— Прызнацца, і я не чакаў,— пажартаваў я.
Сарачынскі намацаў у кішэні папяросы, узяў адну. Не прыкурваючы, загаварыў:
— А вы скора мяне будзеце судзіць.—Папяроса падскоквала, заціснутая ў кутку рота.
Я маўчаў;
— Пакуль вы хварэлі, ваш калега мяне ўжо судзіў. Нізавошта, даруйце, прысабачыў з беднага Івана сорак рублёў. Дык жа пракурору і гэтага паказалася мала, перадаў справу ў вобласць. Кажа, у пагашэнне страты, калі яна не ніжэй адной трэцяй часткі месячнага заробку віноўніка, закон дазваляе спаганяць адну трэцюю частку. А мой жа заробак — сто пяцьдзесят рублёў. Значыць, з мяне паўсотні — так? Учора абласны суд адмяніў рашэнне. Сказалі, усё вам перашлюць на перасуджэнне. Праверыць, удакладніць. «Казёл» не па маёй віне зварыўся, а мяне цягаюць.
Ён памаўчаў, рухам вуснаў перакінуў папяросу ў другі куток рота і загаварыў зноў:
— Не зразумею ніяк. Адзін суд прысудзіў, кіруючыся законам. Другі адмяніў таксама на законнай падставе. I трэці будзе судзіць па закону. Выходзіць, у кожнага суддзі і пракурора свае законы, ці як?
— Законы адзіныя для ўсіх. У вашай справе, напэўна, народны суд штосьці ўпусціў, не праверыў, таму абласны суд і адмяніў рашэнне,— адказаў я.
— Цяпер вы, вядома, прысудзіце на поўную катушку, як патрабуе пракурор. От ваша і праўда будзе. Вельмі яна гарачая — абпальвае.
— Калі, скажам, абпальваюць сырэц у гофманскай печы — ён становіцца цэглай. Вось і праўда такі агонь — як у гофманцы.
Звінелі камары. Сарачынскі хлопнуў сябе па шчацэ, пацягнуў руку і паглядзеў на далонь. Жмурачыся, ён з мінуту штосьці прыкідваў у думках.
— Відаць, правільна гавораць: закон, як дышла, куды павярнуў, туды і выйшла.— Ён прысеў, узяў галавешку, прыкурыў. Развітаўся і ступіў у цемру.
Я падкінуў ламачча ў агонь. Полымя спачатку асела, потым успыхнула ярчэй. Я глядзеў, як яно скакала. І думаў пра тое, што сказаў Сарачынскі. Штосьці надавалася ў душы чалавека. Паспрабуй цяпер «залячыць» тую рану, даказаць зняверанаму, што законы непахісныя.
Рака быццам пакрылася палогам — гэта павіс над ёю туман, сыры і сцюдзёны. Агонь мой дагараў. Я ўстаў, закінуў на плячо спінінг і пайшоў да пераправы.
Праз тыдзень прыйшла з абласнога суда справа Сарачынскага. Я ўважліва пазнаёміўся з ёю і зноў адчуў: варухнуўся ў душы прытоена-зацяты неспакой. Ну, разбяром мы яе, як кажуць, па костачках. Можа здарыцца, што прысудзім з адказчыка грошы, і нават больш, чым было прысуджана першы раз. Ён заплаціць іх, а не — дык судовы выканаўца спагоніць. Страта будзе пагашана, але ж каб не сталася, што засядзе ў чалавеку злыбедная раавага: аднаму захацелася — сорак садраў, другому знаравілася — болей размахнуўся. Так і будзе, як шашаль, тачыць яго зняверанасць да суда. Як жа правесці працэс, каб ён раскрыў вочы ўпартаму сябелюбу, абразуміў яго?
Нечакана, мусіць, ад стомленасці, мяне ахапіла незнаёмае дагэтуль пачуццё: чаму я павінен залішне думаць, турбавацца пра ўсялякага? Ссівеў ад такіх клопатаў не ў пару. Натварыў каторы — няхай сам і расхлёбвае, пачухае патыліцу, як у сабе годнасць чалавечую захавапь. Мой абавязак — рассудзіць правільна, па закону. Хварэць душой за кожнага — на ўсіх не хопіць… Але гэтыя разважанні не супакоілі. Наадварот — дадалі прыкрасць ужо на сябе. Дабрадзей, так высільваешся… Дык жа народам абраны, давер’ем надзелены! Як жа інакш!
Памеркаваўшы, параіўшыся ў парткоме фанерна-мэблевага камбіната, я вырашыў, што справу Сарачынскага варта разглядаць у клубе мэбельшчыкаў. На камбінаце ён працуе, там яго ведаюць. Няхай паслухае, як людзі расцэньваюць яго ўчынак. I мне гэта будзе карысна: нідзе ж няма столькі адкрытасці і шчырасці, як у калектыве, калі там выказваюць грамадскую думку жывымі словамі.
Суд пачаўся надвячоркам. Народу ў клуб найшло поўна. Сарачынскі праціснуўся, сеў на першую лаўку, не чакаючы выкліку. Скасавурыў позірк, камусьці міргануў: маўляў, ведаю ўсё, не разявака.
На пытанні ён адказваў з прытворнай наіўнасцю.
— Як жа я магу іск прызнаць, калі «казёл» не па маёй віне зварыўся, а з прычыны матэрыялаў? — гаварыў, паціскаючы плячамі.— Не прызнаю.
«Казлом» называлі непрыгодны для вырабу драўляна-стружкавых пліт згустак смалы.
Тлумачыў Сарачынскі адно: матэрыялы няякасныя былі.
— А хто храпака задаваў ля акна, калі ў катле булькала? — бліснуў шкельцамі акуляраў ісцец — прадстаўнік камбіната аператар Максім Ермакоў.— Можа, прызнаешся ўсё ж?
Сарачынскі не паказаў крыўды.
— Дзядзя спаў. Зразумеў? — Насмешліва зірнуўшы на Ермакова, ён павярнуўся, пераможна агледзеў залу.