У галаве зашумела.
Выйшаў на алею. Ведаў, што на яго звяртаюць увагу: прыгожы, стройны. Прыемна было адчуваць на сабе цікаўныя погляды дзяўчат.
Каля невялікай клумбы, што ўскрай парку зырчала кветкамі сальвій і ляўкояў, стаяў наўколенцах чарнявы хлапчук-дашкольнік. Ён цікаваў за чмялём.
У хлапчука ўздрыгвалі адтапыраныя губы, і такое захапленне свяцілася ў шырока расплюшчаных вачах, што Барыс на хвіліну забыўся пра дзявочую ўвагу да яго. Спыніўся, назіраў.
— Лаві! — дурасліва гукнуў хлапчуку.— Чаго глядзіш?
Малы недаверліва зірнуў на яго.
— Ты сам паспрабуй злаві,— пачуў Барыс з-за спіны.
Азірнуўся. Побач стаяў цыбаты юнак. На пераноссі — тоўстыя акуляры.
— Якая табе тут справа? — Барысавы бровы ссунуліся.— Чашы адсюль.
— За табой назіраюць, боўдзіла. Падумаў бы…
— Што?! — Гармача апякла злосць.
Суха бразнулі аб асфальт акуляры. Ад удару юнак схапіўся за жывот.
Узняўся шум. Прыбеглі дружыннікі.
— А-а, народная міліцыя! — храбрыўся Барыс.— Даўно вас не бачыў. Хто хоча паспытаць майго кулака?
Усё, што затым адбылося, было як у сне.
***
У пакутлівы час няволі па начах, калі Барыс, змораны бессанню, заплюшчваў вочы, у прыкрай цішыні пакоя з закратаваным акном яму чуліся галасы. То цыбаты нешта працяжна гугніў, то суддзя басавіта зачытваў — арыштаваць на пятнаццаць сутак. Даймала думка: як яго цяпер сустрэнуць у цэху?
Сустрэлі па-рознаму: хто суровым маўчаннем, хто з затоенай ухмылкай, а хто і проста ў вочы смяяўся. Каля ўвахода ў цэх вісела «Мятла», у якой размалявалі яго на ўвесь вялізны аркуш. Нос сіні, рукі за спіной звязаны… Каб непрыемнасці, што нечакана так напаткалі яго, не рвалі душу, Гармач пакутліва імкнуўся думаць пра што папала: ці не купіць яму транзістар, чаму «Спартак» стаў прайграваць у апошніх матчах?.. Падышоў да свайго станка, пачаў рыхтавацца да работы.
— Ну, ваяка, раскажы, як цябе дружыннікі вязалі? — зачапіў яго Архіп Бортнік.
Да іх падыходзілі рабочыя. Маладзейшыя задзірліва шпылялі адзін аднаго незласлівымі калючкамі. Але ў няёмкай стрыманасці жартаў адчувалася: усю іх увагу прыкаваў ён, Гармач.
— Чаму маўчыш? — не адставаў Архіп.
— Заткніся!
Вецер гойдаў пад акном кучаравыя галінкі маладых ліп. Барыс упяўся позіркам у акно.
— Не жадаеш гаварыць з намі? — спытаў Бортнік.
— Вязалі… Прыдумаў. Як трэскі ад мяне ляцелі.— Барыс закаціўся прытворным рогатам.— Усіх бы ў кучу зваліў, ды паслізнуўся.
I тут быццам прарвалася што. Загаварылі ўсе адразу, наперабой.
— Няўжо ты не зразумеў, як усё брыдка атрымалася?
— Расперазаўся ты, хлопец, меры не ведаеш.
— Думаеш, калі кулакі пудовыя, дык усё табе дазволена?
Слухаючы гаману, якая ўсё мацнела вакол яго, Гармач раптам падумаў, што Міцькаў твар, напэўна, аж зіхаціць ад радасці і задаволенасці. Ну як жа, пастараўся, размаляваў у «Мятле». Рэдактар… Ён адшукаў вачамі Міцьку. Той стаяў воддаль у такой паставе, быццам рыхтаваўся скочыць на яго — злёгку сагнуў ногі ў каленях, адвёў рукі назад. Гэта яшчэ больш раззлавала Барыса.
— Крытыкай, значыць, выхоўваеце? — прахрыпеў ён.— Дык я ж герметычны, наглуха зачынены для такой змазкі.
Міцька ўслухоўваўся не столькі ў яго словы, колькі ў голас, з горыччу думаў, што той гаворыць нешта лішняе, непатрэбнае. Яму хацелася перабіць, абразуміць Барыса, але ён не ведаў, як гэта зрабіць, і маўчаў.
Цэх запаўняўся шумам станкоў. Па падвеснай дарозе паплылі ваганеткі. Людзі пачалі разыходзіцца. Барыс бачыў, як рэзка крутнуўся Міцька. Ступаў ён шпарка, шырока, і таму постаць яго ў новым камбінезоне здавалася не такой шчуплай і малой.
Пасля змены Гармач падышоў да «Мятлы», доўга разглядаў карыкатуру. Потым плюнуў і пакрочыў за прахадную.
Паблукаўшы з паўгадзіны па вуліцы, Гармач зноў вярнуўся на завод. Усе ўжо разышліся. Ён сарваў «Мятлу», чыркануў запалкай. Бойкае полымя ўхапілася за паперу.
***
Навальніца, што прашумела пад вечар, аддалялася. Маланкі не змяіліся, бліскалі жаўтлява-ружовымі зарніцамі. Перуны грукаталі глуха. У асвежаным паветры пахла ліпай.
У ціхім завулку панавала маўклівасць. Толькі чуваць было, як на галоўнай вуліцы гулі аўтамашыны ды ў балацянках за Дняпром, што падступаў да агародаў, надрываліся жабы. Гармач стуліўся за глухой сцяной драўлянага дома з неасветленымі вокнамі. Прыхінуўся спіной да халаднаватых бярвенняў, сцішыўся. Дастаў папяросы, закурыў.
У высокім небе праляцела знічка. Барыс прасачыў за яе следам. Падала яна імкліва, адно імгненне. Яму падалося, што і ў яго ўсярэдзіне штосьці сарвалася — так працяло душу нейкім тупым болем.