Выбрать главу

Аднойчы, калі Архіп у перазменку падышоў да Міцькі і пачаў яму штосьці ажыўлена расказваць, Гармач міжвольна спыніў погляд на Архіпавых пальцах. Якія яны? Не, не вузлаватыя. I ён злавіў сябе на думцы, што з незразумелай трывогай шукае руку з вузлаватым пальцам. Хто гэта так пагрозліва ківаў яму за тое, што сарваў «Мятлу»?

3 Клавай Барыс сустракаўся ўсё часцей і часцей. Дзяўчына працавала на швейнай фабрыцы. Іншы раз Барыс чакаў яе каля фабрычнай прахадной і праводзіў дадому. Хадзілі разам на танцы і ў кіно. Калі былі ўдваіх, трывога і няўпэўненасць сплывалі з яго душы. Але Клава сама часам рабілася замкнёная і сцішаная. Падоўгу задумліва маўчала.

***

Забаўляўся цёплы жнівеньскі ветрык: гойдаў галінкі, надзімаў тонкую кашулю, прыемна халадзіў цела. Як і тыдзень, і месяц таму назад, у парку весела звінелі і спявалі блішчастыя медныя трубы.

Барыс нетаропка пахаджваў па алеях. Неспакойнымі вачамі ён узіраўся ў людскую плынь. Кагосьці шукаў. Але не Клаву. Яна не прыйдзе. Сказала, будзе рыхтавацца да сесіі ў інстытуце.

Пахадзіўшы, ён сеў на лаўку пад густым клёнам. 3 кветкі на клумбе ўзляцеў бухматы чмель. Гудзеў натужліва, быццам яму цяжка было ад таго, што напіўся нектару. «Відаць, недзе недалёка дамоўка яго»,— падумаў Барыс.

Ён пасядзеў з мінуту і выйшаў на алею. У галаве роіліся нейкія супярэчлівыя неспакойныя думкі. Было такое ўражанне, быццам ён адракаўся ад нечага.

Вочы яго ўсё шукалі кагосьці сярод людзей. Ці не таго цыбатага ў акулярах няўклюду? А можа, Міцьку?.. Не прыкмеціў, як яго пацягнула ў шахматны павільён. Міцька любіць карпець над шахматамі…

У парку голасна заліваліся трубы, звонкая мелодыя ляцела над горадам, над зарэчным сонечным прасторам. Барыс слухаў гэтую мелодыю, і яму чамусьці здавалася, што ідзе ён да павільёна доўга-доўга.

***

— Вось і ўся гісторыя,— уздыхнуўшы, сказаў Гармач.— Трошкі сумная, трошкі смешная.

Вечар хаваў у прыцемкі наваколле. Заводскі клуб застаўся далёка, а мне хацелася ўсё ісці і ісці. Я быў рады пазнаёміцца з Барысам і Міцькам. У іх пачалася новая, моцная дружба.

Барыс перамог сваю ганарыстасць. У шашачным павільёне ён тады сустрэў не Міцьку, а таго пакрыўджанага ім юнака. Падышоў да яго, бадзёра сказаў:

— Згуляем партыю?

Той пазіраў на яго сурова. I Барыс ціха дадаў:

— Даруй мне, калі можаш.

Назаўтра на цэхавым сходзе вылучалі кандыдатуры ў склад таварыскага суда. Прапаноўвалі, спрачаліся.

— А ты чаго маўчыш, Барыс? Нейкі ты задужа рахманы стаў апошнім часам,— падкалупнуў хтосьці Гармача.— Вылучай вунь Міцьку, глядзіш — і спатрэбіцца дружбак у судзе.

Грымнуў рогат.

Барыс азірнуўся, устаў.

— А чаго? Вылучаю Мурашкіна,— сказаў і, усміхнуўшыся, паціснуў плячамі, быццам дадаў: «От вы не верыце!..»

Засмяяліся яшчэ весялей. Не паверылі.

— Я сур’ёзна, сапраўды сур’ёзна…

У зале стала ціха-ціха.

…Я развітаўся з сябрамі. I тады пачуў, як кажуць юрысты, «апошняе слова» Гармача:

— Праўду, грамадзянін суддзя, гаворыць прымаўка: грамада падзьме — вецер будзе…

Падумаў: «Што ні кажы, а душа чалавека — сусвет. Дзякуй вам, хлопцы: вы сёння мне адкрылі нейкую новую часцінку сусвету».

ПАКАЗАЛЬНЫ ПРАЦЭС

Неба было глыбокае і сіняе. 3-за невялікай хмары выглянула сонца, вясёлыя водсветы праменняў заблішчалі ў вільготных лісцях. Моцна прыпякала, і над змочаным дажджом асфальтам курылася цёплая пара. 3 карнізаў дамоў нёсся вясёлы птушыны гармідар.

3 завулка, ледзь не наляцеўшы на мяне, выскачыў хлопец. Высокі, стройны, з пышнай прычоскай каштанавых валасоў. Карыя вочы — па сліве. Сарачынскі. Ён прывітаўся, усміхнуўся. I мне прыгадалася: тады ён не смяяўся — паглядваў неспакойна, непрыязна, вострым позіркам. Напружаная пастава — як прыкры знак нядобрай упартасці.

…Чэрвеньскім вечарам, у ахвоту намахаўшыся спінінгам, я сядзеў на беразе Дняпра ля агню. Жоўтыя шматкі полымя жвава паласкаліся ў сініх загусцелых прыцемках. За ўзлобкам, у лагчыне, пазвоньваючы званочкам, пасвіўся конь лугавога аб’ездчыка. У прыбярэжных кустах рыпелі драчы. Здалёк, з другога канца лугу, даносілася песня. Моцныя мужчынскія галасы цягнулі высока і звонка.

Сарачынскі з’явіўся нечакана, бясшумна.

— Прывітанне паўночніку! — Ён спыніўся ля агню.— Чаму пляшкі не відаць, паху юшкі не чуваць? — Стаяў, шырока расставіўшы ногі. У скураной куртцы, у брызентавых штанах, запраўленых у гумавыя боты. У руцэ ў яго быў спінінг, на рэмені вісела некалькі ладных шчупакоў.

— Ці нічога не выцягнуў, бедалага? — Пазнаўшы мяне, ён збянтэжыўся: — Таварыш суддзя? Не чакаў, даруйце.