілы вулічнага руху. Аднак усё роўна ў вас была магчымасць затармазіць. Гэта ўстаноўлена экспертызай. Чаму ж не затармазілі? — спытаў я таропка.
Мае думкі аб тым, што і як яшчэ трэба высветліць, распаўзаліся, і я не мог звязаць іх у адзін вузел.
— Ну чаму, адказвайце!
Нясцерпна марудна цяклі мінуты. Падсудны мяўчаў.
— Бачыш? — штурхнуў Будзюхін пад бок суседа.— Грымнуць бы кулаком па стале ды патрабаваць адказу, чаму людзей калечыць. Зашчаміць бы яго ў роспірку, як вужаку, каб пакруціўся, дык жа — не, суддзя маўчыць, патурае.— Ён пазіраў калюча і непрымірыма.
— Чаму, падсудны, не адказваеце? Хіба не да вас я звяртаюся? — 3 глыбіні маёй душы ўздымалася злосць.
Усе ў зале прымоўклі, нібы затаілі дыханне. Дзяўчына ў васільковым плацці апусціла галаву, быццам баялася ўбачыць, што адбудзецца далей. Сакратарка пільна паглядзела на мяне.
Грыневіч выцер далонню пачарнелыя сасмяглыя губы.
— Калі на тое — не было, каб з перавышанай скорасцю ехаў.
Голас яго дрыжаў.
— Дык чаму ж не затармазілі?
Ён узмахнуў рукой, адкінуў навіслую над вокам пасму валасоў:
— Унутры ў мяне ўсё абарвалася, калі падвода ўзнікла на дарозе. Я на тормаз — і ніяк не намацаю яго нагой.
Кныш узяў са стала аловак, стаў круціць у пальцах. Шпарка, нібы яго разабрала нецярплівасць і ён не мог саўладаць з нейкім клопатам, якому раней не надаваў увагі, загаварыў:
— Ну во, разгубіўся. Чаго ў кабіну лезеш, калі на тармазы не можаш націскаць? — I не зразумець было, чаго больш хавалася ў словах засядацеля — непрыхільнасці, дакору ці спагады.
Падсудны чамусьці шаргануў ботам па выцертай падлозе, прыгнуўся, быццам страх прыціскаў яго, скамянелага, неймаверным цяжарам.
Я хваляваўся і перажываў. Хваляваўся, бо чамусьці прадчуваў: быццам хутка павінна было адбыцца са мною нешта важнае, напэўна, такое, што запамінаецца на ўсё жыццё. Перажываў — што пачаў нервозна і пагрозліва ўзвышаць голас. I як гэта здарылася са мной такое?
«Ці далёка мог бачыць шафёр падводу?» — круцілася ў мяне ў галаве. Я адшукаў сярод папер план месца здарэння. Схема была дакладна вычарчана. На скрыжаванні вуліцы і завулка стаяла доўгая будыніна камбіната бытавога абслугоўвання. Яна, відаць, замінала бачыць здалёк, што дзеецца ў вузкім, цесным завулку.
Аднак адрэзак дарогі быў дастатковы для таго, каб шафёр, пабачыўшы падводу, затармазіў машыну.
Я не заўважыў, калі прашумеў кароткі спорны дождж. Раптоўна са здзіўляючай выразнасцю пачуў, як зрываліся з даху кроплі і барабанілі па кавалку бляхі пад акном.
Сведкі расказвалі, што бачылі, як было. I ўсё бедавалі: тыдзень усяго як за руль сеў хлонец, а тут — неспадзеўка такая…
У апошнім слове падсудны не прасіў літасці. Яго поўніла разуменне вялікай бяды, якую нельга адвесці, і ён безразважна, пакорліва аддаўся лёсу.
Мой невялікі кабінет быў адначасова і дарадчым пакоем. Як толькі мы зайшлі туды, я адчыніў фортачку, зняможана сеў за стол. Па закону суддзя не мае права першым выказваць сваю думку, вінаваты падсудны ці не і якое варта вынесці яму пакаранне. Таму я пасля кароткага перадыху звярнуўся да засядацеляў:
— Як думаеце — вінаваты? Калі ласка, выказвайце свае меркаванні. I наконт меры пакарання — калі вінаваты.
Зала, чуваць было, гула рознагалоссем.
— Грошыкі тут ляснулі, факт,— верашчаў прарэзліва Будзюхін.— Але нічога, Гомель дасць рады, а не Гомель — дык Масква.
Засядацелі марудзілі.
— I скажы ж, як бывае ў жыцці… Імкнешся да нечага добрага, прыемнага, а таго і не думаеш, што цябе падсцерагае прыкрасць,— прамовіла нарэшце Халецкая.
Кныш маўкліва сядзеў на старой канапе. Жмурыўся, глядзеў на этажэрку з кнігамі ў кутку кабінета, быццам дзесьці там, на пажаўцелых ад часу старонках, шукаў разгадку чалавечага лёсу, які трэба было вырашаць. Мяне таміла яго маўклівасць, яго марудлівы роздум.
— Шкада хлопца. Толькі б пакрасавацца ў маладосці, дык — на табе, ліха такое навалілася,— зноў азвалася медсястра.