— Характарыстыка выдадзена не для суда,— сказаў Цярэшчанка, як я скончыў чытаць.— Дык чаму яна суду прад’яўлена?
— Я збіраўся паступаць вучыцца, ды спазніўся падаць дакументы,— таропка стаў тлумачыць Карлоўскі.— А тут гэтая непрыемнасць якраз. Вось і падаў вам.
— У калектыве ведаюць, што вы разышліся з жонкай? — спытаў Цярэпгчанка.
— Чуткі пра бязладнае — грымучыя. Хто не ведае… Я скажу толькі, што і пра яе шашні з дырэктарам школы многім вядома.
— Аб тым, што будзе суд, старшыня мясцовага камітэта ведаў, калі выдаваў характарыстыку?
— Не.
— Выходзіць, вы схлусілі. Сказалі, што характарыстыка патрэбна для паступлення на вучобу, а самі за яе — ды ў суд. Дык вось яна і дапамагла нам зразумець, які вы чалавек.
Карлоўскі маўчаў.
У дарадчым пакоі я зноў перачытаў характарыстыку. «Ён не схлусіць, не падвядзе…» Так, у зубапратэзным кабінеце, дзе працаваў Карлоўскі, яго сапраўды лічылі сціплым чалавекам. Гэта пацвердзіла ў судзе і Ларыса. Сціплы… Значыць, у калектыве, з таварышамі па рабоце ён зусім не такі.
А дома? Там іншая справа, там жонка, і з ёю можна як захочаш. Яна нястрогая, вытрымае ўсе ягоныя выбрыкі.
Што ж так абядніла душу Карлоўскага? Чаму ён стаў такі жорсткі, няшчыры? Пра гэта думалі і гаварылі мы ў дарадчым пакоі.
Колькі разоў у спрэчках аб прычынах правапарушэнняў даводзілася чуць: пераламаўшы старое ў сацыяльных умовах жыцця, яшчэ не ўсе з нас перамаглі старое гэтае ў сабе. А чаму не ўсе? Што перашкодзіла астатнім? Жывуць жа яны побач з тымі, свядомымі. Дык чаму ж іншы раз насуперак логіцы і ўсёй праўдзе нашага жыцця несвядомыя, духоўна заганныя людзі дрэнна ўплываюць на свядомых і прыстойных, а не наадварот?
Расказвалі, бацька Карлоўскага быў рабочы-чыгуначнік. Разумны, працалюбівы чалавек. Гаварыў, раіў усім: «Будзьце шчырымі, рабіце толькі добрае для людзей». Не давялося яму, аднак, перадаць гэтую простую мудрасць сыну — нямецкая куля пад Прагай у апошні дзень вайны абарвала яго жыццё.
Маці калацілася над хлапчуком: адзінае дзіця, крывінка самага дарагога ёй чалавека… Хай хоць ён адпачне, пагуляе, павесяліцца. На яго век яшчэ хопіць клопатаў. Рос хлапчук, мужнеў, гуляў, весяліўся. Не дагледзела маці. Перастаралася. Ды ці толькі адна яна?..
Рашэнне суда зачытана. Ларыса пайшла да выхада. Людзі праводзілі яе ўважлівымі позіркамі. I многія, відаць, думалі: ці здолее яна калі зноў радасна захапіцца цудоўнай паэзіяй Саламеі Нерыс?
Карлоўскі ступіў следам за ёю.
— Ад аліментаў ты цяпер, чалавек, нікуды не дзенешся, будзеш плаціць. А вось калі здарыцца тое, пра што засядацель табе нагадаў,— што скажаш дачцэ? — зачапіла яго жанчына ў чорным плюшавым сачыку.— Як паглядзіш на дзіцёнка — схаваеш свае бессаромныя вочы, як ад нас цяпер?
Карлоўскі нічога не адказаў, толькі наддаў хады. Быццам даганяў Ларысу.
СПОВЕДЗЬ СЯРГЕЯ ПАПЛАЎКА
Адвакат Буйневіч, хударлявы, немаладога веку чалавек, выступаючы ў судзе, аднойчы сказаў:
— У кожным сэрцы, таварышы суддзі, ёсць вельмі чуйная струна. Знайдзіце, краніце яе — і яна зайграе тым лепшым, чым жыве само гэтае сэрца, раскрые яго таямніцу…
Мне ўспомніліся адвакатавы словы, калі я праз некаторы час дапытваў на судзе сведку Паплаўка.
Падсудны, які ўчыніў хуліганства і ўдарыў нажом ні ў чым не вінаватага юнака, сядзеў ціха, як самая бяскрыўдная авечка, і лыпаў бялесымі вейкамі. Сведка Сяргей Паплавок, нізкарослы сухарлявы чалавек, пераступаў з нагі на нагу і кідаў насцярожлівыя позіркі на прыгорбленую постаць злачынца.
— Дык як вас разумець, сведка? У пратаколе допыту запісана, што вы бачылі ў руцэ хулігана вялікі нож.
— А я ведаю, што там следчы напісаў? Пісаць-то яны ўсе майстры… Такога я не гаварыў, і ён мне гэтага не зачытваў.— Паплавок, сказаўшы гэта, адвёў ад мяне вочы-бураўчыкі, паківаў галавой.
На яго маленькай галаве стажком узвышаліся агніста-рыжыя валасы. Пасярэдзіне стажка петушыным грабеньчыкам тырчала непаслухмяная пасма. Можа, таму і сам Паплавок нагадваў нечым пеўня. У яго і прывычка была падобная да петушынай: як пачынае гаварыць — галаву закіне назад, аж стажок-грабеньчык затрасецца. Потым крыху прыгне і схіліць галаву набок, нібы пытаецца: «Што — не верыце?»
— Значыць, следчы — фальсіфікатар, несумленны чалавек? Так атрымліваецца?
Я стараўся гаварыць як мага спакойней, стрымліваючы абурэнне, якое ўсё нарастала.