Прыглушаныя адлегласцю, пачуліся крокі. Барыс сіліўся ўявіць, як Міцька, убачыўшы яго, кінецца наўцёкі. А ён будзе даганяць Міцьку.
Злавіўшы сябе на гэтай думцы, Гармач збянтэжыўся: адчуваў, што прага помсты крыху аслабела.
Нешта халоднае, бы восеньскі дождж, зацякала яму за каўнер сарочкі. «3 ракі сырасцю пацягнула, відаць, туман упаў». Барыс патаптаўся на месцы, пацёр далонямі шчокі.
Крокі чуліся ўсё бліжэй. Барыс глыбока і шумна ўздыхнуў. 3 прыкрасцю адчуў, што яго ахапіла неадольнае жаданне папярэдзіць: «Не падыходзь. Няўжо не адчуваеш, што цябе чакае?«
А Міцька ішоў…
***
Высока ў небе зрэдку праплывалі лёгкія, пушыстыя хмаркі. Раніца блішчала расой. Міцька ішоў на завод. Ступаў імкліва і лёгка, як чалавек, які выбраўся ў прыемную і шчаслівую дарогу. Каля глухой сцяны старога дома ён нечакана ўбачыў вытаптаную траву і мноства акуркаў. «Відаць, закаханаму нейкаму не пашанцавала,— падумаў і ўсміхнуўся.— Нерваваўся, чакаў, а яна не прыйшла».
Міцька сам не заўважыў, як стаў думаць пра Клаву. Успомнілася першая сустрэча з ёю.
Дзяўчына таксама паступала на фізмат на завочнае аддзяленне. У калідоры было тлумна. Прытуліўшыся плячамі да сцяны, Міцька ні на каго не звяртаў увагі, у думках прыгадваў формулы. Падсвядомае чуццё, быццам за ім нехта назірае, прымусіла яго павярнуць галаву. Сустрэўся позіркам з дзяўчынай. Яна таксама стаяла ў баку ад іншых, заклаўшы палец між аркушамі кнігі. Усміхнулася, раскрыла кнігу, стала чытаць.
Потым яны часцяком сустракаліся ў інстытуце. У такія мінуты Міцьку, здавалася, нічога не трэба было — абы толькі праменіліся яе вочы, прыхільна ўсміхаліся губы. Аднойчы яны хадзілі разам у кіно…
Ці не спазняецца ён на работу? Міцька пайшоў шпарчэй. I яшчэ здаля ўгледзеў на аўтобусным прыпынку Клаву і Барыса. Тугой хваляй хлынула ў сэрца трывога.
Пазнаёміў ён Клаву з Барысам у парку. Смешна неяк адбылося тое знаёмства… Барыс падышоў да клумбы, каля якой Клава і Міцька любаваліся кветкамі. Непадалёку ад іх, высалапіўшы язык, сядзеў лахматы пудзель.
— Які прыгожы сабачка! — усклікнула Клава.— Вось бы мне такога!
— Дык я зараз яго злаўлю.— Барыс кінуўся да сабакі. Той спалохана шарахнуўся ўбок, а Клава весела зарагатала.
— Нічога, другі раз не ўцячэ,— запэўніў Барыс.— Я не такога звера магу злавіць. Бегемота, кракадзіла магу…
Застаўшыся потым удвух з Міцькам, ён сказаў:
— Мне што — пабалбатаў і пайшоў. А ты цяпер палюй на сабак. Глядзі, ёй яшчэ і тыгра захочацца. У Індыю пашле цябе…
Цяпер вось — такая нечаканасць. Барыс і Клава — разам.
Не даходзячы да аўтобуснага прыпынку, здаля, Міцька прытворна весела прывітаўся. Потым сказаў:
— Пешкі пайшлі. Чаго стаіцё? Тут жа недалёка.
Барыс узяў Клаву за локаць, прытрымаў.
— Нам з табой не па дарозе,— выгукнуў ён зухавата.
Нешта сціснулася ў Міцьку ўнутры, у скронях часта, моцна застукала. Клава загаварыла штосьці, але ён не стаў яе слухаць. Шпарка, не азіраючыся, пакрочыў.
Ляцелі дні. Барыс імкнуўся выглядаць вясёлым, ды гэта яму не заўсёды ўдавалася. Ён адчуваў сябе вінаватым перад людзьмі, з якімі разам працаваў. Хацелася хутчэй неяк загладзіць гэтую няёмкасць, але зацятае самалюбства перашкаджала яму павініцца.
Гармача не павучалі, не патрабавалі ад яго нічога, не загадвалі. I ўсё ж ён разумеў: яму не даравалі, кожны яго крок у калектыве — пад пільнай увагай. Рабі, як сам ведаеш, а мы паглядзім, што з цябе далей будзе… Хай бы лепш выхоўвалі, цягнулі жылле, тады б ён таксама не папусціўся… Каб сўпакоіць сябе, аблегчыць душу, ён спадзяваўся: усё гэта ўляжацца, перабаліць, пройдзе.
У пачуццях да Міцькі спляліся злосць і непрыязнасць, прага помсты. Хіба зноў яго падцікаваць ды ўсё ж надаваць па карку? Не, біцца Барыс не будзе. Тады не паднялася рука, дык наўрад ці ў дрўгі раз падымецца. Лаяцца — таксама нягожа. А вось паздзекавацца можна. Клаву адбіць… Як даведаюцца ў цэху, во парагочуць.
Міцька пры сустрэчах з Барысам адводзіў позірк, яго шэрыя вочы халодна бліскалі спадылба. Трымаўся спакойна і ўпэўнена. «Архіп натхняе»,— думаў Гармач.
Сам Архіп Бортнік паводзіў сябе неяк няпэўна. Калі Барыс размаўляў з ім, здавалася, што ўсмешка патроху кралася да Архіпавых суровых вачэй. I Гармачу цяплела. А Бортнік і сапраўды іншы раз усміхаўся. Толькі заўсёды ў такіх выпадках без ніякай сувязі з тым, пра што вялася гаворка, дадаваў:
— Кажаш, ляцелі ад цябе, як трэскі? Дык гэтаж яшчэ ад п’янага, а каб ты цвярозы быў?
Барыс, крутнуўшыся, ішоў прэч і ў думках лаяў Бортніка самымі абразлівымі словамі.