Выбрать главу

— Ты вось і тут… Ну, навошта так… Перастань, Іван, куражыцца,— мякка гаварыў Ермакоў.— Зглуміў матэрыял — заплаці. Не мані, не кладзі плямы на сумленне.

Уражаны сяброўскім ладам яго гаворкі, добрай шчырасцю, Сарачынскі нейкі момант здзіўлена маўчаў.

— Ка-азлятнік,— працяжна прагучала ў насцярожанай цішыні. Галовы хутка, як па камандзе, павярнуліся ў той бок, адкуль пачуўся голас.

Сарачынскі пабялеў.

— Хто гэта там яшчэ звягае?

— Ну, я сказаў, ну! — Якаў Прышчэп, рабочы лесацэха, рэзка ўзмахнуў рукой, прапусціў пяцярню скрозь ускудлачаныя сівыя валасы.

Я ведаў гэтага чалавека. Пазнаёміўся з ім, калі рабіў на камбінаце справаздачу аб рабоце суда. Тады Якаў сядзеў на першай лаўцы, крыху схіліўшы галаву, і ўвесь час, пакуль я гаварыў, пільна пазіраў на мяне. Ён меў такі выгляд, што міжвольна звяртаў на сябе ўвагу. Даклад быў даўно скончаны, а Прышчэп не мяняў позы і толькі час ад часу круціў доўгай шыяй, быццам яму штосьці муляла.

3 апошніх радоў пачуліся прапановы аб спыненні спрэчак — усё ясна, з небяспечнымі злачынцамі няма чаго цацкацца, а да тых, хто выпадкова звіхнуўся, трэба літасць праяўляць… Тады Прышчэп, бы нешта ўспомніўшы, устаў.

— У мяне пытанне з’явілася. Вось вы, таварыш суддзя, сказалі, што па хуліганству ў нас у горадзе судзімасць не зніжаецца, і растлумачылі, быццам у гэтым віна грамадскасці. Маўляў, слаба выхоўваем, мала цікавімся жыццём кожнага чалавека. Я вось не разумею, у чым тут мая або, скажам, яго віна.— Ён тыцнуў пальцам у плячо лысагаловага чалавека, які сядзеў побач.— Можа, ты, Сямён, больш разумееш, то скажы?

Сямён недаўменна паціснуў плячамі. Потым марудна сказаў:

— Што ты мяне цягнеш? Узахвоціўся гаварыць, дык гавары.

— А што ж, маўчаць не буду. Хопіць! — I тут жа зноў звярнуўся да мяне: — Вы, грамадзянін суддзя, віну на нас не звальвайце. Грамадскасць… Я не бачыў, каб цвярозы чалавек буяніў. Вось п’яныя — хуліганяць. А каб напіцца — ім усе ўмовы. Вунь яна — забягайлаўка. 3 прахадной — і туды! Некаторыя, не сакрэт, з зарплаты так і робяць. За вуглом такая ж другая. А ў горадзе колькі іх! Дык хто ж тады, выходзіць, вінаваты? Мы з Сямёнам? Трэба, таварыш суддзя, забягайлаўкі на злом. Дома хай каўтне, калі закарціць катораму.— Прышчэп гаварыў такім голасам, быццам прапаноўваў рэцэпт ад усіх бед і няшчасцяў.— Правільна я кажу, Сямён?

— Вядома,— Сямён ахвотна кіўнуў галавой.

Тут, на судзе па справе Сарачынскага, Якаў Прышчэп і Сямён таксама сядзелі побач.

— Чаму вы, грамадзянін Прышчэп, выкрыкваеце, парушаеце парадак у судзе? — пастукаў я алоўкам па стале.

— Вінаваты, грамадзянін суддзя, устрымаюся.

— Ну, табе ж вядома, што матэрыялы былі якасныя, аналіз пацвердзіў. Каго ты хочаш абдурыць? — зноў загаварыў Ермакоў.— Правароніў, недагледзеў — так трэба і сказаць. Мы чакаем ад цябе шчырасці.

— Сказаў — невінаваты. А што аналіз — дык жа лабаранты напішуць, як дырэктар захоча. Ім што?

— Ты разумееш, што гаворыш? — Вочы Ермакова пацямнелі.— Ты ж зневажаеш…

— Нічога, перазімуюць,— Сарачынскі ўхмыльнуўся.

— Не магу ўстрымацца, грамадзянін суддзя, дайце слова,— падхапіўся з лаўкі Прышчэп.— Па завуголлю не люблю гаварыць. Тут скажу.— Яго прыгорбленыя плечы падняліся.

Па зале пракацілася хваля прыглушанага гоману. Трывога і непрыхільнасць, што чуліся ў ім, прымусілі Сарачынскага насцярожыцца.

«На лузе тады ты сказаў, што сумняваешся ў судзейскай аб’ектыўнасці. Дык слухай праўду ад сваіх таварышаў»,— падумаў я.

— Камбінат даў табе, Сарачынскі, вунь што! — Прышчэп аж тузануўся ўвесь.— Рамяство ў руках маеш, тэхнікум завочна асільваеш, а што вытвараеш? Дзе твая сур’ёзнасць?

Сарачынскі перасмыкваў вуснамі, крывіў пагардліва рот.

— Мы з Сямёнам, і ў канкрэтнасці я асабліва, адносімся да твайго казлаварэння і да гэтых вось нягодных паводзін адмоўна. Правільна, Сямён, я кажу?

Сямён засоп, згодна адгукнуўся:

— Не разумею я гэтага Сарачынскага. Кніжкі чытае, па шашках майстар, а адсталы.

Нізаўся гоман. 3 усіх бакоў пачулася:

— Калі б ты купіў шафу ў магазіне, а праз тыдзень фанера расклеілася — як бы ты ўсхадзіўся?

— Маўчыш? 3 дзяржавы, калі што патрабаваць — на поўны голас, а адказ трымаць — анямеў!

— Упарты, як бык!

— Дзе сумленне тваё, Сарачынскі! Цябе народ пытае, адказвай!

— Аштрафаваць казлятніка! — перакрыў гамонку раскацісты бас.— I справе канец. Хай ведае!

Я не стаў стрымліваць людзей: хай паслухае.

Сарачынскі раптам ускочыў, развёў рукамі:

— Што вам усім ад мяне трэба?

— Чалавекам будзь!..

Ён нейкі момант стаяў, потым правёў пакамечанай моднай кепкай па ўспацелым ілбе і рвануўся да выхада. Штурхаўся локцямі і ні на кога не глядзеў.